ПРЫКЛАДНАЯ ІНФАРМАТЫКА ДЛЯ АСАБЛІВЫХ ДЗЯЦЕЙ

- 11:59Портфолио

Так атрымалася, што мне прыйшлося выкладаць некалькі прадметаў — фізіку, астраномію, інфарматыку і працу. Гэта дало магчымасць паглядзець на навучэнцаў з розных бакоў і прывяло да думкі, што дзецям неабходна пастаянна даваць магчымасць праявіць сябе і нават некаторым падняцца ў праслойку з высокай паспяховасцю, так бы мовіць, арганізаваць школьныя “сацыяльныя ліфты”. У любым выпадку трэба сачыць, каб кожны вучань знайшоў віды дзейнасці, дзе ён можа праявіць сябе і павысіць самаацэнку.

Часам людзі праз усё жыццё праносяць крыўду на школу з-за таго, што яна не здолела раскрыць іх здольнасці, якія потым раскрыла (ці не раскрыла) жыццё. Задаволены і паспяховы чалавек не схільны да правапарушэнняў, суіцыду і іншых непрыемных праяўленняў. Вось і трэба рабіць максімальныя намаганні, каб даць магчымасць раскрывацца і самасцвярджацца ўсім дзецям на працягу ўсяго навучання. Скончыўшы навучальную ўстанову, кожны павінен максімальна адэкватна ацэньваць сябе. Адзнака і ацэнка педагогаў павінны адпавядаць рэальнасці. Гэта станоўча паўплывае на ўсё грамадства ў цэлым. Ніякіх ярлыкоў — усе павінны мець шанс. Напрыклад, інфарматыкай і ведамі па інфарматыцы павінны карыстацца ўсе, а не толькі праграмісты.

Дакладнае і строгае раздзяленне на галіны ведаў па прадметах добрае для навукі, каб сістэматызаваць велізарныя веды, набытыя чалавецтвам. Для выкладання і выхавання, для перадачы вопыту наступным пакаленням гэта не заўсёды падыходзіць. У жыцці цэніцца чалавек, які “і шавец, і кравец, і каваль, і стругаль”. Неабходна паказаць дзецям станоўчыя прыклады дасягнення мэт і навучыць падыходам да вырашэння жыццёвых і прафесійных праблем і пытанняў у няпростых умовах сучаснага грамадства з высокай канкурэнцыяй.

Шмат гадоў я працую ў школе-інтэрнаце для сляпых і слабавідушчых дзяцей. Праблемы са зрокам у іх спалучаюцца з іншымі захворваннямі. Гэтыя дзеці маюць патрэбу ў чалавечых зносінах, простых парадах і людзях, з якіх яны маглі б браць прыклад. Акрамя ўрокаў па прадметах, я пастаянна праводжу карэкцыйныя заняткі і займаюся афармленнем свят у школе. Усё гэта прыводзіць да змяшэння відаў дзейнасці не штучным, а натуральным шляхам. Ідэя факультатыўнай праграмы “Прыкладная інфарматыка” з’явілася менавіта з гэтай змяшанай дзейнасці разам з дзецьмі. Стрыжнем праграмы, канечне, з’яўляюцца пытанні з інфарматыкі. Тым не менш галоўная адметная асаблівасць гэтага факультатыву — работа з інфармацыяй на камп’ютары і ў інтэрнэце з пераходам да практычнага выканання з выкарыстаннем атрыманай інфармацыі канкрэтных матэрыяльных вырабаў сваімі рукамі. Не кожнаму даступна высокая інфарматыка, але з-за прэстыжнасці інфарматыкай хочуць займацца ўсе. Трэба даваць дзецям такую магчымасць.

У праграме прысутнічаюць на першы погляд нечаканыя раздзелы. Чым больш яны незвычайныя, тым лепш. Часта на нашых занятках вучні на час пераўвасабляюцца ў людзей розных прафесій. Напрыклад, з дапамогай спецыяльнай праграмы мы вырабляем выкрайкі і знаёмімся з прафесіяй закройшчыка. Далей з дапамогай настаўнікаў працы шыем адной з вучаніць сукенку. Арганізоўваем маленькі паказ мод. Першапачаткова была неабходнасць проста пашыць сукенку дзяўчынцы без бацькоў. Заўсёды лепш не проста даць, а навучыць штосьці рабіць. Потым рыхтуемся да міні-дэфіле, магчыма, адзінага ў жыцці, але такога важнага для чалавека. Хтосьці падбірае музыку, хтосьці ўпрыгожвае клас. Гэта таксама цікавыя і важныя прафесіі. Паспрабаваць сябе ў ролі гукарэжысёра ці дызайнера цікава і важна для вызначэння ўласных пераваг. Пры гэтым мы фатаграфуем, здымаем і апрацоўваем відэа. Працуем у калектыве з жывымі зносінамі і ўзаемаадносінамі. Вопыт гэтых узаемаадносін спатрэбіцца ў рабоце ў будучых працоўных калектывах і, магчыма, дасць адатковыя канкурэнтныя перавагі.

