Прырода пад нашай аховай

- 12:44Выхаванне

Як пазбавіць вадаёмы Беларусі ад мікрапластыку? Ці можна назбіраць у забруджаных радыенуклідамі лясах экалагічна чыстых ягад? Чаму дубы-асілкі губляюць сілы і як экалогія можа дапамагчы хворым на каранавірус? На гэтыя і сотні іншых важных пытанняў далі адказы ўдзельнікі ХХХІІ Рэспубліканскага конкурсу навуковых біёлага-экалагічных работ (праектаў) навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі і ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Каб адчуць дух вялікай навукі і сілу дзіцячых памкненняў палепшыць экалогію Беларусі, мы завіталі ў Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства, дзе праходзіў фінал конкурсу і абарона экалагічных праектаў.

Кацярына Мамаева ў РЦЭіК вывучае свет бактэрый.

Юная навука

Гэтым разам удзельнікамі заключнага этапу конкурсу сталі больш за 100 навучэнцаў з усіх рэгіёнаў Беларусі, атрымаўшы перамогу на абласных і мінскім гарадскім этапах. Свае работы канкурсанты прадставілі ў 10 навуковых секцыях, вывучаючы экалогію раслін і жывёл, водных экасістэм і паветра, змяненне клімату, нанатэхналогіі і інш. Работы юных вучоных-эколагаў ацэньвалі іх дарослыя калегі з вядучых універсітэтаў і навуковых устаноў краіны: БДУ, БДТУ, БДЭУ, Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага інстытута імя А.Д.Сахарава БДУ, Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, шматлікіх інстытутаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Юныя вучоныя прадставілі на суд сваім дарослым калегам уласныя напрацоўкі па вызначэнні самых дзейсных метадаў і тэхналогій арганічнага земляробства — ад уплыву на рост таматаў абмагнічанай вады да аховы пладоў ад хвароб падчас росту і гнілі падчас захоўвання. Падзяліліся сваімі даследаваннямі адчувальнасці бактэрый да УФ-выпраменьвання да складу, высветлілі, як грыбныя хваробы выклікалі ўсыханне больш за паловы дубоў у дуброве Кіраўска. Даказалі, што з каранёў сумніка канадскага можна прыгатаваць прэпараты для дэзынфекцыі, а кампаненты пэўных эфірных маслаў здольны аблегчыць сімптомы COVID-19.

Глебу Вангулу, 8-клас­ніку з сярэдняй школы № 5 Мастоў, перамогу прынесла яго выяў­ленне відавой разнастайнасці, асаблівасцей біялогіі і экалогіі рыб, якія жывуць у Нёмане. Уздоўж яго берага ў цэнтры горада размяшчаецца горадаўтваральнае прадпрыемства ААТ “Мастоўдрэў”, якое мае сцёк непасрэдна ў раку Нёман. Гэтым і абумоўлена актуальнасць гэтага дас­ледавання. Двое апошніх летніх канікул Глеб правёў з вудай, фіксуючы кожны від злоўленай рыбы ў журнале ўловаў, а дас­ледаванне змяненняў унут­раных органаў злоўленай рыбы прывяло юнака да высновы, што павялічаныя ныркі ў плотак, хутчэй за ўсё, звязаны з парушэннем абмену рэчываў, што можа сведчыць аб прысутнасці ў вадзе таксікантаў, якія паступаюць з ААТ “Мас­тоўдрэў”.

Максім Лянчэўскі, 9-класнік сярэдняй школы № 18 Магілёва, стварыў партатыўны прыбор для кантролю ўтрымання вуглякіслага газу ў паветры. “У сувязі з тым, што сучасны чалавек значную частку часу праводзіць у закрытых памяшканнях, прычым найчасцей з герметычнымі ПВХ-вокнамі, якас ць паветра, якім мы дыхаем, становіцца адным з галоўных фактараў, якія аказва­юць уплыў на наша здароўе. Перанасычэнне паветра вуглякіс­лым газам негатыўна ўплывае на самаадчуванне людзей, вык­лікаючы дрымот­насць, апатыю, страту ўважлівасці, галаўны боль, удушша. Таму маніторынг канцэнтрацыі вуглякіслага газу ў паветры дапаможа заха­ваць здароўе лю­дзей і павялічыць прадукцый­насць іх працы ці вучобы”, — патлумачыў аўтар.

Ганна Казлова з Барысаўскага ЦЭіТ даследуе ваду на нітраты.

