Прыйсці і застацца

- 9:10Адукацыйная прастора, Навіны рэгіёнаў

Работа з маладымі педагогамі — адзін з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці Брэсцкай гарадской арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, на рахунку якой шмат цікавых практыка­арыентаваных мерапрыемстваў, накіраваных на замацаванне моладзі ў сістэме адукацыі, дапамогу ў прафесійным станаўленні, працоўна­прававую падтрымку і развіццё творчых здольнасцей.

Ва ўзаемадзеянні з сацыяльнымі партнёрамі — аддзелам па адукацыі Брэсцкага гарвыканкама і раённымі ўпраўленнямі па адукацыі горада — прайшоў VІІ Брэсцкі маладзёжны форум педагагічных ідэй і рашэнняў “Педагагічны фэст”, прысвечаны Году гістарычнай памяці. 22 маладыя выхавальнікі і настаўнікі з працоўным стажам да 2 гадоў сабраліся ў сярэдняй школе № 11, каб у нефармальнай атмасферы наладзіць сяброўскія і прафесійныя зносіны, абмяняцца цікавымі напрацоўкамі, атрымаць парады вопытных калег.  

Адкрываючы форум, начальнік гарадскога аддзела па адукацыі А.М.Наскоў адзначыў, што мерапрыемства заклікана дапамагчы моладзі пераканацца ў правільным прафесійным выбары, ства­рыць максімальна спрыяльныя ўмовы для яе станаўлення і замацавання ва ўстановах адукацыі. Але застацца ў прафесіі мала, неабходна стаць яшчэ высакакласным спецыялістам. Дапамагчы ў гэтым — галоўны абавязак вопытных педагогаў, органаў кіравання адукацыяй і прафсаюзнай арганізацыі. 

— Форум адыгрывае важную ролю ў стымуляванні творчай ініцыятывы маладых педагогаў, выяўленні таленавітых настаўнікаў, здольных да актыўнай дзейнасці ў прафесійных педагагічных суполках і пярвічных прафсаюзных арганізацыях, прапагандзе сучасных адукацыйных практык і распаўсюджанні інавацыйных педагагічных ідэй, наладжванні асабістых і прафесійных зносін, — расказала старшыня Брэсцкага гаркама галіновага прафсаюза І.А.Жак.  

Першы прарэктар БрДУ імя А.С.Пушкіна кандыдат педагагічных навук С.М.Севярын засяродзіў увагу на якасці адукацыі як трансдысцыплінарнай праблеме. Пераможца мінулагодняга форуму настаўніца пачатковых класаў Н.В.Цупрунюк з сярэдняй школы № 7 прызналася, што быць маладым спецыялістам — гэта здорава, а маладосць не перашкода для самаразвіцця і руху наперад. Педагог працуе ў школе, выпускніцай якой з’яўляецца, другі год. Былую вучаніцу сустрэлі ва ўстанове як родную. Вопытныя
калегі не адмаўляюць у дапамозе. 

Спачатку было цяжкавата, але Н.В.Цупрунюк ведае, што гэта часова. Маладая настаўніца шчыра радуецца дапытлівым чамучкам і натхнёна вядзе іх у краіну ведаў, развіваецца разам з выхаван-
цамі.  

— Настаўнік пачатковых класаў — шматгранная асоба, бо выкладае розныя прадметы, — адзначыла педагог. — Каб зацікавіць і заха­піць дзяцей, трэба выкарыстоўваць эфектыўныя метады і прыёмы. Найлепшы вынік даюць традыцыйныя прыёмы работы ў спалучэнні з гульнявой формай і праблемным навучаннем. Акрамя аповедаў, гутарак і дыскусій, дзецям вельмі падабаюцца экскурсіі. Назіраючы за прыродай роднага краю, школьнікі становяцца больш уважлівымі да навакольнага свету, лепш разуме­юць яго законы. Такія ўрокі дапамагаюць выбуда­ваць адносіны па прынцыпе “вучань — настаўнік — сябар — аднадумца”. А класныя і школьныя мерапрыемствы дазваляюць раскрыць творчыя здольнасці. 

Застацца ў прафесіі — мала, неабходна стаць высакакласным спецыялістам.

Н.В.Цупрунюк ведае, што ў яе ўсё атрымаецца. І гэта нядзіўна: ёй давяраюць дзеці, іх бацькі, калегі. Педагог з задавальненнем удзельнічае ў розных конкурсах, якія дапамагаюць у прафесійным развіцці. А ўдзел у прафсаюзным жыцці падабаецца тым, што прыносіць карысць іншым.

Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 20 імя Героя Савецкага Саюза Д.М.Карбышава С.М.Шлома расказала аб прафесійным і творчым развіцці педагогаў праз работу вучэбна-мета­дычных фарміраванняў — школы маладога настаўніка і клуба асобаснага і прафесійнага росту педагогаў. Акрамя таго, ва ўстанове праводзіцца круглагадовы метадычны форум па асваенні сучасных методык і тэхналогій навучання, прэзентацыі дасягненняў. Падчас форуму практыкуюцца розныя формы работы. Сярод іх — “Сусветнае кафэ”, нязмушаная тэматычная размова ва ўтульнай атмасферы (“Структура ўрока”, “Узаемадзеянне педагога з бацькамі”). Матэрыялы форуму публікуюцца ў школьным метадычным зборніку, “Настаўніцкай газеце”, часопісе “Народная асвета” і іншых рэспубліканскіх профільных выданнях. 

