Прырода, натхненне і “Фантазія”

- 12:16Навіны рэгіёнаў

Сёння, калі востра стаіць пытанне занятасці дзяцей, развіцця іх творчага патэнцыялу, умення праводзіць свой вольны час з карысцю, асабліва актуальная гуртковая работа. Менавіта пазаўрочная дзейнасць па абслуговай працы напоўніцу задавальняе патрэбы дзіцяці ў творчым самавыяўленні. З гэтай мэтай у нашай школе для вучняў з 5 па 10 клас працуе гурток “Фантазія”.

Дзейнасць гуртка цесна звязана з вучэбна-выхаваўчым працэсам, які адлюстроўваецца ў агульнашкольных мерапрыемствах, прымеркаваных да якога-небудзь свята, падзеі, імпрэзы. Любое мерапрыемства суправаджаецца выступленнямі агітбрыгады, дэманстрацыяй сцэнак, спектакляў або літаратурных кампазіцый. І тут не абысціся без дэкарацый, рэквізіту, касцюмаў, прызоў і падарункаў. Не заўсёды можна набыць тое, што трэба на пэўны момант, а ва ўмовах сельскіх населеных пунктаў — практычна немагчыма.

Усе вышэйпералічаныя праблемы ў нашай школе вырашаюцца ў гуртку “Фантазія”, які працуе ў трох блоках: выраб падарункаў і сувеніраў, пашыў і рэстаўрацыя карнавальнага, фантазійнага і сцэнічнага касцюма і вырабы з адходаў сваімі рукамі.

Праграмай гуртковай работы прадугледжана стварэнне ў першым блоку дэкаратыўных пано, карцін, віншавальных паштовак, падарункаў, сувенірных вокладак, закладак для кніг, вырабленых у тэхніцы бісерапляцення, нітачнага дызайну, аплікацыі, вышыўкі, вязання кручком, пруткамі і г.д.

Напаўненне заняткаў у другім блоку залежыць ад кірунку мерапрыемстваў, патрэб і сцэнарыяў, якія вызначаюць канчатковы прадукт працы.

Больш падрабязна хачу спыніцца на трэцім блоку. Пакуль навукоўцы вырашаюць праблему прымянення адходаў, творчыя людзі і людзі мастацтва майструюць з іх сувеніры і патрэбныя ў побыце рэчы. З кожным годам іх становіцца ўсё больш. Варта выкарыстоўваць вопыт Японіі і Кітая, дзе такія вырабы заваявалі небывалую папулярнасць, бо менавіта ў гэтых краінах прапагандуюцца безадходныя тэхналогіі і з ранняга дзяцінства вучаць беражліва ставіцца да рэчаў.

Арыгінальныя і цікавыя вырабы з адходаў няцяжка зрабіць, было б жаданне. Таму з гэтага матэрыялу можна выканаць шмат цікавых рэчаў і вырабаў, даць другое жыццё непрыдатнаму матэрыялу.

Школьнікі, натхнёныя ідэяй даць другое жыццё непрыдатнаму матэрыялу, навучыліся выкарыстоўваць у творчасці прадметы бытавых адходаў: аднаразовы посуд, шкарлупіны ад яек і фісташак, кардонныя скрынкі, паперу, газеты, старыя дыскі, латкі з-пад яек, габлюшку з алоўкаў, пластыкавыя бутэлькі, тэтрапакеты з- пад соку і малака, шкляначкі ад ёгурту і многае іншае. Гледзячы на прыгожыя вазачкі, аловачніцы, ігольніцы, кашпо для вазонаў, часам цяжка паверыць, што яны зроблены з пластыкавых бутэлек.

Аднаразовы посуд — выдатны матэрыял для стварэння цудоўных дзіцячых вырабаў. Выкарыстоўваючы лыжкі, відэльцы і талеркі, можна зрабіць вельмі шмат вырабаў. Упрыгожыць сподачак і ператварыць яго ў насценнае пано дапаможа пластылін і каляровая папера. А кавалачкі тканіны ператвораць пластыкавыя відэльцы ў прыгожыя вееры. Выкарыстоўваючы бісерапляценне, квілінг, роспіс, дэкупаж, навучэнцы ператвараюць старыя лямпачкі ў навагоднія ёлачныя цацкі. Такія цацкі не горшыя, чым магазінныя. Падабаецца дзецям і выраб званочка са шкляначкі ад ёгурту. Упрыгожыць шклянку можна гафрыраванай паперай, бліскаўкамі, каляровай паперай, паеткамі і пацеркамі, атласнымі банцікамі. А навагодняй атрыбутыкі дадасць яму ёлачныя мішура.

У гуртку школьнікі майстравалі і іншыя арыгінальныя работы з падручных матэрыялаў: з пакетаў ад соку і малака рабілі цацачныя шафкі, машыны, скарбонкі, дзіцячыя кубікі, казачны домік для лялек. Усё гэта школьнікі дораць выхаванцам дзіцячага садка.

Практыка паказвае, што цікавасць да апрацоўкі розных матэрыялаў у дзяцей вялікая. Што трэба для таго, каб навучыць дзяцей якасна выконваць работу? Па-першае, педагог павінен у дасканаласці валодаць працоўнымі прыёмамі, якімі вучыць дзяцей, ведаць усе тонкасці работы, умець звярнуць увагу дзяцей на гэтыя тонкасці. Пры правядзенні практычных заняткаў неабходна абмяркоўваць розныя варыянты выканання заданняў па ўзоры і задумы, складання эскізаў, пакрокавай працы. Па-другое, кіраўнік гуртка павінен пашыраць веды гурткоўцаў, выкарыстоўваючы экскурсіі, конкурсы, віктарыны, гісторыю. Трэцяя ўмова — фарміраванне і развіццё ў дзіцяці навыкаў самакантролю. Тут справа ўскладняецца тым, што дзецям заўсёды падабаюцца выкананыя імі работы, яны не бачаць у іх недапрацовак. Вынікі дзейнасці гуртка падводзяцца на выставе, дзе прадстаўляюцца лепшыя работы навучэнцаў, якія ўзнагароджваюцца граматамі.

Штогод у Брэсцкай вобласці праводзіцца экалагічная акцыя “Падтрымаем птушак!”. У акцыі прынялі ўдзел і навучэнцы нашага гуртка. Васьмікласніца Таццяна Русакевіч прадставіла сваю кавярню для птушак “Калі ласка”. Таццяна стала пераможцай конкурсу сярод удзельнікаў 6—11 класаў у намінацыі “Кармушка з другаснай сыравіны”. Гэта яшчэ раз даказвае, што другое жыццё ў бытавых адходаў ёсць. Патрэбна толькі ідэя, фантазія, цярпенне і рукі, якія ўсё ўвасобяць у жыццё.

Высокія вынікі ў нашых гурткоўцаў і ў конкурсах “Саматканы цуд” (у рэспубліцы — 3-е месца), “ТэхнаЁлка” (у раёне 2-е месца), у абласных этапах конкурсаў “Вясёлкавы калейдаскоп”, “Добры дзень, свет!” і “Калядная зорка”, “Ратавальнікі вачыма дзяцей” (2016, 2017 год — дыпломы ІІ ступені).

Людміла РУСАКЕВІЧ,
настаўніца абслуговай працы, педагог дадатковай адукацыі
Тухавіцкай сярэдняй школы Ляхавіцкага раёна 
Брэсцкай вобласці.