Прыклад тых, каго любяць і паважаюць

У Віцебску па ініцыятыве галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама адбыўся І Абласны форум замяшчальных сем’яў.

Напрамкі развіцця і ўмацавання інстытута замяшчальнай сям’і абмеркавалі прадстаўнікі абласных органаў дзяржаўнага кіравання і грамадскіх арганізацый, абласнога інстытута развіцця адукацыі, устаноў вышэйшай адукацыі, Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення, спецыялісты сацыяльна-педагагічных цэнтраў і аддзелаў (упраўленняў) па адукацыі гарадскіх, раённых выканаўчых камітэтаў, адміністрацый раёнаў Віцебска, бацькі-выхавальнікі дзіцячых дамоў сямейнага тыпу і прыёмныя бацькі. Форум прайшоў на базе абласнога Палаца дзяцей і моладзі і быў накіраваны на распаўсюджванне станоўчага вопыту сямейнага выхавання дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, а таксама на ўдасканальванне сацыяльна-педагагічнай падтрымкі і псіхалагічнай дапамогі замяшчальным сем’ям, арганізацыю іх дыялогу з прадстаўнікамі дзяржаўных структур, прыцягненне ўвагі грамадства да пытанняў сямейнага ўладкавання дзяцей-сірот і прафілактыкі сацыяльнага сіроцтва. Удзел у рабоце форуму прынялі старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Ця­рэнцьеў і начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрый Хома.

— Сям’я адыгрывае галоўную ролю ў жыцці кожнага чалавека. Менавіта ў сям’і дзіця атрымлівае першае ўяўленне аб агульначалавечых каштоўнасцях, маральных і культурных стандартах паводзін, традыцыях народа, якія праносіць праз усё сваё жыццё, і ў канчатковым выніку менавіта дзякуючы сям’і развіваецца дзяржава, — адзначыў Уладзімір Цярэнцьеў. — Таму ўмацаванне і падтрымка інстытута сям’і ўваходзяць у лік галоўных дзяржаўных прыярытэтаў. Абарона правоў і інтарэсаў, паўнацэнная рэабілітацыя, сацыялізацыя і паспяховая інтэграцыя ў грамадства дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, з’яўляюцца адным з найважнейшых напрамкаў дзяржаўнай палітыкі, якая эфектыўна рэалізуецца ў першую чаргу праз развіццё сямейных форм уладкавання.

Старт форуму далі прэзен­тацыя выстаў метадычных матэрыялаў “Азбука прыёмных баць­коў”, творчых работ прыёмных бацькоў і выхаванцаў замяшчальных сем’яў (шоу-рум “Россып талентаў”). За круглым сталом быў разгледжаны шэраг актуальных пытанняў сацыяльнай абароны дзяцінства, дзяржаўнай палітыкі і рэгіянальнай практыкі яе рэалізацыі ў азначанай сферы, у тым ліку дзіцяча-бацькоўскія адносіны ў прыёмна-замяшчальных сем’ях, аказанне дапамогі і падтрымкі такім сем’ям з боку мясцовых органаў улады, удзел клубаў прыёмных бацькоў у развіцці сямейных форм уладкавання дзяцей-сірот і абароне іх правоў.

У Беларусі створана заканадаўчая база, рэалізуюцца дзяржаўныя праграмы, прымаюцца арганізацыйна-кіраўніцкія рашэнні, што канкрэтызуюць ролю ўсіх структур у комплексным вырашэнні праблем абароны дзяцінства. Праваднікамі дзяржаўных гарантый правоў дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, на жыццё ў сям’і выступаюць органы апекі, непасрэднымі выканальнікамі — апекуны, папячыцелі, прыёмныя бацькі і бацькі-выхавальнікі. Сфарміраваны на Віцебшчыне сацыяльны блок устаноў, што аказваюць шырокі спектр сацыяльна-эканамічных, медыка-сацыяльных, псіхолага-педагагічных, рэабілітацыйных і іншых сацыяльных паслуг сям’і і дзецям, уключае 24 сацыяльна-педагагічныя цэнтры, 21 цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, 78 спецыялістаў-куратараў па пытаннях аховы дзяцінства (23 з іх — дзяржаўныя служачыя). Сацыяльны патранат сем’яў забяспечваюць 648 супрацоўнікаў сацыяльна-педагагічных і псіхалагічных службаў устаноў адукацыі.

