Прыступка да новых вяршынь

Прадметная алімпіяда — гэта праверка не толькі ведаў, але і стойкасці, сабранасці, стрэсаўстойлівасці і нават знаходлівасці. Менавіта гэтыя якасці дэманстравалі ўдзельнікі трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды. На Міншчыне 968 вучняў з устаноў агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі змагаліся за дыпломы і права трапіць на заключны этап алімпіяды.

Сталіца і 8 гарадоў вобласці прымалі разумнікаў і разумніц. Знаўцы матэматыкі адправіліся ў Нясвіж, юныя інфарматыкі сабраліся ў Слуцку, аматары геаграфіі — ва Уздзе, працоўнага навучання — у Жодзіне, фізікі і астраноміі — у Вілейцы. У Барысаве праходзіла алімпіяда па гісторыі і грамадазнаўстве, у Салігорску — па рускай і беларускай мове і літаратуры, у Маладзечне — па хіміі, фізічнай культуры і здароўі. Дарэчы, на Міншчыне Абласная алімпіяда па фізкультуры ўжо праводзіцца 15 гадоў. На рэспубліканскім узроўні ў гэтым годзе яна праходзіць упершыню.

На алімпіяду ў сталіцу прыехалі юныя знаўцы біялогіі і замежных моў. Першыя выконвалі тэарэтычныя заданні ў Мінскім дзяржаўным абласным ліцэі, а практычныя — у лабараторыях БДПУ імя Максіма Танка. Аматараў англійскай, іспанскай, кітайскай, нямецкай, французскай моў вітаў Мінскі абласны ІРА.

124 юнакі і дзяўчаты прайшлі праз іспыты алімпіяды па замежных мовах. Традыцыйна алімпіяда прадугледжвала тры туры: лексіка-граматычны тэст, вуснае выказванне і аўдзіраванне. Члены журы алімпіяды па англійскай мове адзначаюць паступовы рост узроўню ведаў, які з году ў год дэманструюць удзельнікі.

— Мы бачым глыбокае пагружэнне ў замежную мову і культуру. Удзельнікі алімпіяды ўпэўнена працуюць з ідыёмамі, фразеалагізмамі, сінонімамі, дэманструюць багаты лексічны запас. Гэта станоўча ўплывае на вынікі вучняў, — расказвае старшыня журы Наталля Міхайлаўна Алешка, дацэнт кафедры тэорыі і практыкі англійскага маўлення МДЛУ. — Маналагічныя выказванні ўдзельнікаў алімпіяды цікавыя, арыгінальныя, напоўненыя, змястоўныя. Пераканана, такая моўная падрыхтоўка дапаможа ім рэалізаваць свой патэнцыял, якую б прафесію яны ні выбралі ў далейшым.

Сярод дзесяцікласнікаў лепшымі знаўцамі англійскай мовы сталі Хрысціна Растаргуева, навучэнка гімназіі № 1 Валожына, і Антон Міхнавец, які вучыцца ў сярэдняй школе № 4 Салігорска. А сярод навучэнцаў 11-х класаў лідарамі сталі адразу два прадстаўнікі гімназіі № 1 Дзяржынска — Надзея Высоцкая і Валянціна Хмялеўская. Усе яны ўзнагароджаны дыпломамі І ступені.

— Нашы настаўнікі не проста займаюцца з намі, яны нас падтрымліваюць маральна і псіхалагічна, — расказвае Надзея Высоцкая, навучэнка гімназіі № 1 Дзяржынска. — Яны цікавяцца не толькі тым, ці вывучылі мы матэрыял, але і шчыра перажываюць за наша здароўе, самаадчуванне, адносіны з сябрамі і блізкімі, заўсёды стараюцца зразумець, дапамагаюць вырашаць розныя праблемы. І гэта мае вялікае значэнне.

Члены журы звярнулі ўвагу на тое, што з кожным годам паляпшаецца ўспрыманне дзецьмі маўлення на слых, а таксама яны больш свабодна і ўпэўнена выказваюцца. Верагодна, гэта звязана з шырокімі магчымасцямі, якія прадастаўляюць сучасныя тэхналогіі — сёння можна без абмежаванняў глядзець фільмы і тэлеперадачы на замежнай мове, слухаць радыё.

