Прыродаадпаведная тэхналогія

На базе гімназіі № 1 Жлобіна прайшоў рэспубліканскі семінар “Практычныя аспекты рэалізацыі і завяршэння інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі “Перавернуты ўрок” як механізма павышэння якасці адукацыі навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі”.

У выніковым семінары выступалі ўдзельнікі інавацыйнага праекта і навуковы кіраўнік прафесар кафедры педагогікі і менеджменту адукацыі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Мікалай Іванавіч Запрудскі.

Сустрэча пачалася са знаёмства з першай гімназіяй Жлобіна. Яе дырэктар Таццяна Міхайлаўна Калькова азнаёміла гасцей з асноўнымі фактамі гісторыі сваёй установы, з яе дасягненнямі, сучаснай вучэбна-праметадычнай структурай. Але асноўны ўпор у сваім выступленні кіраўнік зрабіла на асаблівасцях рэалізацыі мадэлі “Перавернутае навучанне” ў гімназіі. Інавацыйны праект стартаваў у 2016 годзе. Калі ў першы год інавацыйная каманда складалася з 10 педагогаў і 162 навучэнцаў, то зараз, у 2018/2019 навучальным годзе, у ёй працуюць 14 педагогаў і 210 навучэнцаў.

Касцяк інавацыйнай групы — гэта намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Іна Віктараўна Сапронава (ажыццяўляе арганізацыйна-метадычнае, вучэбна-метадычнае, інфармацыйнае забеспячэнне інавацыйнай дзейнасці), настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Вольга Аляксандраўна Ніжнікава (раённы трэнер па грамадазнаўстве; яе навучэнцы рэгулярна паспяхова выступаюць на алімпіядах і конкурсах), настаўніца англійскай мовы Ірына Іванаўна Анікеенка (яе навучэнцы з’яўляюцца прызёрамі алімпіяд і такіх абласных конкурсаў па англійскай мове, як “Мастацтва гаварыць”, “Залатая ліра”; у 2018/2019 навучальным годзе Ірына Іванаўна стала дыпламантам III ступені на абласной алімпіядзе настаўнікаў англійскай мовы), настаўніца біялогіі Наталля Анатольеўна Ільінова (яе навучэнцы з’яўляюцца прызёрамі алімпіяды на ўзроўні раёна і вобласці, паказваюць высокія вынікі пры здачы ЦТ), настаўніца рускай мовы і літаратуры Наталля Сяргееўна Кавалькова-Касцян (як і яе навучэнцы, з’яўляецца ўдзельнікам і пераможцам шматлікіх творчых конкурсаў; захапляецца фатаграфіяй).

Асноўнымі напрамкамі рэалізацыі інавацыйнага праекта па ўкараненні перавернутага навучання ў гімназіі з’яўляюцца: работа з педагагічнымі кадрамі, якая ўключае інструктыўна-метадычныя нарады, метадычныя, педагагічныя саветы; вернісаж урокаў; семінары; педагагічныя лабараторыі; кансультацыі; навучанне на курсах і семінарах; трансляцыя вопыту. Работа з навучэнцамі складаецца з псіхалагічнай дыягностыкі, дыягностыкі ўзроўню навучанасці, тлумачальнай работы па выкананні дамашніх заданняў, правядзення перавернутых урокаў.

Работа з бацькамі прадугледжвае бацькоўскія сходы, кансультацыі, адкрытыя перавернутыя ўрокі. Не менш важным для рэалізацыі інавацыйнага праекта стала паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы. У вучэбных кабінетах гімназіі падключаны інтэрнэт, створаны пункты доступу ў бібліятэцы, настаўніцкай, папоўніўся банк інфармацыйна-камунікацыйных сродкаў.

У навучальнай установе правялі педагагічны савет “Арганізацыя сістэмы кантролю вучэбнай дзейнасці, эфектыўныя формы арганізацыі дзейнасці вучняў на ўроку праз выкарыстанне тэхналогіі перавернутага навучання”. Прадстаўнікі інавацыйнай групы сталі актыўнымі ўдзельнікамі раённага семінара-практыкуму для намеснікаў дырэктараў па вучэбнай рабоце “Інавацыйныя шляхі павышэння якасці адукацыі: мадэль “Перавернуты ўрок”. На раённым фестывалі педагагічнага майстэрства настаўніца пачатковых класаў гімназіі Ж.В.Курмашова прадстаўляла свой вопыт работы па прымяненні перавернутага навучання.

82% апытаных навучэнцаў гімназіі № 1 Жлобіна — за перавернутае навучанне. 64% адзначылі, што засваенне вучэбнага матэрыялу адбываецца лягчэй. У 67% навучэнцаў палепшыліся вынікі за чвэрць, а 19% адзначылі павышаную нагрузку пры падрыхтоўцы дамашняга задання. Калі гаварыць пра настаўнікаў, то яны заўважылі павелічэнне сваёй пазаўрочнай нагрузкі, якая заключаецца ў праектаванні ўрокаў і падрыхтоўцы вучэбных матэрыялаў.

