Прыярытэт аддаецца захаванню дзіцяці ў роднай сям’і

- 11:01Сацыяльны ракурс

Нядаўна ў Камітэце ААН па правах дзіцяці (Жэнева) міністр адукацыі нашай краіны І.В.Карпенка выступіў з нацыянальным дакладам, дзе прадставіў падрабязную інфармацыю аб заканадаўчых, арганізацыйна-адміністрацыйных і іншых мерах, прынятых у Рэспубліцы Беларусь з мэтай рэалізацыі Канвенцыі аб правах дзіцяці, а таксама абазначыў асноўныя кірункі дзейнасці сістэмы адукацыі і ўсіх зацікаўленых у забеспячэнні і абароне правоў і законных інтарэсаў дзяцей.

Каардынуючая роля ў гэтым належыць Нацыянальнай камісіі па правах дзіцяці, якую ўзначальвае віцэ-прэм’ер Рэспублікі Беларусь І.В.Петрышэнка, намеснік старшыні — міністр адукацыі І.В.Карпенка. Міністэрства адукацыі забяспечвае арганізацыйна-метадычнае кіраўніцтва дзейнасцю камісіі, і ўсе матэрыялы, якія выносяцца на яе разгляд, праходзяць праз галіновае міністэрства. І.В.Карпенка ўзначаліў дэлегацыю ў Жэневу, у склад якой увайшлі прадстаўнікі міністэрстваў аховы здароўя, унутраных спраў, працы і сацыяльнай абароны, юстыцыі, Генеральнай пракуратуры, усе тыя, хто займаецца пытаннямі забеспячэння і абароны правоў і законных інтарэсаў дзяцей.

А.В.Галаўнёва намеснік начальніка ўпраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі.

Дзяржаўная палітыка Рэспублікі Беларусь арыентавана на сацыяльную падтрымку сям’і і дзяцінства, абарону правоў і інтарэсаў дзяцей у сям’і альбо дзяцей, якія засталіся без апекі баць­коў, і з’яўляецца адным з прыяры­тэтаў арганізацыі работы ўсіх суб’ектаў прафілактыкі, і перш за ўсё сістэмы адукацыі нашай краіны.

На сённяшні дзень Рэспубліка Беларусь з’яўляецца краінай, якая ратыфікавала Канвенцыю ААН аб правах дзіцяці. У нашай краіне дзейнічае Закон аб правах дзіцяці, і з улікам тых сацыяльных тэн­дэнцый і змяненняў, якія адбываюцца ў грамадстве, у заканадаўчую базу своечасова ўносяцца змяненні і дапаўненні. Асноўныя палажэнні гэтага закона карэлююць з палажэннямі Канвенцыі аб правах дзіцяці, і асноўны прыярытэт аддаецца захаванню дзіцяці ў роднай сям’і. Механізм узаемадзеяння дзяржаўных органаў па прафілактыцы сямейнага недабрабыту, раннім выяўленні сацыяльна небяспечнага становішча дзяцей пацвердзіў сваю неабходнасць і дзеяздольнасць за перыяд рэалізацыі Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 18 ад 24 лістапада 2006 года “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях”.

Дзяржаўныя органы і грамадзяне, якім стала вядома аб сітуацыі нядобранадзейнасці вакол дзіцяці, ва ўстаноўленым парадку інфармуюць камісіі па справах непаўналетніх альбо органы апекі і папячыцельства для прыняцця аператыўных мер рэагавання, каб забяспечыць дадатковую ўвагу тым дзецям, якія маюць у гэтым патрэбу. Для таго каб не перарываць праваадносіны дзяцей з іх бацькамі і аказаць сям’і дапамогу ў складанай жыццёвай сітуацыі, была прынята пастанова Савета Міністраў № 22 ад 15 сту­дзеня 2019 года “Аб парадку прызнання дзяцей у сацыяльна небяспечным становішчы”. У адпаведнасці з гэтым дакументам калегіяльны орган — каардынацыйны савет мясцовага выканаўчага (распарадчага) органа — мае права прыняць рашэнне аб тым, ці знаходзіцца дзіця ў сацыяльна небяспечным становішчы, і, калі гэта пацвердзіцца, вызначыць дзеянні ўсіх зацікаўленых, якія дапамогуць аказаць падтрымку сям’і, стварыць вакол дзіцяці камфортную атмасферу добранадзейнасці, і што галоўнае, не забіраючы дзіця з сям’і, не разлучаючы яго з роднымі бацькамі.

