Міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Карпенка правёў у Полацку семінар-нараду з кіраўнікамі ўстаноў вышэйшай адукацыі. На пляцоўцы Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта былі абмеркаваны выкананне асноўных задач на бягучы навучальны год і падрыхтоўка да новага навучальнага года.
Удзельнікі сустрэчы працягнулі пачаты ў Мінску на Рэспубліканскім савеце рэктараў дыялог па пытаннях функцыянавання сістэмы вышэйшай адукацыі ў кантэксце прыняцця новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі, Канцэпцыі развіцця сістэмы адукацыі да 2030 года і змянення падыходаў да ўступнай кампаніі. Звяртаючыся да рэктарскага корпуса, Ігар Карпенка расставіў акцэнты на шэрагу ключавых момантаў арганізацыі адукацыйнага працэсу і падрабязна спыніўся на правядзенні выніковай атэстацыі і цэнтралізаванага тэсціравання: “Гэта трэба трымаць на пастаянным кантролі. У мінулым годзе мы адпрацавалі механізм з улікам эпідэмічнай сітуацыі, разам з тым яшчэ раз праверце, каб усё зрабіць максімальна дасведчана”. Асобна кіраўнік ведамства адзначыў неабходнасць павышэння эфектыўнасці практык: “Павінна быць дакладная работа метадыстаў, вызначаны параметры, па якіх студэнт будзе займацца”. На семінар-нараду было вынесена абмеркаванне падыходаў да выкладання цыкла сацыяльна-гуманітарных дысцыплін. Як катэгарычна непрымальнае міністр ацаніў нежаданне некаторых выкладчыкаў удасканальваць сваю работу згодна з запытамі часу. Неабходна забяспечыць гнуткасць і варыятыўнасць зместу адукацыйных праграм, іх адаптацыю пад патрэбы рынку працы, інавацыйнага развіцця рэальнага сектара эканомікі і сацыяльнай сферы. “Пры пераходзе на прыкладны вучэбны план змяненні магчымыя нават на працягу навучальнага года, — сказаў І.Карпенка. — Важна прааналізаваць актуальнасць і найперш зместавы складнік той ці іншай дысцыпліны з пункту погляду фарміравання адпаведных кампетэнцый. Больш за тое, сацыяльна-гуманітарны блок павінен убудоўвацца ў сістэму падрыхтоўкі прафесійных кадраў зыходзячы са спецыфікі іх падрыхтоўкі”.
Ігар Карпенка вылучыў прыярытэты ў развіцці навукова-інавацыйнай дзейнасці ва ўстановах вышэйшай адукацыі, сярод якіх рост эфектыўнасці размеркавання бюджэтных сродкаў, што выдзяляюцца Міністэрствам адукацыі на фінансаванне навуковых даследаванняў, і ўдасканаленне каардынацыі сумеснай работы ўніверсітэтаў і ўпраўлення навукі і інавацыйнай дзейнасці. “Мы гаворым у тым ліку пра кадравы патэнцыял, — адзначыў міністр. — Трэба істотна павысіць выніковасць работы структур УВА па падрыхтоўцы і арганізацыі абароны навуковых дысертацый, кантролі якасці навукова-метадычнага забеспячэння адукацыйнага працэсу. Ніякага паслаблення ў плане забеспячэння кадрамі кафедр, факультэтаў універсітэтаў не будзе, гэта тычыцца, акрамя астатняга, і правядзення акрэдытацый”. Прынцыповай ацэнкі і выхаду на новы якасны ўзровень патрабуе дзейнасць універсітэцкіх тэхнапаркаў. Міністр звярнуў увагу рэктараў на некаторыя аспекты выхаваўчага працэсу ва ўстановах вышэйшай адукацыі, выпрацоўку індывідуальнай траекторыі і суправаджэння ў рабоце з таленавітымі і адоранымі студэнтамі, ажыццяўленне комплексу мер па супрацьдзеянні спробам прыцягнуць студэнтаў да супрацьпраўных дзеянняў і прадастаўленні моладзі прывабнай і дастойнай канструктыўнай альтэрнатывы. “Там, дзе юнакі і дзяўчаты матываваныя да вучобы, актыўна ўдзельнічаюць у грамадскім, культурным і спартыўным жыцці ўніверсітэта, дзе працуюць студэнцкі савет, БРСМ і прафсаюз, наладжаны цесны дыялог паміж рэктаратам і студэнтамі, — яны разумеюць, да каго могуць прыйсці, каб атрымаць адказы і дапамогу. У адваротным выпадку, на жаль, шукаюць адказы дзесьці ў іншым месцы”, — адзначыў кіраўнік ведамства. Надзённымі застаюцца пытанні бяспекі арганізацыі адукацыйнага працэсу і пражывання студэнтаў, уключаючы недапушчэнне пабочных асоб на тэрыторыю ўстаноў адукацыі, у вучэбныя карпусы і інтэрнаты, а таксама занятасці моладзі ў летні перыяд, асабліва ў дачыненні да сацыяльна неабароненых катэгорый студэнтаў. “Уся гэтая работа ў вас вядзецца, і адпаведная інфармацыя акумулявана, ва ўстановах вышэйшай адукацыі працуюць сацыяльныя педагогі, але разам з тым патрабуецца больш прадуманы індывідуальны падыход. У прыватнасці, дапамагчы працаўладкавацца, накіраваць у будатрад, рамонтную брыгаду, каб малады чалавек змог развіць свае кампетэнцыі, цікава, з карысцю правесці час і, што немалаважна, атрымаць пэўны заробак. Вазьміце гэтыя пытанні на асабісты кантроль”, — даў даручэнне І.Карпенка.