Распрацоўка Максіма больш простая ў параўнанні з аналагамі, кампактная, лёгкая ў эксплуатацыі і ў абслугоўванні і значна таннейшая: яе сабекошт — каля 30 рублёў. Па словах аўтара, прыбор можа выкарыстоўвацца ў школьных і жылых памяшканнях, студэнцкіх лабараторыях і аўдыторыях, а таксама на птушкафабрыках і свінафермах, у грамадскім транспарце, у цяпліцах і агароднінасховішчах. Цяпер юнак прадумвае, як атрымаць патэнт і перайсці на прамысловую вытворчасць і выкарыстанне (напрыклад, установамі адукацыі). А таксама плануе свае далейшыя даследаванні, у прыватнасці, лічыць карысным спалучыць з тэхналогіямі Wi-Fi і распрацаваць дадатак і вэб-сервер для аддаленага маніторынгу і кіравання прыладай.

Леанід Сцяпанавіч Чумакоў, член журы, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В.Ф.Купрэвіча НАН Беларусі:

“Сёння ўвага ўдзяляецца ў асноўным тэхналогіям, і мы рады, што знаходзяцца і тыя, хто клапоціцца пра нашу прыроду, нашу планету. Упэўнены, што многія з вас яшчэ стануць дактарамі навук, а можа, і акадэмікамі. Зрэшты, нават калі імі вы не станеце, мы ўдзячны вам за вашы спробы палепшыць нашу экалогію ўжо цяпер”.

Парады на будучыню

Як у любым конкурсе, на гэтым таксама былі мацнейшыя і слабейшыя работы. Тым, каму ніяк не ўдаецца выйсці ў лік лідараў, журы раіць пачаць з выбару актуальных тэм і практыка-арыен­таваных даследаванняў.

Леанід Сцяпанавіч Чумакоў, член журы, кандыдат біяла­гіч­ных навук, старшы навуко­вы супрацоўнік Інстытута экс­перы­ментальнай батанікі імя В.Ф.Куп­рэвіча НАН Беларусі, гаворыць: “Удзельнікам наступных конкурсаў я параіў бы, перш чым выконваць работу па назіраннях, маніторынгу і падобныя, параіцца з вучонымі наконт тэматыкі. Так час і рэсурсы, затрачаныя на даследаванне, прынясуць больш карысці. Скажам, вывучаеце вы бусла ці саву — пагутарыце з вучонымі, якія таксама дасле­дуюць іх папуляцыі. Яны вам падка­жуць, на што звярнуць увагу, якія даныя сабраць, вывучэнне якога боку жыцця птушак будзе больш актуальным, каб у спалучэнні з даследаваннем вучоных работа школьнікаў прынесла прыродзе больш карысці. Бо сама па сабе канстатацыя факта, што на нейкай канкрэтнай ферме пасяліўся сыч ці на пэўнай тэрыторыі дамінуюць пэўныя віды насякомых, птушак, не мае такой важнай навуковай цікавасці. Добра, калі хоць самому назіральніку было цікава, але і гэта не заўсёды.

Ці вось была работа па вызначэнні дамінуючых відаў клапоў. Ну навошта было ахопліваць адразу ўсе віды клапоў, якія сустракаюцца на тваёй тэрыторыі? Лепш бы ты ўзяў адну групу, скажам, шчытнікаў. У цябе іх у наваколлі было 5—6 відаў. Вывучыў бы іх сезонную дынаміку, распаўсюджванне, феналогію: калі яны ў стадыі лічынак, калі становяцца дарослымі, як рассяляюцца па тэрыторыі і г.д. Гэта была б карысная і важная работа, бо многіх такіх даных проста не знайсці.

Ці ўзяць, напрыклад, вывучэнне распаўсюджанасці інвазійных раслін. Як жа нам не хапае гэтых даных з рэгіёнаў! У акадэміі навук усяго 4 чалавекі займаюцца вывучэннем тэрыторый краіны, дзе перава­жаюць баршчэўнік, сумнік і г.д., таму дапамога навучэнцаў на месцах была б вельмі дарэчы. Сёння ў нас каля 50 інвазійных раслін занесена ў “Чорную кнігу флоры Беларусі”. Вывучыце хоць 1—2 з іх у сваім раёне ці ў населеным пункце, даследуйце іх распаўсюджванне, заканамернасці ці канкурэнтныя асаблівасці. Мы дадзім усе методыкі, усю інфармацыю — і карысць будзе і для саміх юных навукоўцаў, і для мясцовай прыроды, і для навукі”.

Алег Іванавіч Родзькін, старшыня журы, кандыдат біялагічных навук, дацэнт, загадчык кафедры інжынернай экалогіі БНТУ:

“Хоць наша свята навукі падышло да завяршэння, але, гаворачы словамі з песні, the show must go on. Гэта пачатак новага этапу для вас. Няма сумненняў, бо па сабе ведаю, што калі пачынаеш займацца навукай, то спыніцца немагчыма. І гэта здорава!”

