Прыйсці ў прафесію і застацца ў ёй

- 11:39Якасць адукацыі

Работа з маладымі педагогамі — адзін з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці Брэсцкай гарадской арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, на рахунку якой шмат цікавых практыка-арыентаваных мерапрыемстваў, накіраваных на замацаванне моладзі ў сістэме адукацыі, дапамогу ў прафесійным станаўленні, працоўна-прававую падтрымку і развіццё творчых здольнасцей.

Нядаўна пры падтрымцы аддзела адукацыі, спорту і турызму Брэсцкага гарвыканкама прайшоў ІІІ Брэсцкі маладзёжны форум педагагічных ідэй і рашэнняў “Педагагічны фэст”. 40 маладых выхавальнікаў, настаўнікаў і педагогаў дадатковай адукацыі з працоўным стажам да 2 гадоў сабраліся ў дзіцячым рэабілітацыйна-аздараўленчым цэнтры “Колас” і дзіцячым аздараўленчым лагеры “Салют”, што ў Кобрынскім раёне, каб у нефармальнай абстаноўцы наладзіць сяброўскія і прафесійныя зносіны, абмяняцца цікавымі напрацоўкамі і атрымаць парады ад вопытных калег. Другі раз у мерапрыемстве ўдзельнічалі педагогі з устаноў адукацыі Партызанскага раёна Мінска.

Адкрываючы форум, начальнік гарадскога аддзела адукацыі, спорту і турызму А.М.Наскоў адзначыў, што асноўная задача мерапрыемства — дапамагчы маладым педагогам пераканацца ў правільным прафесійным выбары і стварыць максімальна спрыяльныя ўмовы для іх прафесійнага станаўлення і замацавання ва ўстановах адукацыі. Але застацца ў прафесіі мала, неабходна стаць яшчэ кампетэнтным спецыялістам. Дапамагчы ў гэтым моладзі — галоўны абавязак вопытных педагогаў, органаў кіравання адукацыяй і прафсаюзнай арганізацыі. А.М.Наскоў лічыць, што з цягам часу форум стане іміджавым мерапрыемствам не толькі ў Брэсце, але і ў вобласці.

— Форум адыгрывае важную ролю ў стымуляванні творчай ініцыятывы маладых педагогаў, выяўленні таленавітых настаўнікаў, здольных да актыўнай прафесійнай дзейнасці, прапагандзе сучасных адукацыйных практык і распаўсюджванні інавацыйных педагагічных ідэй, — расказала старшыня Брэсцкага гаркама галіновага прафсаюза І.А.Жак.

Загадчыца кафедры педагогікі БрДУ імя А.С.Пушкіна кандыдат педагагічных навук Т.А.Кавальчук засяродзіла ўвагу на развіцці сацыяльных кампетэнцый асобы ў адукацыйным працэсе. Таццяна Аляксандраўна акрэсліла праблемы, звязаныя з паспяховай сацыялізацыяй моладзі, і вызначыла шляхі іх вырашэння.

Дэкан факультэта замежных моў БрДУ імя А.С.Пушкіна кандыдат педагагічных навук С.М.Севярын гаварыў пра ролю кампетэнтнаснага падыходу ў павышэнні якасці адукацыйнага працэсу. Сяргей Мікалаевіч лічыць, што без пастаяннага развіцця прафесійных кампетэнцый немагчыма дасягнуць высокіх вынікаў у педагагічнай дзейнасці.

Цікавым вопытам работы з маладымі педагогамі падзялілася начальнік упраўлення адукацыі адміністрацыі Партызанскага раёна Мінска Л.А.Філіповіч. Штогод ва ўстановы адукацыі гэтага раёна прыходзіць каля 50 маладых спецыялістаў, але толькі 5—7% з іх — мужчыны. Работа з маладымі кадрамі — адзін з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці раённай метадычнай службы.

— Выпускнікі ўніверсітэтаў валодаюць глыбокімі тэарэтычнымі ведамі, асновамі методыкі і выхавання, але не заўсёды гатовы да вырашэння педагагічных і псіхалагічных праблем, з якімі сутыкаюцца ў практычнай рабоце, адчуваюць пэўныя цяжкасці ў фарміраванні індывідуальнага педагагічнага стылю, — адзначыла Л.А.Філіповіч. — З 2014 года ў раёне дзейнічае “Школа пачынаючага настаўніка”, задача якой заключаецца ў арганізацыі сістэмнай метадычнай падтрымкі маладых педагогаў па асваенні найбольш рацыянальных метадаў і прыёмаў навучання і выхавання дзяцей з улікам дасягненняў сучаснай педагагічнай навукі і эфектыўнай педагагічнай практыкі. Акрамя таго, школа дае магчымасці для прафесійных зносін, сумеснага пошуку рашэнняў розных праблем і абмену вопытам. Заняткі праходзяць на працягу навучальнага года, што дазваляе арганізаваць сістэмную работу з маладымі спецыялістамі па вядзенні школьнай дакументацыі, планаванні вучэбнай дзейнасці, канструяванні розных тыпаў урокаў, выкарыстанні актыўных метадаў і прыёмаў, вырашэнні праблемных педагагічных сітуацый. Шмат увагі ўдзяляецца пытанням, звязаным з паспяховай адаптацыяй маладых педагогаў. З гэтай мэтай праводзяцца спецыяльныя заняткі па сістэматызацыі ведаў па падрыхтоўцы, правядзенні і ацэнцы эфектыўнасці сучаснага ўрока, узаеманаведванне ўрокаў і майстар-класы вопытных калег.

