Прыступка на шляху да алімпійскіх вяршынь

- 10:47Актуально, Апошнія запісы

Свята спорту, юнацтва, прыгажосці і здароўя — менавіта такімі словамі міністр адукацыі Ігар Карпенка ахарактарызаваў Рэспубліканскую спартакіяду школьнікаў падчас свайго выступлення ў Магілёве на ўрачыстым адкрыцці фіналу дванаццатых па ліку спаборніцтваў. Сёлета маштабны спартыўны форум сабраў больш за 2,5 тысячы юных спартсменаў — прадстаўнікоў кожнага рэгіёна краіны і Мінска.

— Рэспубліканская спартакіяда — важная традыцыя нашай сістэмы адукацыі, — адзначыў Ігар Васільевіч. — Складана ўявіць вучэбны працэс без спартыўных спаборніцтваў, урокаў фізкультуры, шостага школьнага дня, у межах якога праходзяць розныя масавыя фізкультурныя святы. Таму пытанні здаровага ладу жыцця, развіцця фізічнай культуры сярод падрастаючага пакалення вельмі актуальныя. Ужо ў 2006 годзе па ініцыятыве кіраўніка дзяржавы спаборніцтвам быў дадзены новы старт: з тых часоў яны праводзяцца штогод і з’яўляюцца самым маштабным дзіцячым спартыўным мерапрыемствам у краіне.

У гэтым годзе Рэспубліканскую спартакіяду школьнікаў гасцінна прымае Магілёўшчына. Спаборніцтвы праходзяць з 8 па 23 чэрвеня на галоўных арэнах рэгіёна: не толькі ў абласным цэнтры, але і ў Бабруйску, Бялынічах, Горках. Асобныя віды спорту вынесены па-за межы вобласці: так, за медалі па веславанні на байдарках і каноэ спартсмены будуць спрачацца на базе гомельскай СДЮШАР № 6, за прызавымі месцамі па кулявой стральбе школьнікам і іх трэнерам давялося з’ездзіць у Барысаўскую СДЮШАР прафсаюзаў Мінскай вобласці.

— Рэспубліканская спартакіяда школьнікаў дэманструе лепшыя дасягненні юных спартсменаў нашай краіны, дае ім магчымасць ацаніць свае сілы і намеціць новыя рубяжы, — падкрэсліў міністр адукацыі. — Кожны з яе ўдзельнікаў прайшоў нялёгкі шлях да фіналу, многа трэніраваўся і паляпшаў свае спартыўныя вынікі. Гэта дазволіла дабіцца права ўвайсці ў склад зборных каманд сваіх рэгіёнаў, каб выйграваць і перамагаць, годна прадстаўляючы сваю малую радзіму на рэспубліканскім узроўні.

Звяртаючыся да моладзі, ён выказаў спадзяванні, што ў гэтых спаборніцтвах яны праявяць сябе з лепшага боку: пакажуць мужнасць і высакароднасць, сумленнасць і настойлівасць, волю да перамогі — аднак не за любы кошт, а выконваючы спартыўныя прынцыпы сумленнай гульні.

— Магчыма, у будучыні нехта з вас паднімецца на алімпійскі п’едэстал гонару, дасягне высокіх спартыўных вынікаў, некаму спорт проста дапаможа вырасці годнымі грамадзянамі сваёй Бацькаўшчыны, — сказаў Ігар Карпенка. — На гэтай спартакіядзе я нікому не буду аддаваць перавагі, таму што ўсе яе ўдзельнікі — гэта дзеці нашай вялікай краіны, а іх вынікі, іх поспехі — гэта поспехі ўсёй Беларусі. Хацелася б пажадаць усім яскравых стартаў, якія запомняцца не толькі дзецям, але і іх бацькам, педагогам і іншым удзельнікам. Няхай для маладых спартсменаў спартакіяда стане першай прыступкай на шляху да алімпійскіх вяршынь.

У праграму фінальных спаборніцтваў спартакіяды ўвайшоў 21 від спорту, 19 з якіх — алімпійскія. На момант урачыстага адкрыцця мерапрыемства ўжо завяршыліся старты па мастацкай гімнастыцы, баскетболе, вольнай барацьбе, цяжкай атлетыцы, скачках на батуце, кулявой стральбе, шахматах. Так, “золата” спаборніцтваў па мастацкай гімнастыцы, якія далі старт спартакіядзе, заваявала каманда Мінска, “серабро” засталося на Магілёўшчыне, а “бронза” адышла да прадстаўнікоў Гродзенскай вобласці.

Спартакіяда школьнікаў праводзіцца ў тры этапы: раённыя і гарадскія спаборніцтвы, сустрэчы ў абласцях і Мінску паміж зборнымі камандамі — пераможцамі папярэдняга этапу і, урэшце, рэспубліканскі фінал. Абсалютным пераможцам спартакіяды становіцца той, хто ў агульнакамандным першынстве атрымае найбольшую сумарную колькасць ачкоў па выніках зімніх і летніх гульняў.

На апошніх зімніх спартыўных сустрэчах перамогу адзначыла Віцебшчына, на другім месцы была Магілёўская вобласць, на трэцім — сталіца нашай краіны. Прагназаваць, хто стане абсалютным пераможцам гэтага года, пакуль рана: наперадзе яшчэ больш за палову стартаў. Аднак тое, што ў рэспубліцы ўдзяляецца значная ўвага пытанням масавай фізічнай культуры як аснове для фарміравання спорту высокіх дасягненняў, не выклікае ніякіх сумненняў.

XII Рэспубліканская спартакіяда школьнікаў праводзіцца Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь разам з Міністэрствам спорту і турызму і Магілёўскім абласным выканаўчым камітэтам. Турнір судзяць арбітры міжнароднага ўзроўню. Галоўную судзейскую калегію спартакіяды ўзначальвае магіляўчанін алімпійскі чэмпіён 1992 года па веславанні на каноэ-двойцы Аляксандр Масяйкоў.

Юлія БАЧКАРОВА.
Фота аўтара.