Прыклад маралі і чалавекалюбства

- 11:42Імя школы як гордасць Бацькаўшчыны

Як так атрымалася, што ў нашай краіне, якая не мае выхаду да мора, установа адукацыі носіць імя адмірала Георгія Халасцякова? Пра гэта вам з гордасцю раскажуць у сярэдняй школе № 9 Баранавіч.

Наша школа но­сіць імя Героя Савецкага Саюза Г.М.Халасцякова, і гэта сапраўды ўнікальная з’ява для нашай сухапутнай краіны, — адзначае дырэктар установы Юлія Тарасава. — Георгій Мікітавіч — наш зямляк, нарадзіўся ў Баранавічах. Гэта чалавек, які кіраваў флатамі, усё сваё жыццё да апошніх дзён дэманстраваў высокія маральныя якасці, чалавекалюбства. У кровапралітнай аперацыі па вызваленні Малой зямлі падчас Вялікай Айчыннай вайны ён імкнуўся зберагчы жыццё кожнага салдата. Яго жыццёвы шлях — гэта подзвіг ад першага да апошняга дня. Традыцыі ўшанавання славутага земляка былі закладзены даўно. Мы імкнёмся тлума­чыць дзецям, што не ўсе могуць быць героямі, ды і не павінны імі быць, аднак усім трэба любіць малую радзіму, дзе яны нарадзіліся і растуць.  

Дзявятая школа карыстаецца вялікай папулярнасцю ў дзяцей і іх бацькоў. І гэта невыпадкова. Варыятыўнасць навучання тут забяспечваецца праз дзейнасць класаў ваенна-патрыятычнага выхавання, класаў для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і спецыялізаваных па спорце, праз шырокую сетку факультатыўных заняткаў і платных адукацыйных паслуг. 

Афіцэрская служба, жаданне здзейсніць по­дзвіг — мара многіх хлопчыкаў. З 8 па 11 клас у школе дзейнічаюць класы ваенна-патрыятычнага выхавання. У іх межах створаны групы па асновах бяспекі жыццядзейнасці (дарэчы, гэтай традыцыі ўжо больш за 20 гадоў) і групы ваенна-патрыя­тычнай накіраванасці, якія прафарыенту­юць вучняў на паступленне ў сілавыя ўстановы адукацыі. Сюды прымаюцца ўсе жадаючыя. Праўда, вучні веда­юць, што пры здзяй­сненні правапарушэння яны будуць адлічаны. 

Акрамя агульнаадукацыйных заняткаў па прадметах, школьнікі наведваюць факультатывы “Школа абаронцы Айчыны”, “Гатовы Радзі­ме служыць”, якія спрыяюць самавызначэнню і самарэалізацыі вучняў, і яны робяць усвядомлены выбар прафесіі. Фізічнаму развіццю вучняў, фарміраванню навыкаў самаабороны садзейнічаюць урокі па страявой падрыхтоўцы, кулявой стральбе і рукапашным баі. У другой палове дня для вучняў арганізоўваюцца заняткі па інтарэсах “Пажарна-выратавальны спорт”, “Патрыёт”, “Ратавальнік” і інш. Факультатыўныя заняткі ла­дзя­цца на базе падраздзялення МНС. Падумаць аб чысціні душы дапамагаюць урокі праваслаўя. Арганізуюцца сустрэчы з прадстаўнікамі ваенных устаноў адукацыі, наведванне воінскіх часцей. 

— Асноўнай мэтай дзейнасці класаў ваенна-патрыятычнай накіраванасці з’яўляецца не толькі належны ўзровень агульнаадукацыйнай падрыхтоўкі па прадметах, але і, у першую чаргу, фарміраванне патрыятызму, дысцыплінаванасці, фізічнае, маральнае, інтэлектуальнае развіццё, г.зн. фарміраванне ўсебакова развітой асобы навучэнца. Важна паказаць вучням, што яны змогуць быць маральна гатовымі для паступлення ва ўстановы МНС і сілавой накіраванасці, набудуць неабходныя веды і навыкі дзеянняў у надзвычайных сітуацыях, а самае галоўнае — навучацца папярэджваць такія сітуацыі, — гаворыць дырэктар школы.