— З кожным годам расце колькасць тэксту, які зразумелі дзеці на аўдзіраванні, — расказвае старшыня журы алімпіяды па французскай мове Іна Генадзьеўна Лебедзева, дацэнт кафедры фанетыкі і граматыкі французскай мовы МДЛУ. — Раней аўдзіраванне было самым складаным заданнем для ўдзельнікаў. А ў гэтым годзе яны слухалі неадаптаваны дыялог, гэта быў вельмі складаны тэкст, але дзеці справіліся з ім на добрым узроўні. Адзначу, што і з маналагічным маўленнем сітуацыя прагрэсіруе. Калі раней здараліся выпадкі, што ўдзельнік практычна нічога не адказваў на пытанні, то апошнім часам такога проста не бывае.

Уладальнікамі дыпломаў І ступені алімпіяды па французскай мове сталі Марыя Патапенкава, навучэнка 10 класа МДАЛ, і Дар’я Волчак, навучэнка гімназіі № 1 Салігорска. Дарэчы, прадстаўнікі гэтай гімназіі вельмі моцна выступілі на алімпіядзе па французскай мове — з сямі ўручаных дыпломаў атрымалі пяць.

Навучэнцы гімназіі № 2 Слуцка выдатна выступілі на алімпіядзе па нямецкай мове. Дыплом І ступені сярод адзінаццацікласнікаў і навучэнцаў 10-х класаў заваявалі прадстаўнікі гэтай установы адукацыі — Глеб Лук’яненка і Ульяна Чарніковіч. На першую прыступку п’едэстала гонару ўзнялася таксама дзесяцікласніца Юлія Дземідовіч, навучэнка сярэдняй школы № 5 Маладзечна.

Сярод навучэнцаў, якія вывучаюць іспанскую мову і вырашылі праверыць свае веды на алімпіядзе, найлепш выступілі барысаўчане — прадстаўнікі гэтага горада атрымалі пяць узнагарод з шасці. А лідарамі сталі навучэнцы сярэдняй школы № 17 дзесяцікласніца Марыя Караманава і адзінаццацікласнік Віталь Сягоднік.

Вывучэнне кітайскай мовы пашыраецца на Міншчыне, аднак пакуль застаецца рэдкасцю. Таму ўдзельнікаў на алімпіядзе па гэтым прадмеце было ўсяго трое. Лепшы вынік прадэманстравала навучэнка Чысцінскай сярэдняй школы Маладзечанскага раёна Юльяна Дзявятава. Юльяна — прыклад таго, што пры жаданні і плённай працы можна пераадолець любыя перашкоды. Дзяўчына вучыцца яшчэ толькі ў 8 класе, аднак выступіла на алімпіядзе лепш за старэйшых удзельнікаў. Прадмет яна вывучае на факультатыве, для чаго двойчы на тыдзень ездзіць з Чысці ў Маладзечна.

Па выніках трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах навучэнцы ўзнагароджаны 414 дыпломамі. З іх 216 удзельнікаў атрымалі дыпломы III ступені, 120 — II ступені і 77 чалавек — дыпломы I ступені. Былі сярод удзельнікаў тыя, хто звярнуў на сябе асаблівую ўвагу. Як, напрыклад, самыя юныя “зорачкі”. У алімпіядзе па вучэбным прадмеце “Геаграфія” нароўні са старшакласнікамі ўдзельнічала навучэнка 7 класа гімназіі № 1 Жодзіна Ганна Моўчан. А ўдзельнік алімпіяды па матэматыцы Яўген Шэшукоў вучыцца ў Лошніцкай гімназіі Барысаўскага раёна ў 6 класе! Адметна, што абодва юныя таленты выступілі годна і ўзнагароджаны дыпломамі ІІІ ступені.

На абласным этапе алімпіяды найбольш вынікова выступілі навучэнцы Маладзечанскага, Стаўбцоўскага, Барысаўскага, Вілейскага, Дзяржынскага, Салігорскага, Слуцкага, Мінскага, Клецкага, Капыльскага раёнаў і Жодзіна. Сярод устаноў найбольш паспяховымі былі МДАЛ, гімназіі № 1 Барысава і Жодзіна, гімназія-каледж мастацтваў Маладзечна. Для адных навучэнцаў выпрабаванне алімпіядай на гэтым завершана, для іншых — гэта прыступка да новых вяршынь. Жадаем ім гэтых вяршынь дасягнуць.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.