Прыцяжэнне роднай зямлі

Знаёмства з культурай, гераічнай гісторыяй і традыцыямі роднага краю — адзін з асноўных напрамкаў грамадзянска-патрыятычнага выхавання вучняў. Без любові да малой радзімы не бывае любові да краіны ў цэлым.

Некалькі гадоў у Круговіцкай сярэдняй школе Ганцавіцкага раёна працуе турыстычна-краязнаўчы лагер “Вандроўнік”. Кожнае лета 20 вучняў адпраўляюцца ў 9-дзённыя паходы і падарожжы па гістарычных, культурных маляўнічых мясцінах роднай Беларусі. Пражыванне ў прыродных умовах станоўча ўплывае на дзяцей, загартоўвае іх характар, вучыць самастойнасці, пашырае кругагляд.

Паколькі ў ваколіцах вёскі Круговічы няма вялікіх азёр і рэк, першы маршрут пралёг па краі блакітных азёр — Браслаўшчыне. Вучні пабывалі на знакамітай Нарачы, дзе былі ўражаны хараством прыроды. Настаўнік гісторыі В.В.Кроп з мясцовай гімназіі азнаёміў дзяцей з краязнаўчым і гісторыка-этнаграфічным музеямі, касцёлам. Вучні пабывалі на Замкавай гары. Незабыўныя ўражанні ў іх засталіся і пасля адпачынку на возеры Дрывяты.

Даволі цікавай аказалася паездка на Шаркаўшчыну — радзіму беларускага мастака Язэпа Драздовіча. У вёсцы Мосар вучні наведалі прыгожы касцёл, парк з вадаёмам, музей цвярозасці і дэндрапарк. У Наваполацку ўбачылі буйныя беларускія прамысловыя прадпрыемствы “Палімір” і “Нафтан”.

Надоўга запомнілася наведванне старажытнага Полацка, дзе вучні пабывалі ў знакамітым Сафійскім саборы і Спаса-Ефрасіннеўскім манастыры. На гэтым знаёмства з Віцебшчынай завяршылася. Наперадзе чакалі новыя адкрыцці і ўражанні.

Падчас падарожжа па Брэстчыне школьнікі наведалі былы маёнтак Тадэвуша Касцюшкі ў Сяхновічах і палац Пуслоўскіх у Косаве, а таксама палац Сапегаў у Ружанах. Многія вучні былі ў вялікім захапленні ад краявідаў возера Паперня, што на Пружаншчыне. Хлопчыкі і дзяўчынкі купаліся, вудзілі рыбу, загаралі на пясчаным пляжы, каталіся на катамаранах, спявалі ля вогнішча, ладзілі тэатральныя пастаноўкі, гулялі ў спартыўныя гульні. У дзіцячым санаторыі “Ружанскі” вучням спадабаліся аквапарк з воднымі атракцыёнамі і спартыўны басейн.

Знаёмства з Брэстчынай прадоўжылася на Выганашчанскім возеры, што ў Івацэвіцкім раёне. Водападзел Шчары і Ясельды на тэрыторыі гідралагічнага заказніка нікога не пакінуў раўнадушным. Тут захавалася шмат цікавых мясцін, звязаных з рознымі перыядамі гісторыі: стаянкі старажытных людзей, археалагічныя аб’екты, Агінскі канал, гідравузел і самыя старыя ў Беларусі гідратэхнічныя збудаванні. Акрамя таго, тут знаходзіцца комплекс абарончых збудаванняў часоў Першай сусветнай вайны, старадаўнія геадэзічныя рэперы, пункт Дугі Струвэ, мемарыяльныя аб’екты Другой сусветнай вайны.

Вучні пабывалі на поўдні Івацэвіччыны, дзе ўбачылі прыгожае Бабровіцкае возера, на адным з берагоў якога пры княжанні Вітаўта ўзвышаўся першы ў гэтых мясцінах хрысціянскі храм Святой Параскевы Пятніцы. Сёння тут будуецца капліца-помнік святой Параскевы ў памяць пра загінуўшых падчас Вялікай Айчыннай вайны жыхароў чатырох вёсак.

На Міншчыне вучні пабывалі ў Салігорску, наведалі музей працоўнай славы ААТ “Беларуськалій”, дзе беражліва сабраны і захоўваюцца дакументы пра пачатак прамысловага асваення калійных радовішчаў і будаўніцтва руднікоў.

Шмат прыемных уражанняў падарыў невялікі гарадок Мікашэвічы ў Лунінецкім раёне, дзе здабываецца граніт. Вучні ўбачылі вялікі кар’ер дыяметрам амаль 6 км, па якім ездзяць гіганцкія БелАЗы.

Апошнім пунктам захапляльнага падарожжа стала Гомельшчына, дзе школьнікі наведалі Петрыкаў, размешчаны на беразе прыгожай Прыпяці. У вёсцы Навасёлкі дзеці пабывалі ў сядзібе знакамітага дзеда Талаша, удзельніка партызанскага руху ў Савецка-польскай і Вялікай Айчыннай войнах, народнага героя Беларусі. Цікавай атрымалася паездка на паромнай пераправе.

Едучы ўздоўж Прыпяці, вучні апынуліся ў вёсцы Ляскавічы, у цэнтры Нацыянальнага парка “Прыпяцкі”, жамчужыне экатурызму Беларусі. Тут дзеці наведалі музей прыроды, дзе наглядна прадстаўлены ландшафты беларускага Палесся з яго насельнікамі ў розную пару года, сабраны багатыя калекцыі экспанатаў буйных жывёл, насякомых, рэптылій і амфібій, ёсць гербарый рэдкіх раслін Беларусі.

Вяртаючыся дадому, школьнікі завіталі ў старажытны Тураў. Там яны пабывалі ў храме Усіх Святых, які з’яўляецца помнікам драўлянага дойлідства пачатку ХІХ стагоддзя.

Дні, праведзеныя ў лагеры, праляцелі вельмі хутка і, што вельмі важна, недарэмна. Дзеці адчулі рамантыку самастойнага жыцця на прыродзе, навучыліся самі арганізоўваць побыт, дзейнічаць у камандзе, набылі важныя працоўныя навыкі і, канечне, умацавалі здароўе.

Хочацца падзякаваць спонсару паездкі — начальніку Ганцавіцкай ПМС А.У.Шуту, дзякуючы якому вучні ўбачылі прыгажосць роднай Беларусі.

А наперадзе школьнікаў чакаюць новыя вандроўкі па краіне: пакуль яшчэ не зведаныя Гродзеншчына і Магілёўшчына.

Лілія МУХА,
настаўніца рускай мовы і літаратуры Круговіцкай сярэдняй школы Ганцавіцкага раёна.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *