Прыярытэт — даследчая дзейнасць

- 12:11Навіны рэгіёнаў

Дапамагчы навучэнцам знайсці сябе ў жыцці, стаць самастойнымі, творчымі і ўпэўненымі ў сабе людзьмі — у гэтым бачыць сваю галоўную педагагічную задачу настаўніца хіміі сярэдняй школы № 2 Чавус Наталля Міхайлаўна Тужыкава.

— Арганізацыя якаснага адукацыйнага працэсу, накіраванага на набыццё вучнямі трывалых ведаў па прадмеце — мая першасная мэта. Але не менш важным лічу дапамогу дзецям у самавызначэнні, у асобасным станаўленні. Кожны навучэнец павінен ведаць, навошта ён вучыцца, бо вынік адукацыі — гэта не толькі веды па пэўных дысцыплінах, а яшчэ і ўменне прымяняць гэтыя веды ў штодзённым жыцці, выкарыстоўваць у далейшым навучанні, — пераканана Наталля Міхайлаўна.

На яе думку, першая ступень пад­рыхтоўкі будучага работніка пачынаецца са школы, таму настаўніца імкнецца не толькі даваць дзецям веды, але і фарміраваць іх погляды на жыццё, ажыццяўляць псіхалагічную падрыхтоўку да працы.

— Дзяржаве зараз патрэбны вынаходнікі, інаватары, спецыялісты ў сферы IT, творчыя людзі, гатовыя да бесперапыннай самаадукацыі. Для гэтага неабходна валодаць даследчыцкімі кампетэнцыямі. Фарміраваць іх трэба пачынаць у школьныя гады, галоўным чынам праз далучэнне вучняў да даследчай дзейнасці, — лічыць Н.М.Тужыкава.

За амаль два дзесяцігоддзі плённай працы Наталля Міхайлаўна выбудавала сваю сістэму эфектыўнага навучання. Яе ўрокі заснаваны на сістэмна-дзейнасным падыходзе. Кожны вучань набывае веды на падставе асабістага вопыту.

— Сярод прыярытэтных форм работы на ўроку — лабараторныя з элементамі даследавання, самастойныя заняткі, дэма-лекцыі, дэманстрацыя эксперыментаў, пастаноўка і абмеркаванне праблем прадметнага характару, дыскусіі, палявыя практыкі і экскурсіі, канферэнцыі, прэзентацыя і абарона праектаў, — расказала Н.М.Тужыкава.

У Наталлі Міхайлаўны увесь працэс навучання носіць праблемны характар. Па такім жа прынцыпе яна далучае дзяцей да навукі і даследаванняў. Уся гэтая работа ажыццяўляецца ў рамках школьнага навуковага таварыства навучэнцаў “Я — даследчык”.

— У структуры навуковага таварыства я ажыццяўляю кіраўніцтва секцыяй прыродазнаўча-матэматычных дысцыплін “Патэнцыял”. У рабоце прытрымліваюся таго прынцыпу, што даследчая дзейнасць павінна адбывацца праз уласныя адкрыцці. У нашай школе для гэтага створаны ўсе ўмовы. Ва ўстанове дзейнічае сучасны STEM-цэнтр. Дзякуючы наяўнасці гэтай адукацыйнай пляцоўкі, вучні актыўна ўключаюцца ў праектную і даследчую дзейнасць, канструяванне, праграмаванне і інжынерную творчасць. Займаючыся даследаваннямі, мы працуем з лічбавай лабараторыяй Relab, абсталяваннем для правядзення шырокага спектра даследаванняў. Такая база дазваляе атрымліваць даныя, не заўсёды даступныя ў традыцыйных вучэбных эксперыментах, — паведаміла Н.М.Тужыкава.

Паводле яе слоў, належная база вельмі важная для арганізацыі вучнёўскай даследчай дзейнасці, аднак яе плённасць і паспяховасць залежаць усё ж ад педагога.