Непрыметна мы дастаём дзяцей з камп’ютара, выкарыстоўваем здабытую інфармацыю і пераходзім да практычнага выкарыстання. Інфарматыка прыклала руку да таго, што некаторыя дзеці суткамі сядзяць у камп’ютары. Цяпер нам неабходна вярнуць іх у рэальнасць. На працягу навучальнага года навучэнцы афармляюць школьную залу да свят з дапамогай шароў і гірлянд. Пры гэтым усё здымаецца на відэа, робяцца фотаздымкі. Атрымліваецца лёгка, натуральна, а ў выніку дзеці ўмеюць фатаграфаваць, здымаць відэа, а потым апрацоўваць усё гэта на камп’ютары, набываюць і іншыя разнастайныя веды і навыкі. Многія вучні маюць магчымасць праявіць сябе па-новаму — гэтаму спрыяе пастаянная змена дзейнасці. Сам па сабе фарміруецца баланс работы за камп’ютарам і практычнай работы рукамі.

Асабліва падабаецца сітуацыя, калі хтосьці знаходзіць у інтэрнэце штосьці цікавае — тое, што хацелася б зрабіць. Ні вучні, ні настаўнік спачатку не маюць уяўлення, як атрымаць неабходны вынік. Незвычайная сітуацыя. Часам стрэсавая. Думаю, усім настаўнікам інфарматыкі яна знаёма. Шукаем інфармацыю і самі прыдумваем спосабы дасягнення мэты. Гэта ўжо творчасць — няхай маленькая, але ў жыцці такі вопыт вельмі спатрэбіцца. Тут настаўнік можа, выкарыстоўваючы свой жыццёвы вопыт, паказаць, на што ён здольны, тым самым паказаць прыклад упартасці і цярплівасці. У працэсе такой дзейнасці наладжваюцца даверлівыя адносіны настаўніка і вучняў, якія дазваляюць вырашаць практычна любыя выхаваўчыя задачы.

Адбываецца мадэляванне некаторых жыццёвых сітуацый і відаў дзейнасці людзей розных прафесій. Акрамя таго, усё гэта дабаўляе разумення навучэцамі, у якім напрамку рухацца, навошта тыя ці іншыя веды, і шматразова павышае матывацыю. Часам я задаваў сабе пытанне: чаму ж я вучу? Выснову раблю такую: інфарматыка — гэта па сутнасці выхаваўчы прадмет, які вучыць падыходам да жыцця ва ўмовах з’яўлення новых камп’ютарных тэхналогій. З гэтага трэба зыходзіць пры пабудове структуры дзейнасці адукацыйных устаноў, падрыхтоўкі кадраў і выкладання інфарматыкі. Успамінаю сябе пасля школы і нават пасля заканчэння ўніверсітэта. Прадметаў пройдзена многа, ведаў, здаецца, атрымана многа, а што рабіць пасля заканчэння і ў чым я спецыяліст, увогуле не ўяўляў. Разумення напрамку руху яўна не хапала. На жаль, на пошукі ідзе многа каштоўнага часу, а некаторым так і не ўдаецца знайсці сваё месца пад сонцам.

Мне здаецца, праграма “Прыкладная інфарматыка” ўнясе свой невялікі ўклад у вырашэнне гэтай задачы. Настаўнікі, якія пачнуць выкарыстоўваць гэты факультатыў, не адчуюць вельмі вялікіх цяжкасцей ад вялікай разнастайнасці відаў дзейнасці. Узнагародай жа за праведзеную работу будзе вырашэнне многіх школьных пытанняў, а таксама энтузіязм і ўдзячнасць навучэнцаў. Буду ўдзячны за зваротную сувязь калег і рады кожнаму меркаванню калег і спецыялістаў.

