Прыродазнаўчы тыдзень у школе

- 15:28Нам пішуць

Зусім нядаўна ў сярэдняй школе № 7 Навагрудка прайшоў традыцыйны тыдзень прыродазнаўчых навук, мэта якога — замацоўваць засвоеныя ў навучальным годзе веды, развіваць творчыя ўменні, а таксама павышаць матывацыю да вывучэння асобных прадметаў.

Тыдзень пачаўся з урачыстага адкрыцця пад гукі фанфар у фае школы, дзе ўсіх гасцей сустракалі памочніцы, якія прадстаўляюць чатыры навукі: хімію, біялогію, гісторыю і геаграфію.

З першага дня для вучняў была падрыхтавана шырокая праграма.

Адкрыла парад навук хімія. Для першакласнікаў было праведзена займальнае падарожжа па краіне Хіміі, а навучэнцы 8-х класаў, ужо бліжэй знаёмыя з хіміяй, маглі прадэманстраваць свае сілы і пазнанні ў гульні “Зорны час”.

Працягам прадметнага тыдня стаў дзень біялогіі. У фае школы трансляваліся тэматычныя відэаролікі, а для вучняў 3-х і 7-х класаў — інтэрактыўныя пляцоўкі “Дзівосны свет біялогіі”. Госці маглі пазнаёміцца з калекцыяй матылькоў, а таксама экспанатамі, якія адлюстроўваюць асаблівасці натуральнага асяроддзя пражывання розных жывёл. Навучэнцы 7-х класаў узялі ўдзел у рабоце інтэрактыўнай пляцоўкі “Свет мікрабіялогіі”, дзе вучыліся самастойна ствараць мікрапрэпараты.

Чацвёрты дзень прадметнага тыдня быў прысвечаны гісторыі. Для вучняў розных узростаў — ад 2 да 11 класаў — на працягу ўсяго дня на перапынках транслявалася відэа: малышы маглі паглядзець мультфільм, прысвечаны міфам Старажытнай Грэцыі, а навучэнцы сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту — бліжэй пазнаёміцца з гісторыяй нашай краіны на розных этапах. У актавай зале адбылася сустрэча з дырэктарам музея яўрэйскага супраціўлення Т.Г.Вяршыцкай. Памяці вядомага навагрудчаніна Барыса Кіта было прысвечана мерапрыемства “Чалавек космасу”. Таксама адбылася інтэлектуальная гульня “Я — знаўца гісторыі старажытнага свету”. Цікавасць выклікала квэст-гульня “Па старонках гісторыі”.

Пяты дзень тыдня прародазанаўчых навук быў прысвечаны геаграфіі. Працавала выстава геаграфічных газет, падрыхтаваных навучэнцамі. Прайшоў інтэлектуальны рынг “Па старонках геаграфіі” і віктарына “Займальная геаграфія”.

Закрыццё прадметнага тыдня завяршылася наведваннем вучнямі 6—10-х класаў памятных месцаў і музеяў нашага горада, а таксама ўрачыстай лінейкай, дзе былі падведзены вынікі і адзначаны тыя, хто праявіў сябе найлепш.

Значнасць такіх тыдняў неацэнная. Дзякуючы правядзенню падобнага роду мерапрыемстваў, навучэнцы глыбей спазнаюць асобныя прадметы ў гульнявой форме, што спрыяе павышэнню матывацыі і якасці ўзроўню ведаў. Акрамя гэтага, правядзенне прадметных тыдняў — своеасаблівая пляцоўка і для педагогаў, якія гатовыя дзяліцца ведамі і вопытам не толькі з навучэнцамі, але і адзін з адным і пастаянна ўдасканальваюць прафесійнае майстэрства.

Ю.Д.ГУРЭЦКІ,
настаўнік гісторыі сярэдняй школы № 7 Навагрудка.