Тыдзень беларускай мовы і літаратуры сёлета ў сярэдняй школе № 22 Гродна па рашэнні настаўнікаў-беларусазнаўцаў В.В.Яткоўскай, А.І.Кошалевай, А.П.Старышкінай і творчай групы зацікаўленых літаратурай вучняў (Марта Крыштопік, Мікіта Сак, Аляксандра Родзік) прысвячаўся нашаму земляку, першаму інтэлігенту ў літаратуры, тонкаму і трагічнаму Максіму Багдановічу.
Вучнёўская ініцыятыва была заўважна ва ўсім: у планаванні, у арганізацыйных асновах, у змесце і формах дзейнасці.
На школьным стэндзе прадставілі інфармацыю аб мерапрыемствах у веснавыя дні. Святочная праграма пачалася прэзентацыяй літаратурных насценных газет, цікавага матэрыялу, этнаграфічнага кутка, інфармацыйных плакатаў, прысвечаных класіку беларускай літаратуры. Мерапрыемства атрымалася масавае: удзельнічалі вучні розных узростаў. Прэзентацыя суправаджалася нумарамі мастацкай самадзейнасці.
Літаратурная вечарына-ўспамін “Багдановіч расказвае пра сябе” была падрыхтавана і праведзена літаратурным актывам школьнікаў 8—11 класаў (Соф’я Ланцэвіч, Алёна Бомберава, Арцём Марцулевіч, Вераніка Гаўрусік, Аляксандр Тугай і іншыя). Яны вызначылі і акрэслілі асноўныя этапы жыцця і творчасці паэта, паказалі яго высокую культуру і адукаванасць, пагарталі старонкі адзінага прыжыццёвага зборніка “Вянок”. Іх выступленні былі шчырыя, рашучыя, выразныя. Аповед суправаджаўся мультымедыйнай прэзентацыяй. Цікавыя матэрыялы і дакументы дапамаглі вучням лепш уявіць характар беларускага песняра, яго рознабаковыя інтарэсы, грамадскую дзейнасць, шырокі дыяпазон паэзіі.
Нам, гродзенцам, пашанцавала атрымаць у спадчыну драўляны дом, дзе жыла сям’я Багдановіча. Менавіта на нашай зямлі маленькі Максім зрабіў першыя крокі, тут пачуў і пачаў асэнсоўваць беларускія казкі і паданні. Сёння гэта дом-музей паэта. На працягу прадметнага тыдня настаўнікі-мовазнаўцы разам з вучнямі 5 “Б”, 6 “А”, 7 “А”, 8 “А”, 11 “А” класаў наведалі музей. Падчас навучальна-выхаваўчай экскурсіі вучні мелі магчымасць убачыць сямейныя фотаздымкі і асабістыя рэчы паэта, дакументы, пісьмы і іншыя рэчы, а таксама цікава было паслухаць аповед пра асобныя эпізоды трагічнага лёсу Максіма Багдановіча. Цешыць, што экскурсія кранула сэрцы вучняў. Яны з захапленнем слухалі, задавалі пытанні. У канцы правялі віктарыну.
Уся паэзія класіка беларускай літаратуры напоўнена музыкай. Змястоўным і запамінальным быў дзень “Сёння дзень у нас музычны, светлы і радасны”. На перапынках у выкананні групы дзяўчат і хлопцаў гучалі задушэўныя, лірычныя песні на словы нашага прызнанага майстра паэтычнага слова, выконваліся народныя танцы.
Гэтым днём родная мова была для вучняў не толькі вучэбным прадметам, але і сродкам зносін, сродкам выхавання любові і павагі да яркай, прамяністай зоркі айчыннай літаратуры, святло якой незгасальнае.