— На жаль, у нас існуе меркаванне, што прызнанне таго, што дзіця знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, — гэта як пакаранне для сям’і, — адзначыла Алена Васільеўна. — Але гэта зусім не так. Якраз пастанова № 22 прызвана ўключыць дзяржаўны рэсурс для дапамогі сям’і. Самае галоўнае, каб бацькі захацелі прыняць гэтую дапамогу, каб яны былі згодны з тым, што трэба змяніць бытавыя ўмовы пражывання дзіцяці, стварыць стабільнае псіхаэмацыянальнае асяроддзе ў сям’і, калі трэба, змяніць і свае паводзіны.

У краіне сёння існуе 5715 сем’яў, у якіх пражывае 11 651 дзіця, прызнанае, што знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. На жаль, пакуль яшчэ ёсць дзеці, якія маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне і якія па рашэнні камісіі па справах непаўналетніх былі адабраны з сям’і. Цяпер іх налічваецца 1351 дзіця, адабранае ў 1186 бацькоў. Але ж ёсць спадзяванне, што большая колькасць такіх дзяцей усё ж вернецца ў родную сям’ю. У гэтым дапаможа комплекс міжведамасных мерапрыемстваў, якія скіраваны на тое, каб захаваць дзіця ў роднай сям’і і не прымяняць жорсткія прымусовыя меры для спагнання расходаў на ўтрыманне дзяцей. Ёсць разуменне таго, што праблема суправаджэння дзіцяці з сям’і ў сітуацыі небяспечнага становішча — гэта не толькі праблема сістэмы адукацыі. Яна комплексна вырашаецца мясцовымі органамі на ўзроўні намесніка кіраўніка мясцовага выканаўчага (распарадчага) органа, які курыруе сацыяльную сферу.

Што тычыцца стварэння псіхалагічнага клімату ўнутры сямейнага асяроддзя, а таксама ў сценах устаноў адукацыі, то цяпер праводзіцца вялікая работа па павышэнні прафесійных кампетэнцый педагагічных работнікаў. Пераглядаюцца праграмы падрыхтоўкі педагагічных работнікаў з улікам узмацнення менавіта псіхалагічнага кампанента. Самая галоўная задача педагагічнага работніка — выклікаць прыхільнасць дзіцяці да сябе, каб дзіця магло даверыцца свайму настаўніку, звярнуцца да яго з тым, што хвалюе. Важнае значэнне ў краіне надаецца аказанню неабходнай кваліфікаванай псіхалагічнай дапамогі дзецям і падлеткам, іх законным прадстаўнікам. З 1 верасня мінулага года працуе Рэспубліканскі цэнтр псіхалагічнай дапамогі, які створаны ў Інстытуце псіхалогіі БДПУ імя Максіма Танка і прызваны аказваць комплексную псіхалагічную дапамогу ў крызісных сітуацыях. Па дапамогу на сайт, па тэлефоне, анлайн без прадастаўлення сваіх персанальных даных могуць звярнуцца дзеці, бацькі, педагагічныя работнікі  і ўвогуле ўсе тыя, каму не абыякавыя пытанні забеспячэння і абароны  правоў і законных інтарэсаў дзяцей.

За перыяд работы цэнтра педагогі-псіхолагі правялі больш за 760 кансультацый.