Выбудаваная міжведамасная работа ў рамках Дэкрэта № 18 дазваляе стабільна на працягу многіх гадоў вяртаць у сем’і больш за 55 працэнтаў дзяцей, прызнаных маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне, у тым ліку па рашэнні судоў аб аднаўленні бацькоў у бацькоўскіх правах (9 — у бягучым годзе). За час дзеяння дэкрэта колькасць дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, зменшылася на 41 працэнт (з 4936 у 2007 го­дзе да 2927 у 2019). З кожным годам усё больш зноў выяўленых дзяцей-сірот накіроўваюцца на выхаванне ў сем’і грамадзян (сёлета за першае паўгоддзе ўладкаваны 76,3 працэнта ад агульнай колькасці, у 2018 і 2017 гг. — 73,8 і 72 працэнты адпаведна). Удвая — з 587 у 2007 годзе да 251 у 2018 — паменшала бацькоў, пазбаўленых бацькоўскіх правоў у дачыненні да сваіх дзяцей.

Развіваецца інстытут замяшчальнай сям’і; на цяперашні час у рэгіёне 501 такая сям’я выхоўвае 835 дзяцей, 222 дзіцяці гадуюцца ў дзіцячых дамах сямейнага тыпу. Для павышэння прафесійных кампетэнцый прыёмных бацькоў і баць­коў-выхавальнікаў арганізаваны прафесійныя клубы, дзейні­чаюць метадычныя аб’яднанні. Больш становіцца і ўсыноўленых непаўналетніх: на сёння іх 732, за два гады беларускімі грамадзянамі ўсыноўлена 94 дзіцяці. Адпаведна скарачаецца колькасць выхаванцаў інтэрнатных устаноў: цяпер іх 327 (у 2 дамах-інтэрнатах і 2 дзіцячых дамах), у 2007 годзе было 1567.  У Докшыцкім, Лепельскім, Шаркаўшчынскім раёнах усе зноў выяўленыя дзеці-сіроты ўладкаваны на выхаванне ў сем’і грамадзян.

— Наш форум — доказ назапашанага тэарэтычнага і практычнага вопыту замяшчальнага бацькоўства, гатоўнасці не толькі фармуляваць праблемы і аналізаваць іх, але і знаходзіць кан­структыўныя рашэнні, — выказала меркаванне першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Алена Багдановіч. — Стварэнне і суправаджэнне замяшчальнай сям’і — не фармальная працэдура. Пры падрыхтоўцы кандыдатаў у замяшчальныя бацькі неабходна арыентавацца на выяўленне іх асабовых якасцей і рызык, што могуць перашкодзіць ажыццяўленню такой дзейнасці. Правільна ацэньваць вопыт, узровень псіхалагічнай, педагагічнай дасведчанасці, прафесійнай кампетэнтнасці замяшчальных бацькоў, да якіх нярэдка перадаюцца на выхаванне дзеці з вельмі складанымі асаблівасцямі паводзін. Карыстаючыся выпадкам, хачу перадаць нашу велізарную ўдзячнасць людзям, для якіх каштоўнасці сям’і сталі не проста асабістымі рэсурсамі, а мэтай, сродкамі, спосабам абагрэць сірочыя сэрцы, зрабіць навакольны свет дабрэйшым.

Для ўдзельнікаў форуму спе­цыя­лісты розных ведамстваў, а таксама прафсаюзаў, была праве­дзена коўч-сесія “Абарона правоў і законных інтарэсаў дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі баць­коў”. Праграма мера­прыемства ўключала таксама серыю змястоўных воркшопаў, якія правялі метадысты абласнога інстытута развіцця адукацыі, прадстаўнікі абласнога СПЦ і Нацыянальнага цэнт­ра ўсынаўлення: “Прафілактыка эмацыянальнага выгарання”, “Эмацыянальныя і паводзінскія патрэбнасці траўміраванага дзіцяці” (для замяшчальных бацькоў), “Праблемныя пытанні ў арганізацыі суправаджэння замяшчальных сем’яў і шляхі іх вырашэння” (для спецыялістаў СПЦ), “Інавацыйныя формы і метады ў арганізацыі метадычнай работы з замяшчальнымі сем’ямі” (для спецыялістаў, метадыстаў аддзелаў (упраўленняў) па адукацыі). Завяршыўся форум прыняццем рэзалюцыі і ўрачыстай цырымоніяй узнагароджвання. Удзельнікі, якія прадэманстравалі высокія вынікі і значныя дасягненні ў рабоце, былі адзначаны ганаровымі граматамі аблвыканкама і абласнога Савета дэпутатаў, галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама, падзякай старшыні аблвыканкама Мікалая Шарстнёва. Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь узнагароджаны галоўныя спецыялісты аддзелаў па адукацыі Валянціна Ліманоўская (Глыбоцкі райвыканкам) і Ніна Каспяровіч (Пастаўскі райвыканкам), граматамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь — прыёмная маці аддзела па адукацыі Бешанковіцкага райвыканкама Наталля Максімава і маці-выхавальніца дзіцячага дома сямейнага тыпу аддзела па адукацыі Талачынскага райвыканкама Кацярына Савік. Яркім заключным акордам сустрэчы стаў святочны канцэрт, падрыхтаваны аб’яднаннямі па інтарэсах абласнога Палаца дзяцей і моладзі.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.