Па словах Л.А.Філіповіч, пасля 2-гадовай адпрацоўкі ва ўстановах адукацыі раёна застаецца каля паловы маладых педагогаў. Для замацавання кадраў прымаюцца меры сацыяльнай падтрымкі. Так, на працягу 2 гадоў пасля абавязковай адпрацоўкі маладыя настаўнікі атрымліваюць штомесячную даплату да заробку ў памеры дзвюх базавых велічынь. Вырашаюцца жыллёвыя пытанні моладзі, аказваецца падтрымка ў павышэнні кваліфікацыі і кар’ерным росце. Так, 60% намеснікаў дырэктара па выхаваўчай рабоце школ раёна — гэта педагогі ва ўзросце да 30 гадоў.

Дырэктар сярэдняй школы № 13 імя В.І.Хована Г.П.Валынец расказала пра арганізацыю работы з маладымі спецыялістамі праз агульнашкольную сістэму грамадзянска-патрыятычнага выхавання. Настаўніца беларускай мовы і літаратуры В.В.Дзяйнека з гэтай установы адукацыі прывяла ўласную формулу прафесійнага поспеху, якая заключаецца ў правядзенні эфектыўнай урочнай і пазакласнай работы, дакладна прадуманым класным кіраўніцтве, цесным узаемадзеянні з бацькамі вучняў і няспыннай самаадукацыі.

У рамках форуму прайшоў конкурс “Адкрый сябе”, які складаўся з двух этапаў. Удзельнікі афармлялі буклеты на агульную тэму “Прафесійнае станаўленне маладога педагога”, дзе закраналіся пытанні прэстыжу настаўніцкай прафесіі, паспяховай дзейнасці, узаемаадносін з дзецьмі і вопытнымі калегамі, прафесійнай камунікацыі. Падчас публічных выступленняў педагогі з дапамогай відэапрэзентацый расказвалі пра шлях у прафесію і свае адносіны да яе, жыццёвыя прыярытэты і планы на будучыню, дзяліліся цікавым вопытам работы і метадычнымі распрацоўкамі. Адчувалася, што моладзь любіць выбраную справу, займаецца ёй натхнёна і ўсвядомлена і кідаць не збіраецца.

Пераможцамі конкурсу сталі настаўнік геаграфіі Аляксандр Уладзіміравіч Самайловіч з гімназіі № 5, настаўнік гісторыі Уладзіслаў Германавіч Жуланаў з сярэдняй школы № 9, настаўніцы пачатковых класаў Вікторыя Уладзіміраўна Галоўчык з сярэдняй школы № 26 і Марыя Сяргееўна Дубянецкая з сярэдняй школы № 15, выхавальніца Кацярына Віктараўна Пухнарэвіч з Брэсцкай санаторнай школы-інтэрната, настаўніца музыкі Наталля Рыгораўна Ачапоўская з сярэдняй школы № 13 імя В.І.Хована, настаўніца пачатковых класаў Таццяна Уладзіміраўна Ільютчык з сярэдняй школы № 30 імя Д.Б.Гвішыяні, настаўніца англійскай мовы Настасся Мікалаеўна Падлеская з сярэдняй школы № 3, настаўніца музыкі і гісторыі Ганна Ігараўна Альбіноўская з гімназіі № 6 імя Маршала Савецкага Саюза Г.К.Жукава і настаўніца пачатковых класаў Ірына Анатольеўна Сідарэвіч з сярэдняй школы № 22. Іншыя педагогі былі адзначаны ў пэўных намінацыях.

Шмат цікавага і карыснага ўдзельнікі форуму даведаліся на майстар-класах “Дыскусійныя метады на ўроках”, “Арганізацыя сеткавага ўзаемадзеяння” і “Класны кіраўнік — ключавая фігура выхаваўчага працэсу”, дзе сакрэтамі прафесійнага майстэрства з моладдзю дзяліліся вопытныя педагогі: настаўніца гісторыі С.Л.Зялінская з ліцэя № 1 імя А.С.Пушкіна, настаўніца англійскай мовы Т.Ф.Сталева з сярэдняй школы № 26, намеснікі дырэктара па выхаваўчай рабоце Ж.М.Лапыка з сярэдняй школы № 8 імя Героя Беларусі У.М.Карвата і Н.М.Дзенісюк з сярэдняй школы № 33.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.