Ён паведаміў рэктарам аб правядзенні ў ліпені ў Мінску Міжнароднага форуму выпускнікоў беларускіх савецкіх ВНУ: “Безумоўна, будзем падключаць да яго ўсе ўніверсітэты. Плануецца, што ў Студэнцкай вёсцы мы прымем каля 200 замежных гасцей, частка ўдзельнікаў далучыцца ў анлайн-рэжыме. Сёння ў нас вучыцца амаль 26 тысяч замежных студэнтаў са 109 краін свету. Форум — гэта яшчэ адна магчымасць паказаць патэнцыяльным абітурыентам з замежжа нашу сістэму падрыхтоўкі кадраў і высокую якасць беларускай вышэйшай адукацыі. Прафарыентацыйную работу трэба актывізаваць і працягваць яе з выкарыстаннем сучасных каналаў інфармавання”. На завяршэнне міністр прывёў кароткі аналіз паказчыкаў экспарту адукацыйных паслуг, выказаў шэраг заўваг на аснове даных па размеркаванні і працаўладкаванні выпускнікоў, замацаванні маладых спецыялістаў, агучыў задачы, абумоўленыя ўвядзеннем дыстанцыйнай формы навучання.
Пытанні ў рамках абазначанага кіраўніком ведамства праблемнага поля знайшлі развіццё і былі дэталізаваны і канкрэтызаваны ў ходзе далейшых выступленняў. У планах на наступны навучальны год — абнаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы УВА, у тым ліку з прыцягненнем рэсурсаў базавых арганізацый і арганізацый — заказчыкаў кадраў, павышэнне якасці і эфектыўнасці падрыхтоўкі спецыялістаў, паглыбленне ўзаемадзеяння з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў, абнаўленне адукацыйных стандартаў і навукова-метадычнага забеспячэння вышэйшай адукацыі.
— Гэта агульныя падыходы, якія тычацца ўсіх устаноў вышэйшай адукацыі незалежна ад іх ведамаснай прыналежнасці, — падвёў вынік Ігар Карпенка. — Разам з тым работу неабходна выбудаваць, і ўніверсітэты ўжо зараз павінны быць гатовы рэалізоўваць тыя палажэнні Кодэкса аб адукацыі, якія нам належыць у жніўні абмеркаваць на Рэспубліканскім педагагічным савеце, а ўвосені прыняць у другім чытанні і фактычна пачаць жыць па яго нормах. Хацеў бы, каб узнятыя сёння пытанні сталі тэмай для абмеркавання ў калектывах УВА з удзелам прафесіяналаў, экспертаў і спецыялістаў у адпаведных напрамках, каб знайсці аптымальныя формы вырашэння задач, пастаўленых перад вышэйшай школай, далей развівацца і рухацца наперад.
На завяршэнне семінара гасцей універсітэта запрасілі азнаёміцца з комплексам Полацкага калегіума, паслухаць жартоўныя каментарыі ад Мудрага старца і ўбачыць у дзеянні знакаміты гадзіннік з акадэмічным шэсцем.
Таццяна БОНДАРАВА.