У краіне на сённяшні дзень функцыянуюць 140 сацыяльна-педагагічных цэнтраў, з іх 103 маюць у структуры аддзяленні дзіцячых сацыяльных прытулкаў. У гэтыя аддзяленні мо­гуць звярнуцца як самі дзеці, калі яны адчуваюць у сваім асяроддзі дыскамфорт, так і бацькі разам з дзецьмі, каб прадаставіць бяспечную атмасферу свайму дзіцяці, атры­маць на бязвыплатнай аснове прытулак з адпаведнымі бытавымі ўмовамі, а таксама харчаванне і ўсё неабходнае для навучання. Другі год, згодна з загадам міністра адукацыі, працягваюцца маніторынгі становішча дзяцей ва ўстановах інтэрнатнага тыпу, дзе выхаванцы на працягу пэўнага часу па стане здароўя альбо па сваім прававым статусе вымушаны знахо­дзіцца без законных прадстаўнікоў. Такі маніторынг дазволіць выключыць выпадкі прымянення насілля ў адносінах да дзяцей з боку трэціх асоб.

Сістэма адукацыі імкнецца да комплекснага вырашэння пытання, як стварыць вакол усіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу максімальна камфортнае асяроддзе.

— Мы ніколі не імкнуліся замкнуцца ўнутры адной галіны пры вырашэнні той ці іншай праблемы, якая тычыцца выхавання і абароны правоў дзяцей, — падкрэсліла Алена Васільеўна. — Мы заўсёды імкнёмся да дыялогу з нашымі партнёрамі, каб разам вырасціць здаровае добранадзейнае маладое пакаленне нашай краіны.

Прыкладам гэтага з’яўляецца цеснае і эфектыўнае супрацоўніцтва Міністэрства адукацыі з іншымі міністэрствамі і ведамствамі, сярод якіх міністэрствы ўнутраных спраў, аховы здароўя, працы і сацыяльнай абароны, юстыцыі, Генеральная пракуратура, адпаведныя рэгіянальныя органы. Распрацаваны план сумесных дзеянняў з усімі зацікаўленымі ў фарміраванні ў дзіцячым асяроддзі здаровага ладу жыцця, прафілактыцы ўжывання наркотыкаў, курэння, іншых негатыўных з’яў.

Працэс медыяцыі як адзін з самых перспектыўных метадаў канструктыўнага вырашэння канфліктаў з удзелам трэцяга нейтральнага боку актыўна ўкараняецца ў рабоце па абароне правоў дзяцей.

У мінулым годзе на базе 58 устаноў адукацыі рэалізаваны праекты па стварэнні службаў медыяцыі, якія дазваляюць навучыць дзяцей дарослым стратэгіям па пераадоленні канфліктных сітуацый, знізіць колькасць школьных канфліктаў, сфарміраваць раўнапраўныя партнёрскія сувязі паміж удзельнікамі адукацыйнага працэсу ў вырашэнні пытанняў выхавання.

З мэтай умацавання і развіцця супрацоўніцтва з іншымі галіновымі міністэрствамі і ведамствамі ў стварэнні бесканфліктнага адукацыйнага асяроддзя, укараненні новых форм і метадаў медыяцыі і аднаўленчых падыходаў у рабоце з непаўналетнімі міністр адукацыі І.В.Карпенка і старшыня грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз юрыстаў” В.В.Міцкевіч падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве. Цяпер пастаўлена задача распрацаваць Канцэпцыю развіцця  службаў медыяцыі ў сферы адукацыі да 2025 года з мэтай стварэння ў сценах устаноў адукацыі максімальна камфортных умоў для навучання дзяцей.

— У паспяховай рэалізацыі правоў дзіцяці наша сістэма адукацыі не стаіць на месцы, — адзначыла А.В.Галаўнёва. — Мы заўсёды рухаемся па шляху захавання дзіцяці ў роднай сям’і, атрымання ім адукацыі, якая адпавядае яго магчымасцям і здольнасцям, стварэння безканфліктнага асяроддзя ў сценах установы адукацыі, атрымання даступнай кансультацыйнай дапамогі бацькоўскай грамадскасці па ўсіх кірунках дзейнасці, у тым ліку як выбудаваць дыялог класнага кіраўніка з бацькамі наконт паводзін дзіцяці ў школе, ацэнкі яго ведаў, уменняў і навыкаў, удзелу бацькоў у арганізацыі школьных мерапрыемстваў ва ўстанове адукацыі.

