Прыклад для навучэнцаў 

- 17:16Культура

Некаторыя лічаць, што сучасная моладзь бессэнсоўна траціць вольны час на сумніўныя заняткі (падоўгу “завісае” ў сацыяльных сетках, пакутуе ад камп’ютарнай залежнасці), што негатыўна ўплывае на здароўе і псіхіку. Таму неабходна альтэрнатыва. І яна ёсць!

Далёка хадзіць не трэба. Дастаткова пацікавіцца ў выкладчыкаў і майстроў вытворчага навучання Маларыцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці, ці ёсць у іх якое-небудзь хобі.

Жыццёвы вопыт педагогаў паказвае, што вольны час можна праводзіць цікава, разнастайна і з карысцю для сябе. Не важна, якой справай чалавек займаецца для душы, галоўнае, што ад гэтага ён атрымлівае задавальненне і асалоду. Справа, якой захапляешся, павінна напаўняць жыццё пэўным сэнсам, размалёўваць яркімі фарбамі, ствараць станоўчыя эмоцыі. 

Хобі бывае розным. У кожнага з выкладчыкаў і майстроў вытворчага навучання прафліцэя ёсць захапленне. Ва Уладзіміра Галавея і Рамана Морскага — гэта спорт. Сяргей Чыкіта, Валерый Хоміч, Вадзім Чыжэўскі і Міхаіл Пташыц — заўзятыя рыбакі, а апошні яшчэ і грыбнік.

Актыўнае хобі ў Любові Заруцкай: яна любіць падарожнічаць. Жанчына пабывала ўжо ў Расіі, Швецыі, Германіі, Аўстрыі, Вялікабрытаніі, Шатландыі, Італіі, Польшчы, Украіне… 

Любоў Зубоўская — аматар кветак. Іх шмат не толькі ў доме, але і на прысядзібным участку. Асаблівая гордасць — кіпарыс, які яна вырасціла з насення, узятага ў знакамітым садзе А.П.Чэхава ў Ялце.

Андрэй Троц вырошчвае кавуны, дыні і вінаград. На невялікім участку ў 13 сотак расце ўжо больш за 50 гатункаў вінаграднай лазы. 

Ірына Крысіна і Алена Косік у вольны час вяжуць — пруткамі і кручком. 

Уладзімір Няфёдаў выдатна фатаграфуе, прафесійна займаецца відэаздымкай і стварае ўласныя фільмы. 

Надзея Смаль калекцыяніруе фотаздымкі. Бярэш іх у рукі — і здаецца, што ажывае гісторыя, адчуваецца яе подых. З фотаздымкаў можна даведацца, як выглядалі родныя мясціны раней. 

Таццяна Жуліна даўно захапляецца выпяканнем тартоў, якія заўсёды атрымліваюцца прыгожымі і смачнымі. 

Хобі Андрэя Сацюка — рамонт аўтамабіляў. А яшчэ ён — чараўнік, які стварае сваімі рукамі дэкаратыўныя рэчы з металу. Некаторыя з іх упрыгожваюць тэрыторыю прафліцэя. 

Дзмітрый Хільчук на выгляд сур’ёзны і стрыманы чалавек. Але ў яго душы 6 струн. З дзяцінства ён захапляецца ігрой на гітары. І цяпер у гэтым ён непераўзыдзены майстар. Педагог лічыць, што гітара — люстэрка душы гітарыста, якое адлюстроўвае толькі тое, што бачыць.

Таццяна Кароль любіць разгадваць сканворды і збіраць карціны з пазлаў. Гэтаму захапленню ўжо 20 гадоў.

Даўняе хобі і ў Аксаны Мірчук, якая з дзяцінства малюе, а з 10 класа вырабляе розныя сувеніры з прыроднага матэрыялу. А яшчэ яна захапляецца  пляценнем з газетных трубачак. 

Сяргей Пішчык лічыць сваім хобі сельскую гаспадарку: разводзіць курэй, трусоў, кароў, індыкоў… 

Генадзь Масюк — нумізмат і мастак. У яго калекцыі амаль 300 грашовых знакаў з розных краін свету. А яшчэ ён любіць жывапіс. На працягу апошніх 20 гадоў піша карціны, пераважна пейзажы, на якіх адлюстроўвае родныя края­віды.

Дзіяна Чыкіта знаходзіць задавальненне ў навуковай дзейнасці: піша артыкулы ў часопісы, праводзіць розныя даследаванні і апытанні. 

Ірына Сікорская шмат гадоў захаплялася фатаграфіяй. Цяпер аддае перавагу рука­дзеллю і не толькі. Хобі жанчыны — шыццё, пэчворк, тапіярый, работа з салёным цестам, пляценне з газетных трубачак. 

У Сяргея Кавалевіча некалькі хобі. Адно з іх — тэхна-арт, напрамак народнай творчасці, заснаваны на вырабе розных скульптур з непатрэбных кавалкаў металу, дэталей машын і механізмаў. Раней Сяргей Кавалевіч пісаў карціны маслам. Гэта, па яго словах, была праверка ўласных магчымасцей.

Дырэктар ліцэя Алена Талашка выдатна шые, вырабляе лялькі, любіць жывёл. У яе доме жывуць каты і сабакі. А яшчэ яна захапляецца ёгай, стаіць басанож на цвіках…

Навучэнцы ведаюць, што іх педагогі — асобы рознабаковыя і творчыя. Іх захапленні дапамагаюць ім пазбавіцца ад дрэннага настрою, справіцца са стрэсам, супакоіцца, ажыццявіць мары, пашырыць кругагляд, па-іншаму зірнуць  на свет у цэлым і на сваё жыццё ў прыватнасці. Ліцэістам ёсць што пераняць у педагогаў і чаму павучыцца ў іх.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.