Літаральна праз месяц у школах пройдуць выпускныя вечары — урачыстасці, якія ператвораць адзінаццацікласнікаў у дарослых людзей. Афіцыйна.

Пакуль жа яны наталяюцца апошнімі тыднямі школьнага жыцця пад апекай настаўнікаў і бацькоў. І, канечне, рыхтуюцца да апошняга грандыёзнага свята ў сценах родных школ. Існуе ўпэўненасць, што ў шафах ужо вісяць прыгожыя сукенкі і касцюмы, напісаны сцэнарыі, размеркаваны ролі…
Але думаецца не пра гэта. Канечне, святочныя атрыбуты — рэч неабходная. Без іх нічога не атрымаецца, як гаворыць сучасная моладзь, не адчуецца патрэбнага вайбу. Разам з тым ёсць у свяце развітання са школай пэўны сакральны сэнс. Кожны выпуск прымнажае традыцыі сваёй навучальнай установы, узбагачаючы іх сваімі сэнсамі. А сённяшнія юнакі і дзяўчаты — людзі ўдумлівыя, добразычлівыя, настроеныя на ўзаемавыручку, узаемапавагу і дапамогу бліжняму. Нездарма папулярным у іх з’яўляецца валанцёрства, работа ў сацыяльна значных, грамадзянска-патрыятычных праектах.
А з іншага боку, штогод са школ выходзяць маладыя людзі, здольныя смела ісці насустрач сваёй мары. Іх навучылі і натхнілі настаўнікі, падзяліўшыся дарослымі арыенцірамі. Менавіта педагогі разам з бацькамі на працягу 11 гадоў дэманстравалі каштоўнасць каманднага ўзаемадзеяння, тлумачылі важнасць несці адказнасць за свае ўчынкі, захоўваць памяць пра гераічных нашчадкаў. Увесь час развівалі здольнасці і таленты сваіх дзяцей.
Трывалая сувязь пакаленняў асабліва адчувальная ў школьных сценах на выпускным вечары. Тут заўсёды бачны рост. У фізічным і духоўным сталенні, асэнсаванні падзей, з’яў і рэчаў, прыняцці новай рэальнасці, якая чакае кожнага выпускніка за школьным парогам. І яна, дарэчы, не такая і страшная, бо сёння дзяржаўная падтрымка моладзі ажыццяўляецца па самых розных напрамках.
Знаходзячыся на старце дарослага жыцця, важна не страціць роднасць душ і блізкасць аднакласнікаў, бо гэта трывалы падмурак для далейшага росту, прафесійнага і духоўнага. Гэтак жа важна не страціць і сувязі са сваімі педагогамі, памятаць іх настаўленні.
Сёлета да развіцця канцэпцый выпускных вечароў актыўна далучылася Міністэрства адукацыі і распрацавала рэкамендацыі, якія ідуць ва ўнісон з агульным настроем выпускнікоў. І каб, напрыклад, яшчэ раз адчуць плячо адно аднаго, выпускны можна арганізаваць, прытрымліваючыся канцэпцыі “Кніга ведаў”, дзе кожная старонка сімвалізуе асобны этап жыцця вучня, яго дасягненні, сяброўства і ўспаміны. Актуальнай з’яўляецца ідэя прэзентацыі фільма пра жыццё класа на працягу 11 гадоў або арганізацыі чырвонай дарожкі, дзе будуць прэзентаваны як навучэнцы, так і іх педагогі.
Ідэй шмат. Галоўнае — гарманізаваць урачыстую і забаўляльную часткі, каб адчувалася цэласнасць і ўрачыстаць моманту з усімі атрыбутамі і патрэбнай атмасферай. Каб, сустракаючы світанне, кожны выпускнік перажыў значнасць моманту і ўсвядоміў сваю прыналежнасць да грамадства і краіны. Кожнага чакае свой шлях у прафесію. Але ўжо цяпер трэба разумець, што кожны нясе адказнасць не толькі за сябе, але і за сваю сям’ю, краіну, будучыню. Дарослае жыццё патрабуе дарослых рашэнняў.
Фота на прэўю з архіва рэдакцыі