Асаблівая ўвага ўдзяляецца прафесійнай мабільнасці. З гэтай мэтай штогод праходзяць педагагічныя дэбаты па актуальных тэмах і праблемах (“Бізун ці пернік у рабоце настаўніка”, “Традыцыі ці інавацыі: як здолець усё сумясціць”). Маладыя класныя кіраўнікі адточваюць майстэрства падчас метадычнага марафону, які дазваляе вызна­чыць аптымальныя метады іх работы. У школьнай бібліятэцы працуе метадычная гасцёўня, дзе можна азнаёміцца з навінкамі метадычнай і мастацкай літаратуры. 

У рамках сеткавага ўзаемадзеяння ўстанова цесна супрацоўнічае з гарадскім адукацыйна-псіхалагічным цэнтрам “Інсайт”. Педагогі выраша­юць практычныя задачы, звязаныя з узаемаадносінамі з дзецьмі (“Цвёрдасць без агрэсіі: сістэма патрабаванняў настаўніка”, “Развіццё крытычнага мыслення ў школьнікаў”). Рэгулярна ладзяцца міжнародныя метадычныя масты з установамі адукацыі Германіі і Расіі па абмене перадавым вопытам і распаўсюджанні інавацыйных тэх­налогій (“Рух на ўроку”, “Прадукт-­арыентаванае навучанне”, “Камунікатыўная накіраванасць урока замежнай мовы”). 

Практыкуецца штогадовая метадычная алімпіяда для падтрымкі прафесійных патрэб у самарэалізацыі і пашырэнні прафесійна-педагагічнай эрудыцыі. Кожныя 2 гады праходзіць конкурс “Малады настаўнік школы” для актывізацыі творчых здольнасцей маладых спецыялістаў і іх замацавання ва ўстанове. Карыстаецца папулярнасцю метадычны конкурс “Лепшы аратар школы” на розныя тэмы (“Маё імя — настаўнік!”, “Сіла думкі і яе наступствы”). 

На рахунку маладых педагогаў больш за 15 публікацый у “Настаўніцкай газеце” і метадычных часопісах. Моладзь актыўна ўдзель­нічае ў рэспубліканскіх інавацыйных праектах, дзейнасці раённых метадычных фарміраванняў і маладзёжнага савета гарадской прафсаюзнай арганізацыі. Сярод лепшых — В.А.Стасюк, А.У.Самайловіч, Н.Г.Шчэбет, В.А.Алісава.

— Наш калектыў робіць усё магчымае, каб маладыя педагогі сталі паспяховымі, бо толькі паспяховы настаўнік прывядзе да поспеху не толькі вучняў, але і калег, — заўважыла С.М.Шлома. 

У рамках форуму прайшоў конкурс “Малады педагог: прасунуты ўзровень”, які складаўся з двух этапаў. Падчас першага (завочнага) этапу ўдзельнікі рыхтавалі разнажанравыя відэаролікі працягласцю да 2 мінут на адну з прапанаваных тэм (“Педагог, які на крок наперадзе”, “Вучымся ра­зам” і “Гэта працуе!”), а падчас другога (вочнага) этапу — вусныя выступленні працягласцю да 5 мінут, дзе прэзентавалі цікавыя метады, прыёмы і формы работы, якія эфектыўна выкарыстоўваюць на ўроках і пазакласных мерапрыемствах, дзяліліся думкамі, ідэямі і поглядамі наконт спосабаў удасканалення ўласнай дзейнасці і адукацыйнага пра­цэсу ў цэлым. Публічныя выступленні суправа­джаліся відэафрагментамі вучэбных і пазаўрочных заняткаў. Адчувалася, што моладзь любіць выбраную справу, займаецца ёй натхнёна і ўсвядомлена і кі­даць не збіраецца.

Шмат цікавага і карыснага ўдзель­нікі форуму даведаліся падчас квеста “Калектыўны розум”, які ўяўляў сабой захапляльнае падарожжа па станцыях і майстар-класах “Мы разам!”, “Робім разам — робім самі!”, “Вялікая Айчынная вайна: факты, падзеі, лю­дзі”, “Камандная работа”, “Музычны батл” і “Інтэлектуальная размінка”, арганізаваных 17 членамі маладзёжнага савета гарадской прафсаюзнай арганізацыі і педагогамі сярэдніх школ №№ 9 і 10.  

Уладальнікам гран-пры, заснаваным абкамам галіновага прафсаюза, стаў настаўнік хіміі Д.І.Місюля з сярэдняй школы № 24. Дыплом І ступені атрымала настаўніца пачатковых класаў Д.А.Радзіна з сярэдняй школы № 26. На 2-м месцы — настаўніца англійскай мовы Я.А.Мелюх з сярэдняй школы № 13 імя В.І.Хована і настаўніца беларускай мовы і літаратуры А.С.Фурсевіч з сярэдняй школы № 18, на 3-м — настаўніца геаграфіі А.Л.Валынчыц з сярэдняй школы № 8 імя Героя Беларусі У.М.Карвата. Іншыя педагогі былі адзначаны ў пэўных намінацыях. Акрамя дыпломаў, удзель­нікі атрымалі грашовыя прэміі.

“Настаўніцкая газета” абавязкова раскажа пра пераможцаў на сваіх старонках.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.