Прынялі прысягу

- 11:58Навіны рэгіёнаў

Студэнты 2 курса спецыяльнасці “Мытная справа” юрыдычнага факультэта  Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы прынялі прысягу.

Такая важная ў жыцці кожнага студэнта падзея адбываецца менавіта на 2 курсе, калі юнакі і дзяўчаты ўжо авалодалі азамі спецыяльнасці і пераканаліся ў правільнасці зробленага выбару. Да гэтага дня яны спецыяльна шыюць форму, калісьці гэта была ініцыятыва менавіта студэнтаў — хадзіць на заняткі ў форме.

Урачысты момант прынясення прысягі з маладымі людзьмі раздзялілі іх бацькі і сябры, а таксама начальнік Гродзенскай рэгіянальнай мытні Андрэй Кавальчук, рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка і дэкан  юрыдычнага факультэта Святлана Чабуранава.

— Перайшоўшы на 2 курс, студэнты прымаюць важныя абавязацель­ствы і словамі клятвы абяцаюць і сабе, і іншым, што будуць добра вучыцца, а пасля заканчэння ўніверсітэта стануць сапраўднымі спецыялістамі. Упэўнены, ім не трэба клапаціцца пра рабочыя месцы, забяспечыць іх працай мы заўсёды зможам. Мне пашчасціла ў гэтым годзе ўручаць дыпломы першым выпускнікам спецыяль­насці “Мытная справа” Гродзен­скага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, якія сёння працуюць у тым ліку і на Гро­дзенскай рэгіянальнай мытні. Сёлета да нас прыйшлі 40 маладых спецыялістаў з розных навучальных уста­ноў краіны, — адзна­чыў Андрэй Кавальчук.

Начальнік Гродзенскай рэгіянальнай мытні таксама падкрэсліў, што, дзякуючы цеснаму ўзаемадзеянню з ГрДУ імя Янкі Купалы, удаецца скласці  такую вучэбную праграму, якая дапамагае падрыхтаваць кваліфікаваных спецыя­лістаў. Ды і супрацоўнікі мытні вядуць заняткі ва ўніверсітэце.

Як расказала Ірына Кітурка, спе­цыяль­насць “Мытная справа” ў ГрДУ імя Янкі Купалы існуе чатыры гады. У гэтым годзе, якраз да 80-годдзя ўніверсітэта, адбыўся першы выпуск мытнікаў.

— У падрыхтоўцы такіх спецыя­лістаў ёсць зацікаўленасць двух бакоў: універсітэта, які імкнецца падрыхтаваць высокакваліфікаваныя кадры, і Гродзенскай рэгіянальнай мытні, дзе заўсёды рады прыняць на працу нашых выпускнікоў. Будучыя мытнікі сапраўды шмат часу праводзяць у пунктах пропуску, праходзяць там практыку. Такому практыка-арыентаванаму навучанню могуць пазайздросціць студэнты іншых факультэтаў. Хацелася б выказаць падзяку за плённае супрацоўніцтва ўсім работнікам мытні і асабліва старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэта Рэспублікі Беларусь Юрыю Сянько, нашаму выпускніку. Дзякуючы прынятаму ім рашэнню, была адкрыта гэтая спецыяльнасць, — адзначыла Ірына Кітурка.

Пра тое, наколькі важны для другакурснікаў дзень прыняцця прысягі, і ўвогуле пра свой выбар расказалі самі студэнты-купалаўцы.

Валерыя Дубойская марыла працаваць на мытні яшчэ падчас вучобы ў школе. Даведаўшыся, што ў ГрДУ імя Янкі Купалы ёсць спецыяльнасць “Мытная справа”, цвёрда вырашыла паступаць менавіта сюды. 

— Мне падабаецца вучыцца на юрыдычным факультэце. Спецыялісты, якія з намі займаюцца, працуюць на Гродзенскай рэгіянальнай мытні. І веды, што мы атрымліваем, даволі інфарматыўныя, — адзначыла студэнтка.

Мікіта Бакун, які таксама вучыцца на гэтай спецыяльнасці, упэўнены, што супрацоўнік мытні павінен быць сабраным, дысцыплінаваным, інтэлігентным. Разуменне гэтага прыйшло падчас вучобы ва ўніверсітэце, калі ўчарашнім абітурыентам педагогі раскрылі сутнасць спе­цыяльнасці, далі неабходныя веды. Наперадзе яшчэ не адзін год вучобы, новыя веды і адкрыцці. А пакуль Мікіта не сумняваецца, што зрабіў правільны выбар. Вучоба ўжо многае дала, і малады чалавек упэўнены, што пасля выпуску атрымае першае рабочае месца.

На спецыяльнасці “Мытная справа” ў ГрДУ імя Янкі Купалы вучыцца 125 студэнтаў, з якіх 30 юнакоў і дзяўчат сталі студэнтамі сёлета. Дарэчы, гэтая спецыяльнасць па выніках уступнай кампаніі ўвайшла ў топ-5 самых папулярных сярод абітурыентаў, таму і прахадны бал быў даволі высокі. У 2020 годзе адбыўся першы выпуск і 27 дыпламаваных спецыялістаў папоўнілі рады мытнікаў.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.