Дзесяцікласнік Арсеній Пась мэтанакіравана прыйшоў у клас ваенна-патрыя­тычнай накіраванасці, бо хоча пайсці па слядах свайго хроснага, які працуе на авіябазе, і проста трызніць самалётамі, добра разбіраецца ў іх. “Мне вельмі падабаецца вучыцца ў такім класе. На профільным узроўні я вывучаю фізіку і матэматыку, планую паступіць у Ваенную акадэмію, служыць у спецназе, — прызнаецца хлопец. — Больш за ўсё прываблівае менавіта ваенны складнік, у нас ёсць страявая падрыхтоўка, стральба, узмоцненая фізічная падрыхтоўка. Падабаюцца і факультатыўныя заняткі, што праводзяцца на базе гарадскога аддзела МНС”. 

Дзявятая школа славіцца і спецыялізаванымі па спорце класамі, якія адкрыты з 5 па 11 клас. У кожнай паралелі дзейнічаюць па два класы: п —плавальны і с — спецыялізаваны па розных відах спорту (барацьба, гімнастыка, фігурнае катанне, хакей, футбол). Для таго каб быць залічаным у гэты клас, дзіця павінна вучыцца ў спецыялізаванай спартыўнай школе дзяржаўнага ўзору, паказ­ваць спартыўныя дасягненні. Гэта пэўная прапедэўтыка спартыўнай кар’еры. Штогод школа з’яўляецца пераможцай круглагадовай спартакіяды сярод устаноў адукацыі. У гэтым заслуга моцнай кафедры настаўнікаў фізічнай культуры і спорту. Педагогі Мікалай Мікалаевіч Філімонаў, Арцём Віктаравіч Біліба літаральна жывуць дзіцячымі інтарэсамі і  дасягненнямі. 

У школе актыўна развіваецца навукова-даследчая дзейнасць. Выхаванцы настаўніцы рускай мовы і літаратуры Тамары Іосіфаўны Несцяровіч Настасся Юркавец і Паліна Сапун ужо два гады запар заваёўваюць дыпломы на абласной навукова-практычнай канферэнцыі. Вучні ўстановы адукацыі з году ў год становяцца дыпламантамі розных этапаў Рэспубліканскай алімпіяды па фізічнай культуры і здароўі, гісторыі, грамадазнаўстве, працоўным навучанні, англійскай мове. Вынікова працуюць настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Ірына Станіславаўна Міхей, настаўніцы працоўнага навучання Таццяна Пятроўна Бабко, Ірына Валер’еўна Назаранка,  настаўніца англійскай мовы Ілона Іванаўна Новік, настаўніца геаграфіі Наталля Леанідаўна Логіна, настаўніца рускай мовы і літаратуры Наталля Міхайлаўна Волк.

— Мы звычайная школа, і канкурыраваць з гімназіямі па такіх прадметах, як матэматыка, фізіка, нам складана. Мы займаем сваю нішу, — каменціруе Юлія Тарасава. — Алімпіяднікі — гэта штучны тавар, гэта вучні, якія маюць вялікі патэнцыял, які неабходна раскрыць нават у межах звычайнай школы. І здорава, калі ў нас гэта атрымліваецца.

Несумненна, гордасцю школы, яе сэрцам з’яўляецца музей, прысвечаны вялікаму адміралу беларускай зямлі Г.М.Халасцякову. Музей быў створаны намаганнямі настаўнікаў і вучняў. Ён дзейнічае ўжо 33 гады, аднак 3 га­ды назад пад кіраўніцтвам Ю.М.Та­расавай адбылася яго маштабная рэканструкцыя і мадэрнізацыя. Пры ўвахо­дзе ў музей гасцей сустракае стэнд, на якім размешчаны марскія вузлы, і любы жадаючы можа паспрабаваць свае сілы ў іх завязванні. Падлога музея аформлена ў выгля­дзе карты. Наведвальнікі бачаць тыя месцы, дзе ваяваў адмірал: Чорнае мора, Новарасійск, Геленджык. Колеравае афармленне музея вытрымана ў адценнях сіняга. Госці могуць пазнаёміцца з асноўнымі вехамі жыцця адмірала, яго подзвігамі падчас вайны, з гісторыяй роднага горада. Ёсць у музеі і ўнікальныя экспанаты: кіцель і фуражка Г.М.Ха­лас­ця­ко­ва, часопісны стол і крэсла з яго рабочага кабінета, ваенна-палявы тэлефон з запісам выступлення адмірала. Сапраўднае захапленне выклікаюць макеты караблёў, створаныя рукамі школьнікаў. Сярод іх — копія парусніка “Метэор” з кабінета Г.М.Халасцякова ў Маскве. 

