Прыродная філасофія

“Каб улюбіць людзей у родны пасёлак, родны край, трэба самому быць яго фанатам”, — так пачынае расказваць пра справу свайго жыцця Кацярына Рэкуць, дырэктар эколага-біялагічнага цэнтра Мастоўскага раёна. Пра яе любоў да сваёй вёскі гаворыць кожны куток экалагічнага цэнтра, які 10 гадоў назад адкрыўся на тэрыторыі старога закінутага яблыневага сада і які яна з сябрамі-калегамі ператварыла ў зялёны аазіс.

“Мне з дзяцінства падабалася працаваць на зямлі, дапамагаць сваім бацькам на агародзе. Але асаблівая любоў у мяне была да кветак. Я не стамлялася здзіўляцца, назіраючы, як з маленькага зернетка вырастае і зацвітае кветка. Увесь вольны час я праводзіла ў агародчыку, пасынкуючы кветкі, збірала насенне ў сваіх знаёмых — купляць яго мне было нецікава”, — успамінае Кацярына Юр’еўна.

Пасля заканчэння факультэта біялогіі і экалогіі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы яна ледзь паспела страціць статус маладога спецыяліста (працавала ў адной са школ Зэльвеншчыны настаўніцай біялогіі і займалася азеляненнем прышкольнага ўчастка), як ёй даручылі кіраўніцтва экалагічным цэнтрам на яе роднай Мастоўшчыне. К.Рэкуць не спужала, што трэба было аднаўляць цэнтр з нуля, што яго тэрыторыя была ажно паўгектара, што дапамагалі ёй усяго тры педагогі, з якімі трэба было заняць экалагічнай справай сотні дзяцей.

“Усё атрымалася, бо нам гэта было вельмі цікава. Ды і з боку нашага кіраўніцтва з раёна і вобласці была каласальная маральная падтрымка. А калі цябе хваляць, калі людзям падабаецца, што ты ствараеш, хочацца горы звярнуць”, — гаворыць Кацярына Юр’еўна.

А звернутыя горы пачынаюцца ўжо на тэрыторыі цэнтра. Менавіта за яе афармленне на працягу ўсіх 10 гадоў свайго існавання ўстанова адзначаецца на конкурсах абласнога і рэспубліканскага маштабу. Замест модных ландшафтных стыляў з іх версалямі, англійскімі і японскімі садамі, Кацярына Юр’еўна засяродзілася на афармленні ў вясковым стылі. Тут пайшлі не па шляху “знайсці і здзівіць”, а здзіўляюць тым, што маюць.

“Людзі прыязджаюць з-за мяжы і часта імкнуцца ў сябе дома стварыць куточак толькі што пакінутай культуры: рыхтуюць месца пад набытыя рэдкія паўднёвыя расліны, выкідваючы бабуліны вяргіні, мальвы, геленіум, карэопсіс, крынічнік, нарцысы. Але прыгледзьцеся да іх! Няўжо яны нечым горшыя? Я не кажу ўжо пра капрызнасць паўднёвых раслін. Тое ж з лекавымі раслінамі, якія многія з лёгкасцю памянялі на аптэчкі лекаў. Нават на дачы сёння людзі едуць з таблеткамі, замест таго каб пасадзіць там мяту, мелісу, мацярдушку. У нас жа расце больш за 20 відаў лекавых траў. І мы з дзяўчатамі вучымся іх выкарыстоўваць у “Школе прыгажосці”: збіраем, гатуем з іх адвары, крэмы, настойкі, шампуні, параўноўваем іх эфектыўнасць з магазіннымі брэндамі”.

У цэнтры да месца кожная кветачка, травінка, якія прыносілі мясцовыя жыхары з бабуліных агародчыкаў і навакольных палёў. Менавіта макі, васількі, плямістыя зазюлькі, рамонкі сталі асновай букетаў для навучэнцаў аб’яднання па інтарэсах “Фларыстыка”, якое сёння, бадай, самае паспяховае ў рэспубліцы. Яго выхаванка Настасся Стэмплеўская заваявала ўсе самыя высокія ўзнагароды ў краіне, уключаючы перамогу на Рэспубліканскім конкурсе прафмайстэрства WorldSkills.

Вясковую афарбоўку тэрыторыі цэнтра надае і музей сялянскай працы пад адкрытым небам — тут можна пазнаёміцца з мноствам прылад розных часоў. А якая ж вёска без падворка? Кожны дзень у цэнтры пачынаецца з усходам сонца пад дружнае “кукарэку!”. У хатцы на курыных ножках жывуць куры розных парод. Дзеці кормяць іх, збіраюць яйкі.

“Самая цікавая парода — кахінхін, — бярэ ў рукі гаспадыня ўстановы прыгожую прысадзістую курачку. — Яны ласкавыя, ручныя, выводзяць пушыстых куранят, з якімі так любяць няньчыцца нашы выхаванцы. Не менш юных гасцей і на трусаферме, дзе мы гадуем на продаж вушасты маладняк”.

Цяпер цэнтр стаў не толькі месцам для экскурсій вяскоўцаў, узорам ландшафтнага дызайну, прыемных вячорак на прыродзе ўсёй сям’ёй, але і эпіцэнтрам правядзення ўсіх народных свят: Дажынак, Зажынак, Купалля, Каляд і іншых, на якія збіраюцца госці з навакольных вёсак. Прыязджаюць дарослыя да юных эколагаў і па парады. Выхаванцы цэнтра вырошчваюць у цяпліцах дыні, кавуны, агуркі, перцы, таматы. Яны эксперыментуюць, параўноўваюць розныя гатункі, выбіраюць з іх самыя лепшыя, падбіраюць мульчу для кожнай культуры, праводзяць доследы па вырошчванні бульбы, клубніц, вывучаюць арганічнае земляробства. Да юных эксперыментатараў сталі прыслухоўвацца і мясцовыя жыхары.

А яшчэ ўсе чакаюць, што здзейсніцца яшчэ адна задума дырэктара: Кацярына Юр’еўна марыць пра гадавальнік, дзе разам з дзецьмі будзе пасынкаваць і вырошчваць шматгадовыя дэкаратыўныя кусты. Першы крок яна ўжо зрабіла, стварыўшы бізнес-кампанію. Яшчэ дырэктар хоча навучыцца сама і навучыць дзяцей ствараць штамбавыя дэкаратыўныя дрэвы: ніцыя вербы, іглічныя і інш. Яна ўжо знайшла спецыяліста, які іх будзе вучыць. Значыць, хутка на Мастоўшчыну прыйдзе чарговая зялёная хваля.

Святлана НІКІФАРАВА.