*****

На занятках факультатыву дасягаецца баланс паміж работай з інфармацыяй на камп’ютары і практычнай творчай дзейнасцю. Атрыманне рэальных, матэрыяльных, а не толькі віртуальных вынікаў пазбаўляе педагога пошуку матывацыйных момантаў. Факультатыў фактычна з’яўляецца трэнажорам, дзе адточваецца пераход ад работы ў віртуальнай прасторы да практычнай работы пры безумоўным атрыманні рэальнага выніку. Разнастайнасць відаў дзейнасці прыводзіць да таго, што кожны навучэнец знаходзіць магчымасці праявіць сябе. Работа з элементамі творчасці, блізкі і, галоўнае, дасягальны вынік, натхняе і фарміруе дружалюбную атмасферу супрацоўніцтва ў калектыве. Многае ў рабоце факультатыву звязана з пазаўрочнай дзейнасцю ў школе, рознымі святамі і выпускным вечарам. Тэрмін “міжпрадметныя сувязі” ў прымяненні да гэтага факультатыву становіцца вельмі вузкім. Дзейнасць на факультатыве спрыяе павышэнню эфектыўнасці выхаваўчай работы ў школе. Атрыманы ў час заняткаў вопыт, безумоўна, будзе карысны навучэнцам у жыцці і рабоце, таму што сучасная рэчаіснасць патрабуе гатоўнасці да хуткай змены відаў дзейнасці.

Вынікам з’яўляецца вялікая колькасць інфармацыйных праектаў (галерэі фотаздымкаў, слайд-шоу і відэафрагменты), а таксама вырабы і аб’екты, зробленыя сваімі рукамі. Праграма факультатыву разлічана на 35 гадзін (1 гадзіна на тыдзень) і рэкамендавана для правядзення заняткаў настаўнікамі інфарматыкі, выхавальнікамі школ-інтэрнатаў і ўстаноў спецыяльнай адукацыі, класнымі кіраўнікамі, настаўнікамі працы і іншымі педагогамі, якія актыўна ўдзельнічаюць у агульнашкольнай выхаваўчай рабоце і падрыхоўцы святочных мерапрыемстваў.

ЗМЕСТ ПРАГРАМЫ

Тэма 1. Фотаздымак, кіно і тэлебачанне. Чорна-белая і каляровая выява. Лічбавыя ўстройствы (4 г.).
Фотаапарат, тэлевізар, кінапраектар. (2 г). Гісторыя фатаграфіі. Устройства плёначнага фотаапарата. Работа фотаатэлье, музей фотаапарата. Тэлевізар. Музей тэлевізара. Фізічныя асновы каляровай выявы. Кінапраектар, кінаплёнка, праекцыя фільма.
Лічбавыя ўстройствы (2 г). Кадзіраванне інфармацыі. Алічбоўка. Сканер, лічбавы фотаапарат, відэакамера, відэакамера смартфона. Лічбавае тэлебачанне, праектары. Інтэрактыўная дошка. Устройствы захоўвання інфармацыі.

Тэма 2. Здымка і апрацоўка фатаграфій і відэафрагментаў (10 г.).
Здымка і апрацоўка фатаграфій (3 г.). Здымка фатаграфій. Перанос выяў на камп’ютар. Прагляд фатаграфій. Знаёмства з праграмамі для апрацоўкі графікі. Стварэнне слайд-шоу.
Здымка відэафрагментаў. Рэдагаванне і мантаж відэаматэрыялаў (7 г.). Здымка відэа. Перанос відэа на камп’ютар. Вывучэнне відэарэдактара. Рэдагаванне відэафрагментаў. Мантаж відэаматэрыялаў. Эфекты. Выкарыстанне тэксту. Работа з гукам. Прагляд зманціраванага відэа.

Тэма 3. Дызайн памяшканняў з выкарыстаннем паветраных шароў (7 г.).

Элементы дызайну. Пошук сайтаў па тэме дызайну паветранымі шарамі. Знаёмства з камерцыйнымі сайтамі для закупкі шароў (sharte.by). Элементы камерцыйнай дзейнасці. Выраб упрыгажэнняў да Новага года, 8 Сакавіка, выпускнога вечара і іншых свят. Здымка навучальных відэафрагментаў і відэафрагментаў са школьных мерапрыемстваў.

Тэма 4. Знаёмства з камп’ютарнай тэхналогіяй, якая выкарыстоўваецца ў прафесіі закройшчыка (4 г.).