Яшчэ адна праблема, якая назіралася пры рэалізацыі тэхналогіі перавернутага навучання, — гэта недахоп рознаўзроўневага і шматварыятыўнага практычнага і дыдактычнага матэрыялу з крытэрыямі ацэнкі (у выніку зноў узрастае нагрузка на настаўніка па падрыхтоўцы такога матэрыялу). Акрамя таго, педагогі адзначылі недастатковае ўменне працаваць з рознымі камп’ютарнымі праграмамі.

***

Удзельнікі семінара атрымалі магчымасць паглядзець урокі, пабудаваныя на прынцыпе перавернутага навучання. У першай гімназіі Жлобіна падрыхтавалі два адкрытыя ўрокі. Частка гасцей пайшла на ўрок біялогіі ў 8 класе да Наталлі Ільіновай, другая частка — на ўрок па грамадазнаўстве ў 11 класе да Вольгі Ніжнікавай. Я паспела наведаць абодва ўрокі. Было цікава паглядзець, як перавернутае навучанне дзейнічае на розных дысцыплінах і ў розных класах.

Тэма ўрока біялогіі гучала як “Выкарыстанне насякомых чалавекам”. У пачатку дзеці задалі настаўніцы пытанні, якія ў іх узніклі пры самастойным вывучэнні новага матэрыялу на этапе падрыхтоўкі да ўрока. Пасля адказаў працавалі з бліцапытаннем, выконвалі тэставыя заданні і практычную работу. Навучэнцы працавалі ў парах, групах, індывідуальна. Урок атрымаўся вельмі прадукцыйным. Яго мэта была дасягнута: васьмікласнікі свабодна расказвалі пра пчалярства і шаўкаводства (прадукцыю), спосабы вызначэння якасці мёду. Замацавалі свае ўменні па сама- і ўзаемакантролі. Настаўніца ўмела арганізавала работу ўсяго класа, прычым кожны працаваў у адпаведнасці са сваім узроўнем і імкнуўся яго павысіць.

Урок грамадазнаўства ў 11 класе быў насычаным, палемічным, эмацыянальным і вельмі цікавым. Яго тэмай стала крымінальнае права. Адзінаццацікласнікі прыйшлі вельмі падрыхтаванымі. Яны настолькі ўмела аперыравалі нормамі законаў, разважалі пра маральнае права і крымінальную адказнасць, што нельга было не заўважыць захаплення ў вачах гасцей. У канцы ўрока прагучалі заслужаныя апладысменты ў адрас настаўніцы і навучэнцаў. Хацелася крыкнуць “Брава!”. Навучэнцы былі вельмі актыўнымі на працягу ўсіх 45 хвілін. Многія ўдзельнікі семінара адзначалі, што калі працуеш па перавернутым навучанні ў старшых класах, то з матывацыяй дзяцей асаблівых праблем не ўзнікае. Большасць старшакласнікаў ужо вызначылася з далейшым адукацыйным шляхам, таму веды бяруць па максімуме. А перавернутае навучанне дазваляе рабіць гэта больш эфектыўна, бо, як вядома, яно грунтуецца на самастойнай падрыхтоўцы навучэнцаў.

Абодва ўрокі былі ацэнены вельмі высока. І настаўніца біялогіі Наталля Анатольеўна Ільінава, і настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Вольга Аляксандраўна Ніжнікава даказалі, што перавернутыя ўрокі вельмі эфектыўныя. Так, яны патрабуюць падрыхтоўкі як з боку навучэнцаў, так і з боку педагога, але вынік таго варты.

Пасля майстар-класаў сваім вопытам падзяліліся яшчэ два педагогі гімназіі. Настаўніца англійскай мовы І.І.Анікеенка прэзентавала вопыт работы з платформай Efsyclass на факультатыўных занятках у 11 класе, а настаўніца рускай мовы і літаратуры Н.С.Кавалькова-Касцян — выкарыстанне Googlе-форм пры рабоце з вучнямi на ўроках рускай мовы і літаратуры.

Падчас работы круглага стала “Інфраструктурныя аспекты рэалізацыі праекта. Аб завяршэнні інавацыйнага праекта” сталічныя настаўнікі замежнай мовы (з сярэдняй школы № 10 Мінска) папоўнілі метадычную скарбонку калег адрасамі яшчэ некалькіх адукацыйных платформ — Padlet.com, Quizlet.com і Edpuzzle.com. Гэтыя платформы падыхо-дзяць для засваення лексікі, дазваляюць праяўляць ініцыятыву (напрыклад, устаўляць сваё відэа).

