Прывітанне, свет! Цябе вітаюць таленты Гомельшчыны!

- 12:28Культура

Цудоўнымі нумарамі і яркімі касцюмамі радавалі днямі гамяльчан і гасцей юныя таленты — удзельнікі абласнога этапу III Рэспубліканскага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет!”.

Паказаць сваё майстэрства на заключны гала-канцэрт у абласны палац творчасці дзяцей і моладзі з’ехаліся хлопчыкі і дзяўчынкі, творчыя калектывы ўстаноў дадатковай і агульнай сярэдняй адукацыі, а таксама навучэнцы аб’яднанняў па інтарэсах з розных куточкаў Гомельшчыны. Да гэтага ўсе яны прайшлі адборачны раённы тур.
Напярэдадні гала-канцэрта канкурсанты сабраліся ў абласным цэнтры: у іх было два дні, каб “прагнаць” свае нумары, выправіць з дапамогай больш высокіх прафесіяналаў нейкія памылкі, а дзеці, якія прыехалі з раёнаў, таксама мелі магчымасць наведаць музеі і выдатныя мясціны Гомеля, за што неабходна падзякаваць іх кіраўнікам.
Сярод выканаўцаў былі як свае фаварыты, так і дэбютанты, якія ўпершыню апынуліся на конкурсе падобнага маштабу. У выніку на суд гледачоў і прафесійнага рэспубліканскага журы было прадстаўлена сорак нумароў. Варта адзначыць, што на гэты раз Гомельская вобласць прадставіла разнастайную праграму, паказаўшы дасягненні дзяцей і педагогаў, якія займаюцца з імі, ва ўсіх без выключэння намінацыях. Больш за тое, былі ахоплены амаль усе напрамкі. Калі харэаграфічнае мастацтва, то гэта народны танец і танец эстрадны, бальны танец і стылізаваны.
Вельмі радуе, што ў вобласці зберагаюцца традыцыі народнага танца, ён працягвае развівацца, прычым ім захапляюцца дзеці не толькі на перыферыі, але і ў абласным цэнтры. Сёння гэта на самай справе вельмі важна, бо ў культурным асяроддзі ідзе шмат размоў пра тое, што сучасны танец паступова выцясняе народны, і ў хуткім часе сярод малодшага пакалення можа наогул не застацца прыхільнікаў такой творчасці. Амаль тое ж можна сказаць пра харавое мастацтва, таму з вялікім задавальненнем зала прымала хары гімназіі № 58 імя Ф.П.Гааза Гомеля і абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі. Не меншае задавальненне прынёс знаёмы многім марш “Развітанне славянкі” ў выкананні аркестра духавых інструментаў “Дружба” сярэдняй школы № 28 Гомеля.
III Рэспубліканскі агляд-конкурс “Прывітанне, свет!” прысвечаны 70-й гадавіне перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, і гэтая тэма стала фундаментам трохгадзіннай праграмы канцэрта. Неабходна сказаць пра добры сцэнарый і вельмі ўдалую рэжысёрскую пастаноўку. Тэма вайны падавалася гледачам як трагедыя, якая падзяліла жыццё людзей на “да” і “пасля”. Вось іграюць цымбалы, хлопцы і дзяўчаты спяваюць песні, скачуць у вясёлым танцы і водзяць карагоды. Раптам — вайна. Іншымі, жалобнымі, сталі песні. А танцы… Хіба толькі ў зацішша, пасля перамогі ў жорсткім баі набяруцца адважныя дзяўчаты сіл ды і выйдуць у ваенных гімнасцёрках парадаваць сяброў-воінаў зладжанымі скокамі. А недзе ў гарадах і вёсках дзеці чакаюць бацьку дадому, маці хаваюць забітых фашыстамі сыноў — менавіта гэтыя трагічныя вобразы былі выбраны канкурсантамі, якія выступалі ў намінацыі “Мастацкае слова”, чытаючы прозу і вершы. Сэрца кожнага, хто сядзеў у зале, кранула сваім вершам “Чаравічкі з Любліна” Марыя Гаўрыленка, навучэнка сярэдняй школы № 6 Жлобіна. Здаецца, не было ніводнага гледача, у вачах якога не стаялі б слёзы.
Ліхалецце прайшло. Мірнае жыццё наладжваецца, і непераможны народ не забывае сваю культурную спадчыну, зноў льюцца песні, зноў чаравічкі адстукваюць па падлозе ў вясёлым танцы. А жыццё ідзе наперад, усё развіваецца, папаўняецца новым. Так лёгка і проста чыталася гэтая “трылогія”, што нават калі б не было вядучых (яны, дарэчы, таксама ўдзельнікі конкурсу ў намінацыі “Канферанс”), то ўсё роўна задумка была б зразумелай нават дылетанту.
Чым яшчэ парадавалі гомельскія канкурсанты і педагогі, дык гэта сваімі паказамі калекцый адзення ў намінацыі “Тэатр моды”. Большасць з гэтых творцаў ужо добра вядомы не толькі ў вобласці, але і за яе межамі. Кожны раз здзіўляе прыхільнікаў моды Светлагорскі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі “Ювента”, аб’яднанне па інтарэсах “Тэатр моды” гімназіі № 10 Гомеля. На конкурс яны зноў падрыхтавалі цудоўныя калекцыі. Цікавыя творчыя работы прапанавалі і выхавальнікі гуртка па інтарэсах сярэдняй школы № 72, юныя майстрыхі з Петрыкаўскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі з калекцыяй “Карагод часу” і з Рагінскай сярэдняй школы Буда-Кашалёўскага раёна з вясёлай калекцыяй “Маша плюс”, якая нагадвала папулярны мультфільм пра шкадлівую дзяўчынку.
У цэлым на суд журы было прадстаўлена 11 калекцый адзення, распрацаваных юнымі мадэльерамі. Да прыгожых, арыгінальных сукенак дзяўчаты дабавілі не толькі адпрацаванае дэфіле, але яшчэ і пастаноўкі, якія дапамаглі паказаць нумар незвычайна.
Хутка рэспубліканскае журы назаве пераможцаў абласнога этапу конкурсу. Так павінна быць, на тое і конкурс, каб вызначыць лепшых з лепшых. Але бясспрэчным застаецца тое, што ўсе дзеці без выключэння таленавітыя, а іх педагогі — сапраўдныя прафесіяналы, і гала-канцэрт стаў своеасаблівым вынікам іх сумеснай работы. Сам жа ўдзел у конкурсе для ўсіх будзе пэўнай прыступкай у творчым развіцці, вопыт, які атрымалі канкурсанты, дапаможа ім рухацца далей.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.