Прыступка ў спорт вышэйшых дасягненняў

У Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы ўзнагародзілі пераможцаў і прызёраў Рэспубліканскай універсіяды — 2020. Штогод у фінальным этапе спаборніцтваў сустракаюцца больш за 8 тысяч студэнтаў. Многія з іх становяцца кандыдатамі на ўдзел у Сусветных універсітэцкіх гульнях і студэнцкіх чэмпіянатах свету.

“Цяжка сабе ўявіць адукацыйны працэс без спартыўнага і фізкультурна-аздараўленчага складнікаў. Удвая прыемней, калі ВНУ падтрымліваюць і матыву­юць спорт высокіх дасягненняў і калі нашы студэнты не толькі ўдзель­нічаюць у міжнародных універсіядах, але і заваёўваюць медалі самай высокай пробы на чэмпіянатах свету, Алімпійскіх гульнях і іншых прэстыжных спаборніцтвах, — гаворыць міністр адукацыі Ігар Карпенка. — У мінулым годзе мы правялі актыўную работу і стварылі Беларускую асацыяцыю школьнага спорту. Мы зрабілі гэта не толькі для таго, каб аб’яднаць усе школы, гімназіі, агульнаадукацыйныя ліцэі і праводзіць мера­прыемствы ў краіне. Асацыяцыя будзе садзейнічаць умацаванню нашых пазіцый на міжнароднай спартыўнай арэне. Нашы вучні ўжо некалькі гадоў запар удзельнічаюць у шкаліядах, гімназіядах сусветнага ўзроўню і прыво­зяць адтуль медалі. Прыемна, што ў нас вызначаецца пераем­насць ад школьнага спорту да студэнцкага і да спорту вышэйшых дасягненняў”.

Пасля прывітальных слоў пераможцы пачалі атрымлі­ваць заслужаныя ўзнагароды. У першай групе 3-е месца заняў БНТУ, 2-е — БДПУ імя Максіма Танка, перамог ГрДУ імя Янкі Купалы. На спаборніцтвах зборныя Гродзенскага ўніверсітэта сталі прызёрамі ў баскетболе, футболе, валейболе, гандболе і ўзялі “золата” ў баскетболе 3´3 і грэка-рымскай барацьбе.

У другой групе за 3-е месца ўзнагародзілі БДТУ, за 2-е — БДЭУ, за 1-е — БДУІР. Мужчынскія каманды БДУІР перамаглі ў спаборніцтвах па баскетболе і баскетболе 3´3, жаночая зборная па валейболе ўзяла “серабро”.

У трэцяй групе 3-е месца заняў Гомельскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт імя П.В.Сухога, 2-е месца — Беларуска-Расійскі ўніверсітэт, “золата” павёз БДАТУ. Ва ўстанове студэнты займаюцца ў секцыях па 16 відах спорту, што дазваляе ім годна прадстаўляць універсітэт на Рэспубліканскай універсіядзе. 

Перад узнагароджаннем апошняй групы старшыня Беларускай асацыяцыі студэнцкага спорту чэмпіён ХХІХ Алімпійскіх гульняў у Пекіне Аляксандр Багдановіч падзякаваў прысутным за тое, што яны робяць для беларускага спорту, і паабяцаў з боку асацыяцыі развіваць яго яшчэ больш. У чацвёртай групе бронзавую ўзнагароду атрымала Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, сярэбраную — Універсітэт грамадзянскай абароны Міністэр­ства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь, “золата” заваяваў Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт. У 2020 годзе яго каманда паспяхова выступіла на спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы, а зборныя па валейболе і зімнім мнагаборстве “Здароўе” перамаглі.

Абсалютным пераможцам універсіяды стаў БДУФК. У 2020 годзе яго студэнты здабылі “золата” ў валейболе (жанчыны), лёгкай атлетыцы, футболе (мужчыны і жанчыны), гандболе (мужчыны) і міні-футболе (жанчыны).

Ад Беларускай асацыяцыі студэнцкага спорту граматы за актыўны ўдзел у папулярызацыі фізічнай культуры і спорту сярод студэнтаў атрымалі прадстаўнікі ГрДУ імя Янкі Купалы: Станіслаў Лісоўскі, дацэнт кафедры фізічнага выхавання і спорту, Вольга Паўлюць, дацэнт кафедры спартыўных гульняў, Кірыл Акуліч, начальнік спартыўнага клуба, Данііл Шульгач, студэнт 2 курса інжынерна-будаўнічага факультэта, Юлія Васілевіч, студэнтка 1 курса факультэта фізічнай культуры, і Кірыл Андрэйчык, студэнт 6 курса лячэбнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.

Пасля цырымоніі ўзнагаро­джання спартыўная зала набыла свой звычайны выгляд. Там прайшоў фінал адкрытага турніру па жаночым валейболе на кубак рэктара ГрДУ імя Янкі Купалы і на прыз міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь. Каманда ўніверсітэта перамагла зборную Гро­дзенскай абласной СДЮШАР імя А.М.Сапегі з лікам 3:0.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота аўтара.