У выніку ўсіх прафілактычных мерапрыемстваў, якія рэалізуюцца сіс­тэмай адукацыі ва ўзаемадзеянні з іншымі суб’ектамі прафілактыкі, удалося знізіць колькасць сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. У агульнай колькасці дзіцячага насельніцтва краіны з 1,6% у 2007 годзе гэтая лічба знізілася да 0,97% у 2018 годзе. Скарацілася на 13% колькасць дзяцей, якія страцілі апеку бацькоў у сувязі з пазбаўленнем бацькоўскіх правоў. У 2007 годзе такіх дзяцей было 2702, а па выніках 2018 года — 1377. Гэтыя паказчыкі сведчаць аб тым, што прафілактычная работа вядзецца дастаткова эфектыўна.

Згодна з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, калі дзіця страціла бацькоўскую апеку, Міністэрства адукацыі, якое рэгулюе пытанні дзяржаўнай палітыкі ў сферы апекі і папячыцельства над непаўналетнімі, прыярытэтным кірункам лічыць такую форму ўладкавання дзіцяці, як усынаўленне і ўдачарэнне. Такой формай уладкавання былі ахоплены ў 2019 годзе 409 дзяцей, якія былі ўладкаваны ў сем’і нашых грамадзян. За перыяд з 2011 па 2019 год гэтая лічба склала 4 692 дзіцяці, з якіх 45,9 % былі выхаванцамі інтэрнатных устаноў.

— Мы разумеем, што кожнае дзіця мае права на жыццё і выхаванне ў сям’і, таму паступова крочым па шляху дэінстытуалізацыі, — заявіла А.В.Галаўнёва. — У краіне шырока развіта сетка дзіцячых дамоў сямейнага тыпу. У мінулым годзе было адкрыта 14 такіх дамоў, куды былі накіраваны 80 дзяцей, 20% з якіх дагэтуль жылі ў інтэрнатных установах. Пры гэтым за апошнія 9 гадоў колькасць інтэрнатных устаноў скарацілася на 57%, а колькасць іх выхаванцаў — на 80%.

За апошнія 9 гадоў колькасць замяшчальных сем’яў узрасла. Колькасць дамоў сямейнага тыпу і колькасць выхаванцаў у іх павялічыліся ў 1,8 разу. Сёння ў краіне існуюць 283 дзіцячыя дамы, дзе знайшлі замяшчальную сям’ю 1864 дзіцяці.

— Нас радуе той факт, што сёння 82% дзяцей, якія на працягу года страцілі бацькоўскую апеку, атрымліваюць замяшчальную сямейную форму ўладкавання. Раней такія дзеці ў сваёй большасці накіроўваліся ў інтэрнатныя ўстановы.

Прадстаўляючы даклад Камісіі ААН па правах дзіцяці, І.В.Карпенка засяро­дзіў увагу на тым, што ў нашай краіне пачаты шэраг праектаў, дзе прадстаўлена меркаванне саміх дзяцей па забеспячэнні і абароне іх правоў і законных інтарэсаў. У супрацоўніцтве з ЮНІСЕФ паспяхова рэалізуецца платформа “Горад, дружалюбны да дзяцей і падлеткаў”, якая забяспечвае механізм каардынацыі і маніторынгу рэалізацыі правоў дзіцяці на мясцовым узроўні. Сёння ўжо 24 гарады краіны атрымалі гэтае ганаровае званне. У рамках гэтых праектаў дзіцячыя парламенты ініцыіруюць удзел непаўналетніх у жыццёва важных справах для канкрэтнага населенага пункта, напрыклад, па стварэнні інфраструктуры, па вырашэнні іншых спраў сацыяльнай накіраванасці. І.В.Карпенка ў сваім выступленні падкрэсліў, што для ўдасканалення такога кірунку работы важна выкарыстоўваць не толькі нацыянальныя здабыткі, але і міжнародныя. Таму Беларусь гатова і далей развіваць супрацоўніцтва з іншымі краінамі і ўкараняць замежны вопыт з найлепшымі напрацоўкамі і тэхналогіямі.

Ала КЛЮЙКО.