Музей неаднаразова адзначаўся граматамі і падзякамі, атрымліваў перамогі ў разнастайных конкурсах. У ім праводзяцца музейныя ўрокі, класныя гадзіны, вя­дзецца краязнаўчая і пошукавая работа. Дарэчы, знаёмства першакласнікаў са школай пачынаецца менавіта з музея. 

— Важна, каб па заканчэнні школы нашы вучні сталі сапраўды выхаванымі людзьмі і дастойнымі грамадзянамі сваёй краіны, — заўважае Юлія Тарасава. — Школа павінна стаць першай прыступкай на шляху да паспяховай сацыялізацыі кожнага чалавека.

Адзін з напрамкаў работы музея — наладжванне культурных сувязей, сацыяль­нае ўзаемадзеянне. Дыстанцыйныя формы работы дапамагаюць устанавіць сувязь паміж музеямі з розных школ, асабліва калі яны знаходзяцца на вялікай адлегласці. Відэамасты, анлайн-сустрэчы дазваляюць праводзіць анлайн-экскурсіі, пазакласныя мерапрыем­ствы, канферэнцыі навучэнцаў. Так, зусім нядаўна адбыўся відэамост дружбы “Баранавічы — Геленджык” з педагогамі і навучэнцамі сярэдняй школы № 1 Геленджыка, якая таксама носіць імя Г.М.Халасцякова. 

На думку Юліі Тарасавай, задача кожнага сучаснага музея заключаецца і ў тым, каб заставацца актуальным для наведвальнікаў з улікам сучасных тэхналогій. У сувязі з гэтым быў створаны віртуальны тур па музеі, які ўключае яго панарамныя здымкі, а таксама аўдыяэкскурсію. Сёлета школьны музей пачаў весці свой музейны Instagram-акаўнт. Кантэнт, які там размяшчаецца, даволі разнастайны: рэклама запланаваных мерапрыемстваў, фотаздымкі цікавых падзей, справаздачы. Сацыяльныя сеткі дапамагаюць дзяліцца вопытам з іншымі ўстановамі адукацыі, музея­мі, наладж­ваць узаемадзея­нне з калегамі. 

Са школьным музеем цесна звязана дзейнасць вучэбнай бізнес-кампаніі “Дзявятачка”. “У сваёй большасці школьныя бізнес-кампаніі спецыялізуюцца на вытворчасці якой-небудзь прадукцыі. Унікаль­насць нашага бізнес-праекта ў тым, што мы прапаноўваем інтэлектуальныя паслугі, дакладней, экскурсійныя, — расказвае настаўніца англійскай мовы кіраўнік музея Наталля Язерская. — З дзяўчатамі-старшакласніцамі Златай Гарэлік і Вікторыяй Капацэвіч мы рэалізавалі праект. Ён аказаўся ўдалым і карыстаецца папулярнасцю. Наш музей наведваюць дэлегацыі з іншых школ горада, рэспублікі, нават замежныя госці”.

У бізнес-кампаніі працуюць 8 экскурсаводаў. Вучні з задавальненнем право­дзяць экскурсіі на трох мовах (рускай, беларускай, англійскай), а напрыканцы месяца нават атрымліваюць зарплату. Школьная бізнес-кампанія займаецца таксама вырабам сувенірнай прадукцыі марской тэматыкі. 

Увагу сучаснага наведвальніка складана прыцяг­нуць традыцыйнай экскурсіяй. За час работы бізнес-кампаніі навучэнцы распрацавалі і рэалізавалі на практыцы экскурсіі-квесты ў залежнасці ад узросту наведвальнікаў (з малодшымі школьнікамі арганізоўваюцца гульні, старэйшым прапануюцца лагічныя заданні). У распараджэнні настаўнікаў-прадметнікаў урокі-экскурсіі і мерапрыемствы, якія праводзяцца ў межах прадметных тыдняў. 

У планах педагогаў і вучняў школы яшчэ шмат цікавых задум як па развіцці музейнай прасторы, вучнёўскай бізнес-кампаніі, так і па ўкараненні разнастайных форм работы па грамадзянска-патрыятычным выхаванні. Так, у хуткім часе запланавана экскурсія на Лінію Сталіна і ўдзел школьнікаў у пошукавай рабоце. Да Дня Перамогі рыхтуецца агляд-конкурс ваен­на-патрыятычнай песні, у якой удзельнічае кожны клас. 

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.