***

Каб падвесці вынікі, Мікалай Іванавіч Запрудскі падрыхтаваў для ўдзельнікаў семінара 6 пытанняў:

1. Чаму новаму ў кантэксце перавернутага навучання за апошні год навучыліся настаўнікі вашай навучальнай установы?

2. Як у сувязі з укараненнем інавацыі ў вашых школах (гімназіях) арганізавана метадычная работа?

3. Ці скардзяцца бацькі вашых навучэнцаў, што некаторыя настаўнікі не тлумачаць новую тэму? Калі не — як вам удалося гэтага пазбегнуць? Калі так — што вы збіраецеся рабіць?

4. Ці заўважылі вы, што перавернутае навучанне пазітыўна паўплывала на матывацыю, адказнасць і якасць адукацыі вучняў? Як вы гэта вызначалі?

5. Праект хутка скончыцца. Ці ведаеце вы, як пісаць выніковую справаздачу?

6. Ці будзе ў вашай установе перавернутае навучанне ў наступным навучальным годзе?

Адказваючы на першае пытанне, усе адзначылі, што ўдзельнікі інавацыйнага праекта змаглі засвоіць шэраг камп’ютарных праграм, а гэта адкрывае ў далейшым новыя магчымасці.

У гімназіі № 6 Мінска, дзякуючы інавацыйнаму праекту па перавернутым навучанні, педагогі зрабілі вялікі крок наперад. Настаўнікі пачалі здымаць свае відэа, дзе тлумачаць новую тэму. Асабліва актыўнай у гэтым з’яўляецца настаўніца беларускай мовы і літаратуры Святлана Крамкоўская. Акрамя таго, у гімназіі павысілася інфармацыйная кампетэнтнасць педагогаў. Кожныя канікулы адзін дзень тут адводзіцца пад калегіяльнае метадычнае навучанне, калі настаўнікі вучаць адно аднаго таму, чаму навучыліся самі.

Прадстаўнікі гімназіі Мікашэвіч заўважылі, што, арганізоўваючы метадычную работу ў сваёй установе, адштурхоўваюцца ад індывідуальных запытаў кожнага педагога. Папулярнай стала такая форма метадычнай работы, як перавернуты семінар. М.М.Запрудскі дадаў, што сёння вельмі актуальным з’яўляецца мікранавучанне, калі настаўнікі вучацца адно ў аднаго. “Цудоўна, калі ўрок распрацоўваецца некалькімі педагогамі, пасля дэманструецца калегам, а потым абмяркоўваецца”, — адзначыў ён.

Абмяркоўваючы ўдзел бацькоў у інавацыйнай дзейнасці, настаўніца французскай мовы сярэдняй школы № 11 Маладзечна Галіна Пятроўна Пішчык адзначыла, што мамы і таты не скардзяцца. У прыватнасці, у 11-й школе Маладзечна з бацькоўскай грамадскасцю працуюць сістэмна, пастаянна вядзецца тлумачальная работа. “Для бацькоў вельмі важна бачыць прыклады работы ў рамках перавернутага навучання. Неабходна таксама індывідуальнае кансультаванне татаў і мам”, — сказала Галіна Пятроўна.

Многія ўдзельнікі інавацыйнага праекта гаварылі пра павышэнне якасці адукацыі. У Альхоўскай сярэдняй школе Астравецкага раёна перавернутае навучанне дапамагло навучыць дзяцей рашаць складаныя задачы па фізіцы, матэматыцы і падрыхтаваць канкурэнтаздольных выпускнікоў. Дырэктар сярэдняй школы № 16 Полацка адзначыла, што перавернутае навучанне дапамагае падцягнуць сярэдніх вучняў, з чым пагадзіліся многія калегі. Акрамя таго, перавернуты ўрок спрыяе засваенню вялікага аб’ёму інфармацыі, што сёння асабліва актуальна ў старшых класах. Усё гэта дае падставы меркаваць, што перавернутае навучанне застанецца ў нашых школах і гімназіях.

Закранаючы пытанне падрыхтоўкі выніковай справаздачы, Мікалай Іванавіч звярнуў увагу, што на базе АПА праводзяцца спецыяльныя курсы, але іх варта наведваць з чарнавіком справаздачы, звярнуў увагу на старонку на сайце акадэміі, на якой змешчаны адпаведныя рэкамендацыі. Падсумоўваючы, кансультанты праекта М.І.Запрудскі адзначыў: для сённяшняга пакалення вучняў, якое называюць Z-генерацыяй, тэхналогія перавернутага навучання найбольш падыходзіць, бо з’яўляецца прыродаадпаведнай, улічвае жаданне дзіцяці самастойна рухацца па сваім адукацыйным шляху. Удзельнікі інавацыйнага праекта знаходзяцца на перадавой сучаснай педагогікі і дыдактыкі, што не толькі павышае іх прафесійны ўзровень, але і з’яўляецца арыенцірам для ўсёй педагагічнай грамадскасці краіны.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.