Прывітанне, восень! Прывітане, школа!

- 16:51Сацыяльны ракурс

Вось і скончыўся апошні год знаходжання нашых 13 выхаванцаў у Нягневіцкім дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці Навагрудскага раёна. Завяршыўся этап развіцця, названы дашкольным дзяцінствам. Цяпер яны першакласнікі, а Нягневіцкая сярэдняя школа адчыніла для іх свае дзверы.

Першага верасня для многіх малых, асабліва якія хочуць хутчэй пасталець, — доўгачаканае свята. Гэта свайго роду новы рубеж, калі пачынаецца новае жыццё, гэта ўваходжанне дзіцяці ў свет новых ведаў, правоў і абавязкаў, складаных, разнастайных адносін з дарослымі і аднагодкамі.

Як увойдзе дзіця ў новае жыццё, як складзецца першы школьны год, якія пачуцці ён абудзіць у душы, якія пакіне ўспаміны, у вялікай ступені залежыць ад таго, што набыло дзіця за гады дашкольнага дзяцінства. Перш за ўсё, яны сталі больш загартаваныя, фізічна развітыя, смелыя, рашучыя і па-дзіцячы непасрэдныя. Цяпер для іх няма выхавальніка — ёсць настаўнік, і трэба навучыцца ўважліва слухаць яго на ўроку. З усімі зменамі, якія чакаюць дзяцей у школе, пазнаёмілі выхавальнікі нашай дашкольнай установы адукацыі на занятках.

Я ўпэўнена: дзецям не будзе страшна, ім будзе цікава. Яны спазнаюць новае, будуць назіральныя і дапытлівыя. А першы настаўнік Святлана Іванаўна Юргель зможа ўбачыць гэта ў кожным дзіцяці і будзе імкнуцца зрабіць усё магчымае, каб веды дзяцей былі моцныя, каб іх мэтанакіраванасць расла з кожным днём.

Поспехаў, сіл, энергіі, дабра і цярпення бацькам, вучням і настаўніку! Хай кожнаму ўсміхнецца поспех, стане даступнай магія ведаў, з лёгкасцю адкрыюцца ўсе дзверы!

Вольга ВОЙНА,
настаўнік-дэфектолаг
Нягневіцкага дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Навагрудскага раёна.