Прысвячэнне Радзіме

Юныя звонкія галасы падарылі новае гучанне класічным творам падчас правядзення Рэспубліканскага творчага конкурсу юных чытальнікаў “Жывая класіка: прысвячэнне маёй Радзіме”. На Міншчыне прайшоў абласны этап конкурсу. “Чытаем шмат, чытаем разам, ствараем сябе і краіну!” — пад такім дэвізам праходзіць конкурс, закліканы адрадзіць цікавасць да беларускай літаратуры і культуры ў сучаснай моладзі.

“Жывая класіка” ахапіла творчым запалам паўтары тысячы юных жыхароў Мінскай вобласці — менавіта столькі ўдзельнікаў праявілі свае здольнасці на першых этапах конкурсу.

— Конкурс пашыраецца, расце. У мінулым годзе на Міншчыне было крыху больш за тысячу ўдзельнікаў. У гэтым годзе — паўтары, — расказвае старшыня журы Святлана Анатольеўна Быкава, паэтэса, старшыня Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. — І гэта радуе, бо ўсе мы разумеем, наколькі важна далучаць дзяцей да нашай спадчыны, культурных здабыткаў, напрацаваных пакаленнямі. Прыемна, што дзеці вельмі добра падрыхтаваліся і прадэманстравалі высокі ўзровень. Конкурс стаў сапраўднай падзеяй для іх, на ўсіх этапах адчувалася іх зацікаўленасць і асаблівая святочнасць конкурсу.

Святлана Анатольеўна Быкава ўзначаліла журы абласнога этапу, таксама напярэдадні яна і яе калегі адправіліся ў розныя куткі Міншчыны — у склад журы ў кожным раёне ўваходзілі прадстаўнікі Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. У склад журы на абласным узроўні ўвайшоў Віктар Шыман, навучэнец 10 класа сярэдняй школы № 8 Жодзіна, пераможца ІІ Міжнароднага конкурсу юных чытальнікаў “Жывая класіка”.

Лепшыя прадстаўнікі кожнага раёна выступілі на сцэне Мінскага абласнога ІРА ў абласным этапе — 98 хлопчыкаў і дзяўчынак прачыталі выбраныя імі творы. Спаборнічалі яны ў чатырох узроставых катэгорыях. Для выступлення выбіралі разнастайныя вершы, прадэманстраваўшы свой літаратурны густ. Яны з задавальненнем дэкламавалі як радкі класікаў — Янкі Купалы, Якуба Коласа, Уладзіміра Караткевіча, так і сучасных аўтараў — Алены Масла, Уладзіміра Мазго, Надзеі Салодкай і інш. А найбольш папулярным творам на абласным этапе былі “Родныя дзеці” — урывак з гэтага рамана ў вершах Ніла Гілевіча выбралі некалькі выступоўцаў. Можна было пачуць на конкурсе і эксклюзіў — творы ўласнага сачынення канкурсантаў. Канкурсанты выступалі як сапраўдныя артысты, выкарыстоўваючы для ўздзеяння на слухачоў усе магчымыя сродкі — інтанацыю, жэсты, міміку. Для сваіх выступленняў падбіралі касцюмы, рэквізіт, музычнае суправаджэнне.

Сярод самых маленькіх удзельнікаў конкурсу — навучэнцаў пачатковых класаў — журы прызнала пераможцай Паліну Тарарай, навучэнку сярэдняй школы № 2 Стоўбцаў. У другой узроставай катэгорыі, дзе спаборнічалі вучні 5—6 класаў, лепшай была Вікторыя Дзільман, якая вучыцца ў сярэдняй школе № 2 Мар’інай Горкі. Сярод вучняў 7—8 класаў лідзіраваў Канстанцін Дзямітка, вучань Забалоцкай сярэдняй школы Смалявіцкага раёна. У старэйшай узроставай катэгорыі, дзе выступалі вучні 9—10 класаў, першага месца ўдастоена Мілана Волкава, навучэнка Уздзенскай раённай гімназіі.

— Я выбрала твор Алеся Бачылы “Ластаўкі ў небе”. Можна сказаць, што выбрала сэрцам. Калі прачытала яго, адразу адчула, што гэта маё. Рыхтавалася два тыдні дома і ў школе. Мне вельмі дапамагла падтрымка родных і педагогаў. Шчыра кажучы, перамога для мяне стала сапраўднай нечаканасцю, таму што выступленні мноства канкурсантаў былі проста цудоўныя, — расказвае Мілана.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.