Прыходзьце ў музей!

- 9:40Культура

Напэўна, няма такога настаўніка або вучня, які хаця б разок не наведваў музей. Калі і ёсць такія, то Тыдзень музеяў устаноў адукацыі, што праходзіць з 18 па 23 кастрычніка, — выдатная нагода выправіць сітуацыю.

“Музей для ўсіх” — пад такім дэвізам каля 1,5 тысячы школьных музеяў ласкава сустракаюць у гэтыя дні гасцей. Для наведвальнікаў праводзяцца музейныя заняткі, выставы-прэзентацыі, лекцыі, круглыя сталы, і, канечне, экскурсіі, прычым не толькі рэальныя, але і ў анлайн-фармаце.

Анлайн 21 і 22 кастрычніка пройдзе і Рэспубліканскі форум музеяў устаноў адукацыі “Памяць народа ў надзейных руках маладых”, на якім будуць прэзентаваны дасягненні музеяў, вопыт рэгіёнаў у музейнай справе. Абмеркаванне прадстаўленага вопыту адбудзецца сёння, 21 кастрычніка, на рэспубліканскай дыялогавай пляцоўцы “Музеі ўстаноў адукацыі ў адукацыйным і сацыякультурным асяроддзі: захаванне традыцый і перспектывы развіцця” і заўтра на круглым стале “Музеі ўстаноў адукацыі: тэндэнцыі, рэаліі, перспектывы”.

Сачыць за трансляцыяй мерапрыемстваў можна на сайце https://patriot.rcek.by.
Больш падрабязна пра работу форуму, выказаныя на ім прапановы, прадстаўлены вопыт чытайце ў наступных нумарах “Настаўніцкай газеты”. І яшчэ: абавязкова прыходзьце ў музей! І не толькі на гэтым тыдні.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.