Прыняты дакументы ў галіне палітычнага ўзаемадзеяння і барацьбы з міжнародным тэрарызмам

- 10:34Інфармацыйная гадзіна

Савет кіраўнікоў дзяржаў СНД 16 кастрычніка на саміце зацвердзіў пакет дакументаў у сферы гарантавання бяспекі і процідзеяння новым выклікам і пагрозам.

Так, зацверджана праграма супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц СНД ва ўмацаванні пагранічнай бяспекі на знешніх граніцах на 2016—2020 гады. Ёй прадугледжаны шырокі комплекс мер, накіраваных на ўдасканаленне аховы знешніх граніц краін Садружнасці, каардынацыю дзейнасці пагранічных ведамстваў, удасканаленне нарматыўнай прававой базы.
Кіраўнікі дзяржаў зацвердзілі таксама канцэпцыю ваеннага супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц СНД да 2020 года, пагадненне аб парадку стварэння і дзейнасці сумесных следча-аператыўных груп на тэрыторыях краін Садружнасці, аб супрацоўніцтве ў галіне папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый і іншыя дакументы.
Усяго ў парадку дня саміту было 17 пытанняў. Сярод дакументаў у галіне палітычнага ўзаемадзеяння самымі важнымі сталі заявы кіраўнікоў дзяржаў з нагоды 70-годдзя стварэння ААН, аб барацьбе з міжнародным тэрарызмам. У гэтым дакуменце канстатуецца, што эфектыўнае процідзеянне тэрарызму магчыма на падставе міжнароднага права пры каардынуючай ролі ААН. У сувязі з гэтым усе члены сусветнай супольнасці заклікаюцца няўхільна выконваць патрабаванні антытэрарыстычных рэзалюцый Савета Бяспекі і Генеральнай Асамблеі ААН. Краіны СНД прынялі таксама зварот у сувязі з 30-й гадавінай аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
Важныя рашэнні таксама прыняты для ўмацавання гуманітарнага супрацоўніцтва, у тым ліку аб прававым забеспячэнні міграцыйных працэсаў у Садружнасці, аб рэалізацыі міждзяржаўнай праграмы “Культурныя сталіцы Садружнасці”. Культурнай сталіцай СНД у наступным годзе аб’яўлены горад Дашагуз (Туркменістан).

***

У заяве кіраўнікоў дзяржаў СНД з нагоды 70-годдзя стварэння ААН, прынятай на пасяджэнні СКД у вузкім складзе, канстатуецца, што краіны СНД выступаюць за ўмацаванне цэнтральнай ролі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у забеспячэнні міру, бяспекі і ўстойлівага развіцця, захаванне асноўнай адказнасці Савета Бяспекі ААН у падтрыманні міжнароднага міру і бяспекі, прадугледжанай статутам арганізацыі, адзначаюць важнасць рэформы і ўдасканалення структуры ААН.
У заяве сказана, што Савет Бяспекі ААН павінен стаць больш прадстаўнічым і эфектыўным, каб адпавядаць патрабаванням сучаснага свету, а ўся дзейнасць арганізацыі павінна садзейнічаць прыняццю рашэнняў, якія дэманструюць агульную прыхільнасць да мэт і прынцыпаў Статута ААН.
Акрамя таго, у заяве адзначаецца істотны ўклад ААН у станаўленне незалежных дзяржаў, урэгуляванне міжнародных і ўнутрыдзяржаўных канфліктаў, а таксама яе вядучая роля ў падтрыманні міжнароднага міру і бяспекі.
У дакуменце падкрэсліваецца, што працэсы глабалізацыі, якія адбываюцца ў свеце, новыя выклікі і пагрозы, у першую чаргу рэлігійны экстрэмізм, тэрарызм, транснацыянальная арганізаваная злачыннасць, наркатрафік, а таксама расізм, ксенафобія і звязаная з ёй нецярпімасць настойліва патрабуюць адаптацыі ААН да новых рэалій.
Увага дзяржаў — членаў ААН звяртаецца на тое, што для адэкватнага выканання арганізацыяй функцый цэнтра па каардынацыі міжнародных калектыўных намаганняў неабходна праявіць палітычную волю, мабілізаваць неабходныя рэсурсы і падтрымку, працаваць разам у мэтах дасягнення кансэнсусу, улічваючы інтарэсы кожнага ўдзельніка перагаворнага працэсу.

***

Кіраўнікі дзяржаў СНД у звароце ў сувязі з 30-й гадавінай аварыі на Чарнобыльскай АЭС аддалі даніну памяці загінуўшым у выніку чарнобыльскай трагедыі, падкрэслілі рашучасць і далей прыкладаць намаганні па пераадоленні наступстваў чарнобыльскай катастрофы. У звароце змешчаны заклік усяляк садзейнічаць вырашэнню праблем, звязаных з наступствамі ўдзелу ветэранаў-чарнобыльцаў у ліквідацыі катастрофы.
Наступствы чарнобыльскай катастрофы ўсё яшчэ негатыўна ўплываюць на жыццё часткі насельніцтва, якое пражывае на забруджаных тэрыторыях, і ў сувязі з гэтым вітаюцца намаганні міжнароднай супольнасці, накіраваныя на рэалізацыю праекта па будаўніцтве ахоўных збудаванняў ЧАЭС, адзначаецца ў звароце.
Кіраўнікі дзяржаў СНД канстатавалі, што трэцяе дзесяцігоддзе пасля Чарнобыля, абвешчанае Генеральнай Асамблеяй ААН Дзесяцігоддзем рэабілітацыі і ўстойлівага развіцця пацярпелых рэгіёнаў, садзейнічала рэалізацыі міжнародных праграм і праектаў. Яны паспяхова дапоўнілі намаганні ўрадаў дзяржаў, якія пацярпелі, у галіне радыеэкалагічнай адукацыі, інфармацыйнай падтрымкі бяспечнага пражывання на тэрыторыях радыеактыўнага забруджвання, а таксама актывізацыі ўдзелу мясцовага насельніцтва ў вырашэнні канкрэтных сацыяльна-эканамічных праблем у рэгіёнах, што пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
Краіны СНД заклікаюць сусветную супольнасць прадаўжаць супрацоўніцтва па ўстараненні і мінімізацыі прыродных і тэхнагенных выклікаў і пагроз надзвычайнага характару, выкарыстоўваючы формы ўзаемадзеяння, якія паспяхова зарэкамендавалі сябе і прадугледжваюць рэалізацыю мэтавых праграм, праектаў і ініцыятыў, што дапаўняюць маштабныя намаганні дзяржаў па далейшым сацыяльна-эканамічным развіцці пацярпелых рэгіёнаў.