Прыняць сябе такім, які ты ёсць

Падведзены вынікі трэцяга этапу сацыяльна-адукацыйнага праекта для вучняў 9—11-х класаў “Першыя”. У маі 10 школьнікаў з усёй краіны публічна прадставяць свае ідэі па экалогіі, тэхналогіях, інклюзіі і культуры падчас маштабнай маладзёжнай канферэнцыі [email protected]

Сацыяльна-адукацыйны праект “Першыя” право­дзіцца кампаніяй А1 пры падтрымцы Міністэрства адукацыі і арганізатараў канферэнцый TEDxMinsk. Конкурс яскравых ідэй пакалення Z абве­шчаны ў кастрычніку 2019 года для вучняў 9—11-х класаў. Ім было прапанавана падзяліцца сваім бачаннем таго, што магло б змяніць навакольны свет ці жыццё канкрэтных людзей у Беларусі да лепшага. Арганізатары конкурсу прапанавалі школьнікам вызначыцца з тэматычным кірункам: “Экалогія”, “Тэхналогіі”, “Інклюзія” і “Культура”. У ходзе рэалізацыі праекта больш за 1000 школьнікаў прынялі ўдзел у майстар-класах, адукацыйных інтэрактыўных воркшопах і крэатонах у Мінску, Гомелі, Віцебску, Магілёве і Гродне з удзелам вядомых экспертаў. Быў запушчаны першы беларускамоўны падкаст для моладзі, у якім прафесіяналы з розных сфер дзяліліся парадамі па запуску і прэзентацыі праектаў. Больш за 100 школьнікаў даслалі на конкурс відэапрэзентацыі сваіх ідэй. Што можна зрабіць, каб вучні з захворваннямі пазваночніка маглі наведваць заняткі ў школе, як развіваць экалагічную культуру ў Беларусі, якім чынам сучасныя тэхналогіі могуць дапамагчы ў развіцці музеяў і пашырыць выкарыстанне беларускай мовы ў штодзённым жыцці — гэтыя і многія іншыя пытанні хвалююць падлеткаў. Вызначаючы лепшых, журы звяртала ўвагу на адпавед­насць ідэі выбранай тэме і яе фармулёўку, магчымасць рэалізаваць задуму, а таксама на маштабнасць і мэтавую аўдыторыю, арыгінальнасць падыходу да вырашэння праблемных пытанняў. Кожны з 10 фіналістаў будзе рыхта­ваць 10-мінутную прамову для [email protected] разам з ментарамі — прадстаўнікамі беларускай супольнасці TED. Пасля выніковай прэзентацыі сваіх ідэй усе пераможцы атрыма­юць у падарунак iPhone Xs.

У кірунку “Інклюзія” фіналістам конкурсу стала Соф’я Федчанка, вучаніца 9 класа гімназіі № 4 Мінска. Дзяўчына прапануе ўсталяваць спецыяльныя прылады ў вучэбных класах, каб дзеці з захворваннямі апорна-рухальнай сістэмы маглі пазбегнуць ізаляцыі і наведваць заняткі ў звычайных школах.

“Паводле статыстыкі, 75% школьнікаў маюць парушэнне паставы, а кожны дзясяты — скаліёз, — гаворыць Соф’я. — Галоўная рэкамендацыя ўрачоў такім школьнікам, каб хвароба не прагрэсіравала, — менш сядзець. Многія дзеці, наведваючы школу, адчуваюць дыскамфорт падчас сядзення на ўроках альбо вымушаны атрымліваць веды па-за школай. У мяне захворванне пазваночніка, я не магу доўга сядзець за партай, таму мне давялося перайсці на індывідуальны план навучання ў дамашніх умовах. Якое існуе выйсце з гэтай сітуацыі? Усталяваць канторкі ў вучэбных кабінетах, што дазволіць мне на ўроках стаяць. Але мяне хвалюе, як адрэагуюць на гэта мае аднакласнікі і настаўнікі, ці правільна зразумеюць.

Нядаўна я даведалася пра дызайнера Сафі дэ Аліўера Барата, якая займаецца распрацоўкай дызайну пратэзаў. Яна лічыць, што пратэзы не трэба хаваць, наадварот, іх трэба ўспры­маць як пэўную каштоўнасць і ўпрыгажэнне, якія дапаўняюць вобраз чалавека. Разам са сваёй камандай яна вырабляе на заказ аўтарскія пратэзы, улічваючы пажаданні людзей.

Мая ідэя заключаецца ў тым, каб дапамагаць дзецям і падлеткам з захворваннямі пазваночніка, падтрымліваць у тым ліку тых, хто не мае магчымасці доўга сядзець. Школа існуе для таго, каб вучыцца, кантактаваць, атрымліваць новыя веды. Але для гэтага неабавязкова сядзець. Я распрацоўваю ўнікальныя прыгожыя прынты і малюнкі, каб прапанаваць іх вытворцам канторак і яны выкарысталі іх у дызайне сваёй прадукцыі. Акрамя таго, я ствару яркія брашуры для ўстаноў адукацыі, у якія бу­дзе ўключана інфармацыя пра карысць канторак і актыўных перапынкаў у школе. Таксама зраблю стыкеры для сацыяльных сетак, якія дапамогуць мне хутчэй знайсці сяброў і аднадумцаў і распаўсюджваць мае ідэі.

Змяніўшы стаўленне грамадства да такіх дзяцей і падлеткаў, як я, можна дапамагчы ім прыняць сябе такімі, якія яны ёсць”.

Надзея ЦЕРАХАВА.