Прысмакі з “Гастранамічнай лаўкі”

- 13:20Прафесійна-тэхнічная адукацыя

Для многіх мястэчак і раёнаў установы адукацыі становяцца культурнымі цэнтрамі, цэнтрамі новых ідэй і ініцыятыў. У іх нярэдка рэалізуюцца праекты, ладзяцца справы, карысныя не толькі для ўстановы і яе навучэнцаў, але і для грамадства ўвогуле. Прыкладам можа служыць Чэрыкаўскі дзяржаўны прафесійны ліцэй № 11, які стаў адным з арганізатараў рэгіянальнай ініцыятывы “Гастранамічная лаўка”.

Год назад ад ліцэя была адпраўлена заяўка на конкурс “Рэгіянальныя ініцыятывы для развіцця мікрарэгіёнаў”, які праводзіцца ў рамках праекта “Сеткавае ўзаемадзеянне для паляпшэння магчымасцей занятасці ў сельскіх раёнах Магілёўскай вобласці” і фінансуецца Еўрапейскім саюзам. Ініцыятыва ліцэя перамагла ў конкурсе.

Галоўная ідэя праекта — стварэнне дэманстрацыйнага аб’екта “Гастранамічная лаўка”. Гэта гандлёва-выставачны аб’ект, дзе рэалізуецца прадукцыя мясцовых вытворцаў — уладальнікаў уласных падсобных гаспадарак, фермераў. Справа ў тым, што многія ў сельскай мясцовасці вырабляюць добрыя, якасныя прадукты харчавання, аднак не маюць магчымасці іх рэалізаваць. З гэтым якраз дапамагае праект. Прычым “Гастранамічная лаўка” — праект міжраённы. Тры раёны-партнёры — Чэрыкаўскі, Слаўгарадскі і Краснапольскі — актыўна задзейнічаны ў яго рабоце.

Першым крокам у рэалізацыі праекта стала стартавая канферэнцыя. Удзел у ёй узялі прадстаўнікі кіраўніцтва раёнаў, якія сталі партнёрамі ў рамках праекта, а таксама ўладальнікі ўласных падсобных гаспадарак з трох раёнаў, якія маглі б прадставіць сваю прадукцыю ў “Гастранамічнай лаўцы”. На канферэнцыі пазнаёміліся з праектам і вырашылі арганізацыйныя пытанні.

У хуткім часе з’явілася і сама лаўка — палатка-павільён размясцілася ля інтэрната ліцэя. Кожны дзень тут прадаецца выпечка, якую гатуюць у ліцэі. Дарэчы, ідэя праекта сугучная з тымі прафесіямі, якія дае навучэнцам ліцэй: тут рыхтуюць кухараў, кандытараў, прадаўцоў. Навучэнцы ліцэя ў “Гастранамічнай лаўцы” могуць прымяняць свае прафесійныя веды. Разам з майстрамі вытворчага навучання і лабарантам вучэбнай лабараторыі яны гатуюць прысмакі, якія рэалізуюцца ў лаўцы: рулеты, бісквіты, кексы, булачкі, пірагі, піражкі, смажанкі, хот-догі, беляшы і іншае.

Па папярэдняй дамоўленасці сюды прыходзяць рэалізоўваць прадукты харчавання мясцовыя жыхары, а таксама прыязджаюць гандляры з суседніх раёнаў. Прадаюць мёд, мяса, сала, малако, тварог, сыры, яйкі. Каб гандаль ішоў больш актыўна, мясцовае насельніцтва апавяшчаюць праз групы ў сацыяльных сетках, раённую газету. Ды і сарафаннае радыё працуе добра — людзі ўпадабалі лаўку і нярэдка да моманту адкрыцця ля яе ўжо можна ўбачыць пакупнікоў. Таксама арганізавана дастаўка пакупак, каб атрымаць жаданыя прадукты маглі тыя, хто прыйсці ў лаўку ў вызначаны час не можа. Заказ можна пакінуць зноў жа праз сацыяльныя сеткі.

Для прыцягнення ўвагі да ініцыятывы ў “Гастранамічнай лаўцы” праводзяцца майстар-класы, вучэбныя мерапрыемствы. Вельмі спадабаўся, напрыклад, наведвальнікам майстар-клас па сыраварэнні ад гасцей са Слаўгарада. Майстар-класы праводзяць і ў анлайн-рэжыме.

Чэрыкаўскі ліцэй цесна звязаны з жыццём мясцовай супольнасці, тут добра ведаюць, як развіваецца раён. Задумваючы сваю ініцыятыву, спецыялісты ліцэя зыходзілі з таго, якія патрэбы і праблемы існуюць у раёне. Гэта недастатковая колькасць рабочых месцаў, складаная дэмаграфічная сітуацыя, адток маладога працаздольнага насельніцтва ў вялікія гарады.

— Праект прапануе магчымасці для стварэння ў раёнах найбольш спрыяльных умоў для занятасці насельніцтва: гэта і падтрымка прадпрымальніцкай ініцыятывы, і стымуляванне самазанятасці, і, безумоўна, індывідуальная работа з тымі грамадзянамі, якія не працуюць, але хочуць і могуць зарабляць сабе на жыццё, — падкрэслівае метадыст ліцэя Аляксандра Сяргееўна Салавец.

Дар’я РЭВА.
Фота прадастаўлены ўстановамі адукацыі.