З разлікам на сусветную аўдыторыю

Штогод у рамках рэспубліканскага конкурсу право­дзіцца абарона даследчых работ на англійскай мове, каб адаб­раць кандыдатаў у склад каманды Рэспублікі Беларусь для ўдзе­лу ў міжнародных алімпіядах, конкурсах і канферэнцыях па экалогіі. Сярод прызёраў у адной з англамоўных секцый (“Навакольнае асяроддзе і экасістэ­мы”) — Ксенія Андрайчук з гім­назіі Лунінца. Гэтае прозвішча доб­ра вядома нашым чытачам.

“У нас у сям’і ўсе любяць вучыцца. Так атрымалася, што мой брат сур’ёзна захапіўся экалогіяй і зацікавіў і мяне”, — тлумачыць сямейнае захапленне Ксенія. Уладзіслаў Андрайчук не раз быў у ліку лепшых на міжнародных конкурсах і алімпіядах, прадстаўляючы Беларусь і свае праекты па вывучэнні лячэбных уласцівасцей водарасцей. Сястра ж некалькі гадоў запар шукае шляхі ачышчэння глеб ад радыенуклідаў. Нязменным кіраўніком навучэнцаў з Лунінца застаецца А.А.Шавялёва, кіраўнік Студэнцкага навуковага таварыства “Батаніка. Прыкладная мікалогія” РЦЭіК.

Паліна Фяклістава, навучэнка РЦЭіК, і яе спосаб эказемляробства.

“Сёння дыскусія аб наступст­вах чарнобыльскай катастрофы актуальная не толькі ў Рэспубліцы Беларусь, але і ва ўсім свеце (цяпер у свеце дзейнічаюць 192 атамныя электрастанцыі). Падчас радыяцыйнага маніторынгу ўсё часцей выяўляюцца прыкметы перавышэння норм утрымання радыенуклідаў у сельскагаспадарчых глебах, — тлумачыць актуальнасць сваёй работы Ксенія. А сутнасць вынайдзенага спосабу ачысткі яна тлумачыць так: — Мы міцэ­лій грыбоў высяваем на салому, якая застаецца на полі пасля зжынання. Грыбы разрастаюцца і выцягваюць з глебы радыенукліды. А потым гэтую салому мы зграбаем і ўтылізуем на спецыяльных палігонах, якіх у нашым рэгіёне шмат. Ёсць і тэхналогія спальвання са спецыяльнымі фільтрамі. Мы восенню ўжо стварылі пробную пляцоўку ў полі на мяжы з лесам, дзе на глыбіні залажылі свае мікафільтры. Разлік на тое, што яны збяруць радыяцыю і з лясной глебы. Гэтай восенню атрымаем больш дакладныя вынікі”.

Перамогу ж у гэтай намінацыі атрымала 11-класніца Марыя Велікаселец з гімназіі № 18 Мінска. Яна таксама займалася на базе РЦЭіК, толькі яе кіраўніком быў педагог дадатковай адукацыі І.А.Русскіх. Марыя засяродзілася на вывучэнні перспектыў біялагічнай барацьбы з самымі папулярнымі на беларускіх бульбяных палях і градах з таматамі — фітафтарозам і фузарыёзам. У дапамогу яна ўзяла палачку — не, не чароўную, а сянную, але цудадзейных уласцівасцей, па меркаванні аўтара, у яе не менш.

“Сянная палачка, валодаючы цэлым шэрагам каштоўных уласцівасцей, здольна перамагчы шмат фітапатагенаў як грыбной, так і бактэрыяльнай прыроды, з’яўляецца важным аб’ектам біятэхналогіі для стварэння мноства біяпрэпаратаў для аховы раслін. У цяперашні час больш за 7 прэпаратаў на аснове сянной палачкі зарэгістравана ў Дзяржаўным рэестры сродкаў аховы раслін і ўгнаенняў, дазволеных да выкарыстання на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Мы пратэсціравалі ўсе гэтыя прэпараты і высветлілі, што сярод іх самы дзейсны ў дачыненні да ўзбуджальніка фітафтарозу і фузарыёзу прэпарат “Бактаген”. Работа па стварэнні новых, больш дасканалых прэпаратаў, з’яўляецца актуальнай і вядзецца ў многіх навуковых цэнтрах краіны. Вылучылі новы эфектыўны штам з агароднай глебы і мы”, — гаворыць Марыя.

Хутка стануць вядомы імёны тых, хто прадставіць Беларусь на міжнародных конкурсах і алімпіядах. Поўны спіс пераможцаў конкурсу гля­дзіце на сайце РЦЭіК.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота з архіва канкурсантаў.