Прыцягнуць моладзь у вёску

- 12:00Планёрка ў рэгіёне

Сёння госць нашай “Суботняй планёркі” — начальнік аддзела па адукацыі Быхаўскага райвыканкама Магілёўскай вобласці Васіль Батвянкоў. Пра папярэднія вынікі мінулага каляндарнага года, дасягненні вучняў і педагогаў, а таксама найбліжэйшыя планы — наша гутарка з Васілём Міхайлавічам.

— Мінулы год быў для сістэмы адукацыі раёна насычаным на падзеі і дасягненні. Выкананы ўсе прагнозныя паказчыкі за 12 месяцаў 2021 года па здачы макулатуры, палімерных адходаў, шклабою.

Адным з асноўных фактараў развіцця сацыяльнай сферы з’яўляецца павышэнне заработнай платы работнікаў бюджэтных арганізацый — не менш за 80% ад узроўню сярэдняй заработнай платы ў краіне. За студзень — чэрвень мінулага года сярэдняя заработная плата ў цэлым па галіне склала 805,7 рубля, або 109,7% да ўзроўню 2020 года, у тым ліку настаўнікаў — 1101,4 рубля (132% да ўзроўню 2020 года).

З 2015 года ўсе дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, уладкоўваюцца на сямейныя формы выхавання. Гэтаму садзейнічае распрацаваная праграма развіцця сямейных форм уладкавання на 2020—2023 гады.

Пераважная большасць педагогаў — гэта вопытныя прафесіяналы сваёй справы (толькі за мінулы год 20 педагогам прысвоена вышэйшая кваліфікацыйная катэгорыя), што пацвярджаюць дасягненні іх вучняў і ўласныя перамогі ў конкурсах. У мінулым навучальным годзе на трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды навучэнцы раёна ўзнагароджаны 6 дыпломамі па астраноміі, грамадазнаўстве, гісторыі, рускай мове і літаратуры, працоўным навучанні. Паспяхова выступілі выхаванцы С.В.Яшчанкі, В.Л.Уткіна, С.П.Кулаева, К.У.Кілеса, А.М.Плотнікавай, М.Я.Ясева. У заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды заваяваў дыплом ІІІ ступені па астраноміі навучэнец гімназіі Быхава Раман Кокараў (настаўнік С.В.Яшчанка). На абласным этапе рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару (канферэнцыі) навучэнцаў вучні атрымалі 4 дыпломы ІІІ ступені па грамадазнаўстве (навучэнец сярэдняй школы № 2 Быхава Дзмітрый Баранаў, настаўніца Т.І.Валчкова), гісторыі (навучэнец Макранскага ВПК Дзмітрый Астапенка, настаўнік С.П.Кулаеў), нямецкай мове (навучэнка Лудчыцкага ВПК Вікторыя Мікуліч, настаўніца В.А.Далецкая), геаграфіі (навучэнка Смоліцкага ВПК Марыя Баранава, настаўніца В.А.Кіслякова).

Педагогі раёна актыўна дзеляцца вопытам работы на абласным, рэспубліканскім і міжнародным узроўнях. Так, намеснік дырэктара сярэдняй школы № 1 Быхава Наталля Брызгалава ўзнагароджана дыпломамі на заключным этапе абласнога конкурсу “Эфектыўная мадэль метадычнай работы”. У абласным конкурсе для педагогаў “ЭАР у адукацыйным працэсе” дыпломам ІІІ ступені ўзнагароджана настаўніца Вараніноўскага ВПК А.М.Заляпужына, дыпломам І ступені — педагогі сярэдняй школы № 1 Быхава А.У.Бельскі і В.Л.Уткін.

— Васіль Міхайлавіч, як арганізавана ў раёне работа з маладымі педагогамі?

— Работа з маладымі спецыялістамі з’яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў у нашай дзейнасці. У гэтым навучальным годзе ва ўстановы адукацыі раёна прыйшлі працаваць 12 маладых педагогаў. За кожным педагогам замацаваны дасведчаны настаўнік, які дапамагае яму асвоіцца ў калектыве, зацвердзіцца ў прафесіі. Працуем і з будучымі педагогамі па мэтавым навучанні. У цяперашні час па мэтавых дагаворах у нас вучыцца 8 студэнтаў. У лістападзе ў раёне адбылася сустрэча маладых настаўнікаў са спецыялістамі аддзела па адукацыі, кіраўніцтвам і педагогамі сярэдняй школы № 2 Быхава. Дарэчы, пасяджэнне школы маладога педагога — мерапрыемства не разавае, сустрэчы праводзяцца штоквартальна на базе розных устаноў адукацыі раёна. На апошняй сустрэчы было прапанавана арганізаваць раённы конкурс педагогаў, якія толькі пачалі свой прафесійны шлях, з прызавым фондам. Думаю, яшчэ адным стымулам для работы ў настаўнікаў стане больш.

— Што вас сёння асабліва хвалюе як кіраўніка?

— Сёння пытанням якасці адукацыі і бяспекі адукацыйнага працэсу ўдзяляецца асаблівая ўвага. У нас складзены пералік устаноў адукацыі, якія маюць патрэбу ў рамонце, пад яго штогод закладваецца фінансаванне. У 2022 годзе застаюцца актуальнымі пытанні арганізацыі работы харчаблокаў, замена састарэлага варачнага і халадзільнага абсталявання, рамонт і абнаўленне вучэбных кабінетаў. Плануецца ажыццявіць капітальны рамонт у Чарнаборскім ВПК, сярэдніх школах №№ 3 і 2 Быхава. Падрыхтавана праектна-каштарысная дакументацыя для стварэння ў сярэдняй школе № 2 Быхава цэнтра інавацыйнага навучання на базе кабінетаў прыродазнаўчанавуковага профілю з паглыбленым вывучэннем адпаведных прадметаў. У створаным цэнтры будуць займацца навучэнцы з усяго раёна.

Абсалютная большасць раённых школ — гэта сельскія школы. Мяне як кіраўніка хвалюе пытанне захавання іх дзейнасці па прычыне змяншэння колькасці дзяцей у сельскіх населеных пунктах. Наша задача — прыцягваць у вёску моладзь. Ва ўмовах рыначнай эканомікі працоўнаму выхаванню школьнікаў трэба надаць асаблівае значэнне, а работу на сяле зрабіць прэстыжнай.

Школы Быхаўскага раёна вядуць работу па прыцягненні падрастаючага пакалення да сельскагаспадарчай працы шляхам адкрыцця профільных класаў аграрнай накіраванасці (Лудчыцкі ВПК, Баркалабаўскі ВПК, сярэдняя школа № 3 Быхава). Штогод больш за 50% выпускнікоў агракласаў паступаюць у вядучыя сельскагаспадарчыя ВНУ і ССНУ краіны.

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.