Настаўнікі-філолагі на працягу тыдня шчыра запрашалі ўсіх ахвотных у госці на свае ўрокі. Класныя кіраўнікі правялі панараму класных і інфармацыйных гадзін, дзе навучэнцы мелі магчымасць яшчэ раз дакрануцца да незвычайнага майстэрства слова, жыццяпісу і літаратурнай спадчыны паэта, яго мудрай і спеўнай паэзіі.
Актыўна ўключыліся школьнікі 9—11 класаў у конкурс эсэ “Жыве Максімава імя”. Гэта была своеасаблівая хроніка літаратурнага жыцця, дзе хлопцы і дзяўчаты ў творчых работах цікава, неардынарна, адкрыта выказалі павагу і любоў народнаму песняру, удзячнасць і захапленне яго бессмяротнай паэзіяй, ушанавалі дарагое сэрцу кожнага гродзенца імя. Лепшыя работы ўпрыгожылі школьны стэнд, пераможцы атрымалі ўзнагароды. З асалодай нагадваю радкі з сачыненняў, якія па-сапраўднаму цешылі і вярэдзілі душу: “…Маленькім дзіцяткам ён страціў два з трох дароў, якія не выбіраюцца чалавекам, а даюцца Богам, — маці і радзіму. Як страшна: з сямнаццаці гадоў ведаць, што кожны наступны дзень, месяц, год можа быць апошнім! Як цяжка… І колькі мужнасці і сілы трэба было мець, каб, ведаючы гэта, цвёрда і настойліва ісці па сваёй, свядома абранай дарозе. Дарозе да Айчыны…” (Аляксандр Колас, 11 “А” клас). “…Думаю, феномен Максіма Багдановіча ў гэтым: у неперарэзанай духоўнай пупавіне, якая яднала паэта з маці, што навек засталася ў нашай, гродзенскай зямельцы. Вобраз маладой, прыгожай, жыццярадаснай Маці-Мадонны, што бясконца адорвала любоўю і пяшчотай, навек звіўся для Максіма з вобразам другой маці — Маці-Радзімы — у крэўны непарыўны вузел” (Ірына Гурская, 11 “А” клас).
Заключны акорд тыдня — свята паэзіі “Светлай памяці Максіма Багдановіча прысвячаецца”. Гэта было сапраўднае паэтычнае прызнанне вучняў у любові да свайго паэта, экскурс у мінулае. Мерапрыемства праводзілася ў музейным пакоі, які нагадваў звычайную беларускую хатку. Гэтым самым стварыўся адпаведны эмацыянальны настрой, таму што ўсе экспанаты, як і паэзія таленавітага земляка, былі наскрозь прасякнуты беларускім духам. Не абышліся мы і без нацыянальных касцюмаў. Колькі хараства і прывабнасці, зладжанасці і меладычнасці чулася ў выступленнях маладых талентаў! На вятрах стагоддзяў прыхільнікі лірыкі паэта адчулі гарачы пульс радкоў Максіма, мудрых і мужных, суровых і адчайных. Усе ўдзельнікі былі добра падрыхтаваны, дэкламатары атрымалі выдатныя адзнакі па літаратуры.
Як запавет вучням прагучалі словы намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце Ю.Ф.Камісаравай: “Ён сумаваў, што не пакіне пасля сябе нашчадкаў. Яго нашчадкі — мы ўсе. І яго творы. Яго песні. Яго думкі. Будзем радавацца, ганарыцца, вечна памятаць, што ў нас ёсць такі паэт, як Максім Багдановіч!”
Беларускамоўнае свята яшчэ раз пераканала нас у тым, што хоць Максім Багдановіч памёр удалечыні ад Беларусі, але ён жыве на сваёй радзіме, у нашым горадзе, там, дзе яго памятаюць, любяць і шануюць. Ён жыве ў нашай памяці. Жыве як прыклад, узор ахвярнага служэння Бацькаўшчыне. Жыве ў мудрых думках, высакародных пачуццях, у вершах-прысвячэннях, у мастацтве, музыцы.
Валянціна ЯТКОЎСКАЯ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 22 Гродна.