Прыклады краху турфірм прадэманстравалі неабароненасць турыстаў

Механізм абароны спажыўцоў турыстычных паслуг распрацоўваюць у Беларусі, паведаміў намеснік міністра спорту і турызму Беларусі Міхаіл Партной перад пачаткам трэцяга пасяджэння беларуска-ўкраінскай рабочай групы па супрацоўніцтве ў сферы турызму.

Ініцыятарам распрацоўкі заканадаўчай базы па абароне спажыўца турыстычных паслуг выступіла Міністэрства спорту і турызму. “Гэты працэс пачаты ўжо. Якім менавіта будзе механізм абароны, трэба будзе вырашаць сумесна з дэпутатамі, турыстычнай грамадскасцю ўжо на працягу наступнага года”, — сказаў Міхаіл Партной. Паводле яго слоў, прыклады краху турфірм прадэманстравалі неабароненасць турыста. Пры распрацоўцы заканадаўчай базы будзе ўлічаны вопыт іншых краін, у тым ліку і Украіны.

У цэлым, адзначыў Міхаіл Партной, краіна-суседка з’яўляецца адным са стратэгічных партнёраў для Беларусі ў сферы турызму. “У гэтым годзе турыстычныя патокі выраслі ў абодвух напрамках. Больш за 2,5 млн беларусаў пабывалі ва Украіне, нашу краіну наведалі каля 1,5 млн украінцаў”, — падкрэсліў намеснік міністра. Грамадзяне Беларусі ва Украіне часцей за ўсё наведваюць марскія і гарналыжныя курорты. Ва ўкраінцаў у Беларусі запатрабаваны такія віды турызму, як культурна-пазнавальны, аздараўленчы, паляўнічы. Развіваецца і спартыўны турызм. “У нашай краіне створана выключная інфраструктура. Толькі ў гэтым годзе мы прымаем больш за 80 вялікіх спартыўных мерапрыемстваў сусветнага і еўрапейскага ўзроўняў. У наступным годзе ў нас праводзяцца II Еўрапейскія гульні. Такія падзеі, безумоўна, прыцягваюць турыстаў”, — лічыць Міхаіл Партной.

Намеснік міністра эканамічнага развіцця і гандлю Украіны Міхаіл Цітарчук канстатаваў павелічэнне цікавасці грамадзян дзвюх краін і да трансгранічных турыстычных маршрутаў. На яго думку, Беларусі і Украіне важна абменьвацца вопытам па розных напрамках турызму, арганізаваць правільную кааперацыю, палепшыць двухбаковае ўзаемадзеянне для павелічэння турыстычных патокаў у абедзве краіны. “Турызм — гэта важны складнік эканамічнага развіцця. Паводле статыстыкі, 10 працэнтаў сусветнага ВУП складаюць менавіта даходы ад турызму”, — дадаў ён.

У абмеркаванні пытанняў парадку дня пасяджэння беларуска-ўкраінскай рабочай групы па супрацоўніцтве ў сферы турызму прынялі ўдзел чыноўнікі, прадстаўнікі бізнесу, грамадскіх арганізацый. Бакі разгледзілі функцыянаванне трансгранічных камбінаваных маршрутаў, развіццё турмаршрутаў, звязаных з чарнобыльскай тэматыкай, стварэнне сумеснай рэкламы турыстычных магчымасцей, а таксама абмяняліся вопытам па такіх напрамках, як развіццё турыстычнай інфраструктуры, заканадаўства ў сферы турызму, стварэнне брэндынгу тэрыторый і інш.