Прымералі прафесію следчага

У гомельскую гімназію № 58 імя Ф.Гааза прыйшлі следчыя — для таго, каб расказаць вучням пра ўмовы паступлення і навучання ў Акадэміі МУС. Супрацоўнік Следчага камітэта Павел Емяльянаў яшчэ нядаўна сам сядзеў за партай у гэтай установе адукацыі, дзе рыхтуюць у тым ліку следчых і экспертаў.

Першае, пра што школьнікі спыталі: ці вызваляюцца курсанты ад тэрміновай службы ў войску? Павел пацвердзіў: тэрмін навучання ідзе ў залік і тэрміновую службу прахо­дзіць не абавязкова, але можна, а пасля яе паступіць у акадэмію. Праўда, на агульных умовах. З бонусаў, якія дзяржава дае курсантам, Павел назваў павышанае ў параўнанні з грамадзянскай стыпендыяй грашовае забеспячэнне і поўнае дзяржаўнае забеспячэнне — ад харчавання да абмундзіравання. Жывуць курсанты ў казарме. Прынамсі, калі сярэдні бал дастаткова высокі, курсанту могуць дазволіць начаваць на наёмнай кватэры ў Мінску. Між тым сам Павел Емяльянаў такую магчымасць меў, але ўсвядомлена застаўся на ўсе чатыры гады ў казарме са сваімі таварышамі.

Да цвёрдага распарадку дня матываваныя курсанты хутка прывыкаюць, ёсць час на самападрыхтоўку і вольны час. Плюсам малады спецыяліст лічыць і абавязковае размеркаванне на першае месца службы. Пасля прыбыцця на месца яго пазачаргова забяспечылі арэндным жыллём. Таксама ёсць магчымасць для льготнага крэдытавання. Практычна ўсіх накіроўваюць у тое падраздзяленне, куды абітурыент звярнуўся першапачаткова для афармлення дакументаў і дзе яго суправаджалі ў перыяд правядзення ўступнай кампаніі.

— Лепш звярнуцца загадзя, — параіў намеснік начальніка Гомельскага гарадскога аддзела Следчага камі­тэта Яўгеній Пікулін. — Бо перад паступленнем ва УВА сілавых структур патрабуецца яшчэ прайсці медыцынскую камісію. Калі ваенкамат на бягучы момант прызнаў юнака прыдатным да ваеннай службы, то і для навучання на нашым факультэце, хутчэй за ўсё, перашкод не будзе.

Супрацоўнікі Следчага камітэта папярэдзілі выпускнікоў гімназіі, што ўступная кампанія для будучых следчых і міліцыянераў пачынаецца раней, чым для грамадзянскіх спецыя­лістаў. Патрабуецца дадатковы час для правядзення адбору. Сярод іншага кандыдатаў на паступленне будуць правяраць на законапаслухмянасць.

— Мы прыйшлі ў гімназію, каб даць найбольш поўнае ўяўленне пра сваю службу, у якой рамантыка спалучаецца з вельмі цяжкай працай. Мы хочам знайсці сапраўды матываваных маладых людзей для атрымання вышэйшай юрыдычнай адукацыі. На гэты момант паспрабаваць свае сілы вырашылі 13 чалавек, — паведаміў Яўгеній Пікулін.

Дарэчы, з той жа мэтай гомельскіх школьнікаў запрасілі наве­даць упраўленне Следчага камітэта Рэспуб­лікі Беларусь па Гомельскай вобласці.

— Сёння ёсць магчымасць прымераць прафесію следчага на сябе, — звярнулася да школьнікаў начальнік упраўлення адукацыі Гомельскага гарвыканкама Святлана Кухарава. — Зразумець, наколькі людзі захоплены справай, якія якасці патрэбны для таго, каб стаць сапраўдным следчым.

Сваім вопытам з дзецьмі падзяліўся начальнік Гомельскага гарадскога аддзела Следчага камітэта палкоўнік юстыцыі Аляксандр Еўтухоў. Падчас мерапрыемства школьнікі змаглі паўдзельнічаць у следчых дзеяннях, наведаць крыміналістычны палігон, пагутарыць як з нядаўнімі выпускнікамі Акадэміі МУС, так і з дасведчанымі следчымі.

— Мы ўважліва падыходзім да адбору кандыдатаў на службу, пачынаючы са школы, паколькі менавіта ў школе большасць робіць выбар будучай прафесіі, — адзначыў начальнік упраўлення кадраў і ідэалагічнай работы ўпраўлення Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па Гомельскай вобласці Уладзімір Бабкоў.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.