Прынцыповае патрабаванне па збалансаванасці бюджэту захоўваецца нязменным

Не забяспечаных даходамі расходаў бюджэт на 2019 год несці не павінен і не будзе. Аб гэтым заявіў прэм’ер-міністр Сяргей Румас на пасяджэнні Савета Міністраў, дзе абмяркоўваліся праекты прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця, асноўных напрамкаў грашова-крэдытнай палітыкі і бюджэту на 2019 год, а таксама праект новай рэдакцыі Падатковага кодэкса.

“Што тычыцца праекта бюджэту, то прынцыповае патрабаванне аб яго збалансаванасці захоўваецца. Мы не можам траціць больш, чым зарабляем. Не забяспечаных даходамі расходаў бюджэт несці не павінен і не будзе”, — заявіў Сяргей Румас.

На 2019 год захоўваецца падыход з двума сцэнарыямі для праектаў прагнозу і бюджэту. Для бюджэту прадугледжаны базавы сцэнарый развіцця эканомікі. “Будзе эканоміка генерыраваць больш даходаў — разам унясём прапановы кіраўніку дзяржавы аб накіраванні дадатковых даходаў туды, дзе ў гэтым ёсць неабходнасць”, — адзначыў прэм’ер-міністр.

Сяргей Румас адзначыў, што ў прапанаваным для разгляду пакеце дакументаў улічаны змяненні, якія адбыліся на знешнім контуры, — скарэкціраваны ацэнкі па цане нафты, росце эканомікі і абменных курсах валют у краінах, якія з’яўляюцца асноўнымі знешнегандлёвымі партнёрамі. Гэта запатрабавала некаторага ўдакладнення асноўных прагнозных параметраў па ўсіх дакументах.

Прынцыповым пытаннем застаецца выкананне параметраў праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2016—2020 гады. Таму на пасяджэнні ішла размова, як прагнозныя дакументы ўпісваюцца ў задачы пяцігодкі, дзе праглядаюцца вузкія месцы. Пры гэтым асобна было абмеркавана выкананне прыярытэтных задач праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2016—2020 гады (у прыватнасці такія прыярытэты, як інвестыцыі, экспарт і занятасць).

Кіраўнік урада Сяргей Румас даручыў акцэнтаваць увагу на асноўных напрамках расходаў бюджэту з улікам патрабаванняў кіраўніка дзяржавы. Маецца на ўвазе 10-працэнтнае скарачэнне расходаў на дзяржпадтрымку рэальнага сектара з прапарцыянальным павелічэннем фінансавання сацыяльнай сферы.

“Урад на 2019 год устанавіў для сябе мэтавую задачу дабіцца ўзроўню зарплаты ў бюджэтнай сферы не менш як 80 працэнтаў да сярэдняй заработнай платы па краіне. Памер пенсіі па ўзросце павінен быць не ніжэйшы за 40 працэнтаў сярэдняй заработнай платы”, — адзначыў Сяргей Румас.

У Міністэрства фінансаў ёсць даручэнне прааналізаваць, што адбываецца ў бюджэтнай сферы. “Не выключаю, што разам будзем займацца аптымізацыяй колькасці”, — дадаў прэм’ер-міністр.

Сяргей Румас нагадаў аб недапушчальнасці даводзіць паказчыкі прыватнаму бізнесу. “Тэма не новая, але неяк замылена, хоць для мяне яна вельмі важная. Гэта тычыцца ўсіх прысутных, у першую чаргу губернатараў. Я маю на ўвазе пункт праекта ўказа, якім устанаўліваецца забарона на давядзенне паказчыкаў прыватнаму бізнесу, а таксама паказчыкаў, не вызначаных урадам”, — адзначыў Сяргей Румас.

Такая ж норма ёсць і ў дзеючым Указе № 469 “Аб задачах сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2018 год”. Аднак на практыцы сітуацыя складваецца па-іншаму. “Патрабаванні ўказа на месцах не выконваюцца. Даводзяцца заданні да арганізацый усіх форм уласнасці, уключаючы прыватнікаў”, — канстатаваў прэм’ер-міністр.

Кіраўнік урада таксама нагадаў, што крытэрыем ацэнкі эфектыўнасці для старшынь гар- і райвыканкамаў з’яўляецца стварэнне новых рабочых месцаў, як гэта вызначана ва ўказе кіраўніка дзяржавы № 78. Таму старшыням аблвыканкамаў трэба арганізаваць работу з кіраўнікамі гар- і райвыканкамаў, як таго патрабуюць адпаведныя нарматыўныя дакументы, у першую чаргу рашэнні кіраўніка дзяржавы.

Сяргей Румас папрасіў першага віцэ-прэм’ера Аляксандра Турчына ўзяць на кантроль гэтыя пытанні з улікам таго, што ён узначальвае Савет па развіцці прадпрымальніцтва.