Прафесія закройшчыка. Пошук інфармацыі па пытанні вырабу выкраек з дапамогай камп’ютара. Знаёмства з інтэрнэт-магазінамі (allsoft.by), якія прадаюць праграмнае забеспячэнне. Знаёмства з аўтаматызаванай сістэмай вырабу выкраек (lekala.ru). Выраб выкраек для пашыву выпускной сукенкі. Пашыў сукенкі ў супрацоўніцтве з настаўнікамі працы. Здымка навучальных фота і відэафрагментаў.

Тэма 5. Выраб кветак з тканіны (4 г.).
Пошук інфармацыі па тэме ў інтэрнэце і падборка літаратуры. Знаёмства з тэхналогіяй вырабу кветак. Інструмент для работы. Падрыхтоўка тканіны. Выраб выкраек для кветак і іншых вырабаў. Выкарыстанне кветак для ўпрыгожвання на выпускны вечар. Здымка відэафрагментаў.

Выніковыя заняткі (3 г.).
Сустрэча з прафесійным відэаздымальнікам. Урок “Міні-дэфіле”, відэаздымка ўрока. Конкурс на лепшы відэафрагмент.

ЧАКАНЫЯ ВЫНІКІ

У выніку вывучэння факультатыўнага курса навучэнцы пазнаёмяцца з прымяненнем лічбавых устройстваў для работы з фотаздымкамі і стварэння відэафрагментаў, азнаёмяцца з элементамі дызайну памяшканняў і фларыстыкі, прафесіяй закройшчыка і іншымі карыснымі ў сучасным жыцці аспектамі дзейнасці чалавека.

Факультатыўныя заняткі дазволяць фарміраваць у навучэнцаў наступныя ўменні: фатаграфаваць, здымаць відэафрагменты, рабіць слайд-шоу і апрацоўваць відэа з дапамогай камп’ютара. Навучэнцы навучацца ўпрыгожваць памяшканні паветранымі шарамі, рабіць кветкі з тканіны і выкрайкі для пашыву адзення.

Факультатыўны курс дае разуменне, як прымяняць веды, атрыманыя на ўроках па розных прадметах, спрыяе развіццю навыкаў мэтанакіраванага пошуку неабходнай інфармацыі; фарміраванню навыкаў хутка пераходзіць ад атрымання інфармацыі да практычнай дзейнасці; выяўленню і развіццю здольнасцей навучэнцаў; развіццю цікавасці да камерцыйнай дзейнасці, пры выкарыстанні ўменняў і ведаў, атрыманых у працэсе навучання; фарміраванню натуральнага балансу паміж работай на камп’ютары і работай рукамі.

Роля факультатыўных заняткаў у адукацыі будзе толькі ўзрастаць, таму што з дапамогай новых факультатываў можна хутка апрабаваць новыя ідэі і падстроіцца пад зменлівасць, што дыктуецца прагрэсам. Асабліва гэта тычыцца інфарматыкі. Падручнікі, якія хутка старэюць, зацверджаная праграма і іншыя атрыбуты інфарматыкі як прадмета, на жаль, стрымліваюць хуткасць неабходных змен. Значэнне прадмета павышаецца, і некаторыя атрыбуты ці іх статус, магчыма, неабходна змяніць. Напрыклад, падручнікі зрабіць у электронным выглядзе, праграму сфарміраваць з асобных блокаў, якія настаўнік мог бы перастаўляць у пэўным часавым інтэрвале, адмовіцца ад тэм, расцягнутых на некалькі гадоў, магчыма, перанесці некаторыя тэмы на факультатыўны ўзровень з абавязковым вывучэннем. Гэта дало б магчымасць уносіць змены з неабходнай хуткасцю, павялічваючы яе, а часам змяншаючы.

Яшчэ адна асаблівасць у выкладанні інфарматыкі на сучасным этапе — у некаторых пытаннях настаўнікі шчыра “плаваюць”, а методыка супрацоўніцтва не заўсёды вырашае сітуацыю. Хацелася б мець магчымасць практычна імгненна атрымліваць кампетэнтную дапамогу, напрыклад, у выглядзе відэаўрокаў па той ці іншай тэме. Будучыя работадаўцы і прадстаўнікі адукацыі павінны сумесна хутка ствараць навучальныя прадукты для настаўнікаў і вучняў. Для вырашэння гэтых пытанняў неабходна аб’яднанне намаганняў. Прапанаваныя работы павінны быць хутка вывучаны і рэкамендаваны да выкарыстання ў дастатковай колькасці ў якасці дапаможнікаў.

Ігар ІОСЬКА,
настаўнік інфарматыкі, фізікі і астраноміі
Гродзенскай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннямі зроку.