Прыклад для іншых краін па развіцці ўзаемавыгадных кантактаў

Адносіны Беларусі з Азербайджанам развіваюцца вельмі энергічна і пры вялікай шчырай зацікаўленасці кіраўнікоў дзвюх дзяржаў і ўрадаў. Аб гэтым заявіў намеснік міністра замежных спраў Беларусі Андрэй Дапкюнас у інтэрв’ю haqqin.az.

“Наша супрацоўніцтва набывае новае вымярэнне, новыя аспекты, перш за ўсё ў гандлёва-эканамічнай галіне. Лічу, што наша супрацоўніцтва можа стаць прыкладам для іншых краін рэгіёна па развіцці ўзаемавыгадных кантактаў”, — сказаў Андрэй Дапкюнас.

Намеснік міністра таксама закрануў тэму ўзаемаадносін Беларусі з Расіяй і ЕС: “Яны для нас перш за ўсё партнёры. Расія — найбліжэйшы саюзнік і аднадумец. З краінамі Еўрасаюза сёння таксама дасягаюцца ўзаемаразуменне і згода. Камусьці гэта можа здацца ўнікальным, але гэта проста нармальная пазіцыя краіны, якая знаходзіцца на скрыжаванні гандлёвых, геапалітычных шляхоў. З суседзямі, якія назаўсёды застануцца з намі, адзіны варыянт паводзін — гэта выбудоўванне роўных, паважлівых, узаемавыгадных і даверлівых адносін з усімі партнёрамі. Не выбіраць, з кім сябраваць і супраць каго, не праводзіць лініі размежавання, а працаваць так, каб дасягаць большага разумення па ўсіх напрамках”.

У час інтэрв’ю размова ішла і пра такія меры палітычнага ўздзеяння, як санкцыі, у сувязі з чым Андрэй Дапкюнас заўважыў: “Якімі б добрымі ні здаваліся матывы для выкарыстання такога інструменту прымушэння, гэта практычна ніколі не вяло да паляпшэння сітуацыі. Санкцыі толькі ствараюць адчуванне нейкага дзеяння, але не дапамагаюць сітуацыі вырашыцца ў пазітыўным ключы. Зразумела, што дыялог іншым разам бывае цяжкім. Да яго цяжка падступіцца. Але, на жаль або на шчасце, гэта адзіны спосаб пошуку згоды. Гэта тое, чым павінны займацца дыпламаты”.

“Кожная новая падзея ў свеце ставіць пад сумненне ўстойлівасць усёй схемы, і дэкларацыі тыпу “я сябрую з тым і з тым” не могуць на працягу стагоддзяў заставацца слушнымі, — заявіў ён. — Кожны дзень нам даводзіцца даказваць крэдытаздольнасць сваёй краіны, заваёўваць давер суседзяў у якасці адказнага партнёра. Беларусь ніколі нікому не пагражала, і мы хочам, каб гэтыя прынцыпы добрасуседства, паважлівых адносін і дыялог краін, незалежна ад іх палітычнай вагі, распаўсюджваліся і ў нашым рэгіёне, і ў цэлым у свеце”.

Беларусь, паводле слоў намесніка міністра замежных спраў, вітае любыя паважлівыя фарматы дыялогу, узаемадзеяння краін рэгіёна з суседзямі, з блізкімі і далёкімі партнёрамі. Таму Мінск зацікаўлены ў прадаўжэнні такога ўзаемадзеяння, у тым ліку з Азербайджанам. “Думаю, ад такога фармату ўзаемадзеяння, як “Усходняе партнёрства” Еўрасаюза, карысць ёсць, таму што яно грунтуецца на прынцыпах справядлівасці, раўнапраўя і паважлівага стаўлення адно да аднаго”, — падкрэсліў Андрэй Дапкюнас.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *