Прынцэсы стануць каралевамі

- 11:15Навіны рэгіёнаў

Студэнтка факультэта аўтаматызаваных і інфармацыйных сістэм Кацярына Фралова стала пераможцай конкурсу “Прынцэса ГДТУ”. Конкурс прыгажосці і талентаў у Гомельскім дзяржаўным тэхнічным універсітэце імя П.В.Сухога сабраў поўную актавую залу: студэнткі спявалі і танцавалі, а гледачы не шкадавалі ім апладысментаў.

Конкурс праходзіць штогод: самай прыгожай дзяўчыне ўручаецца дыядэма з тытулам “Прынцэса ГДТУ”. Летась з-за эпідэміялагічнай сітуацыі мерапрыемства адмянілі, хоць дзяўчаты да яго рыхтаваліся. Аднак сёлета магчымасць праявіць свае таленты далі і “другагодніцам”, і пачаткоўцам. Напярэдадні яны бралі ўрокі дэфіле, майстар-класы, рабілі фотасесіі і нават займаліся аэраёгай. А яшчэ былі боўлінг і караоке. Увесь гэты час журы ўважліва назірала за дзяўчатамі, каб потым абвясціць пераможцаў у намінацыях “Прынцэса фота”, “Прынцэса спорту”, “Прынцэса топ-мадэль”.

Было чатыры выхады на сцэну. Самы незвычайны з іх — у сукенках са смецця. Іх удзельніцы сшылі і склеілі са спанбонду, поліэтыленавых пакетаў, будаўнічай сеткі і нават падкладкі для ламінату. Першакурсніца Аміна Вірская змайстравала зброю для самаабароны з бляшанак ад энергетычных напояў.

Творчы конкурс паказаў, наколькі таленавітыя і неардынарныя студэнткі ўстановы, якая лічыцца “мужчынскай”. У музычных нумарах гледачы пазналі герояў фільмаў “12 крэслаў”, “Папялушка”, “З Расіі з каханнем”. У праграме вечара былі таксама fashion show, маляўнічыя фотазоны, конкурсныя нумары і паказ вясельнай моды. 

Перамога дасталася будучаму праграмісту Кацярыне Фраловай. У вольны час дзяўчына займаецца танцамі, шые адзенне для лялек, малюе і падарожнічае. Тытул віцэ-міс атрымала першакурсніца Аміна Вірская, на 3-м месцы Марыя Яцухна. Абедзве дзяўчыны вучацца на гуманітарна-эканамічным факультэце ўніверсітэта.

Традыцыйны ўніверсітэцкі конкурс грацыі і артыстычнага майстэрства праводзіцца з 1996 года. З гэтага часу на сцэне УВА пабывалі больш за 200 дзяўчат. Былі выпадкі, калі “Прынцэсы ГДТУ” потым станавіліся ўдзельніцамі конкурсаў “Міс Беларусь” і “Міс свету”. Самыя паспяховыя прадстаўлялі вобласць і краіну на прэстыжных спаборніцтвах грацыі і прыгажосці.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота Марыі АМЕЛІНАЙ.