— Навучанне дзяцей я арганізую, улічваючы іх узроставыя асаблівасці. Навучэнцы 6—7 класаў уваходзяць у групу “Суперназіральнкі”, 8—9 класаў — у групу “Юны біёлаг і эколаг”, а навучэнцы 9—11 класаў з’яўляюцца ўдзельнікамі групы “Адкрый у сабе навукоўца”. Пры планаванні работы нашай секцыі заўсёды складаю прыкладны план заняткаў. Пры гэтым абавязкова ўлічваю індывідуальныя схільнасці вучняў, скіраванасць іх інтарэсаў, — расказала Наталля Міхайлаўна.

На першай ступені развіцця даследчыцкіх уменняў Н.М.Тужыкава імкнецца абудзіць у вучняў цікавасць да знешняй займальнасці атрымання ведаў, цікавых фактаў, апісання канкрэтных з’яў. Асноўны практычны метад навучання групы навучэнцаў 6—7 класаў — назіранне.

— Мае малодшыя вучні разгляда­юць пад мікраскопам кроплі вады з акварыума, што змяшчаюць аднаклетачныя і шматклетачныя водарасці, клеткі эладэі і валіснерыі, у якіх можна ўбачыць хларапласты і рух цытаплазмы. Для дэталёвага назірання выкарыстоўваю лічбавы мікраскоп, з дапамогай якога аб’ект можна сфатаграфаваць або зняць пра яго кінафрагмент. Гэтая дзейнасць не пакідае абыякавым нікога з навучэнцаў, — адзначыла Наталля Міхайлаўна.

Як правіла, за некалькі гадоў наведвання такіх займальных заняткаў у суперназіральнікаў узнікае ўстойлівая цікавасць да правядзення ўласных даследаванняў. Пераходзячы ў групу “Юны біёлаг і эколаг”, дзеці ўжо самі выконваюць дэманстрацыйныя доследы, лабараторныя і практычныя работы на базе лічбавай лабараторыі. На гэтым этапе даследчая дзейнасць суправаджаецца актыўным мысленнем школьнікаў. Даследчыцкая актыўнасць навучэнцаў выяўляецца ў імкненні самастойна вылучыць праблему і вызначыць аб’ект даследавання, сфармуляваць тэму.

На трэці этап навучання ў групу “Адкрый у сабе навукоўца” перахо­дзяць тыя дзеці, якія дасканала авалодалі тэарэтычнымі і эксперыментальнымі асновамі навуковага пошуку. На гэтым узроўні навучэнцы праводзяць ужо больш сур’ёзныя эксперыменты і даследаванні.

— Кансультацыйную дапамогу ў даследаваннях аказваю не толькі я як навуковы кіраўнік, але і дасведчаны настаўнік — цьютар. Гэта вучань, які валодае лідарскімі якасцямі і неабходнымі даследчыцкімі кампетэнцыямі. У абавязкі цьютара ўваходзіць дапамога ў распрацоўцы плана даследавання, у пошуку і сістэматызацыі тэарэтычнага матэрыялу, у структураванні інфармацыі і падзеле яе па блоках, ва ўстаноўцы абсталявання для эксперымента сумесна з юным даследчыкам, — патлумачыла Наталля Міхайлаўна.

З нядаўняга часу трэцяя група навучэнцаў актыўна займаецца яшчэ і пазнаннем свету прафесій. У рамках рэалізацыі ў школе рэспубліканскага інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі рэгіянальнага адукацыйнага кластара як ўмовы прафесійнага самавы­значэння навучэнцаў па запатрабаваных у рэгіёне прафесіях і спецыяльнасцях” дзеці пад кіраўніцтвам свайго педагога зараз знаёмяцца з прафесіяй агранома.

Дапамогу ў самавызначэнні і пад­рыхтоўцы да прафесійнай дзейнасці Наталля Міхайлаўна аказвае навучэнцам і падчас набыцця імі спецыяльнасці ў рамках вучэбнага прадмета “Працоўнае навучанне”. Яна дапамагае выпускнікам школы асвоіць прафесію “Агароднік”. На занятках Н.М.Тужыкава знаёміць маладых лю­дзей з тэарэтычнымі асновамі прафесіі, агульнымі звесткамі аб стане і развіцці беларускай сельскай гаспадаркі. Але асноўную ўвагу настаўніца ўдзяляе ўсё ж фарміраванню ў вучняў практычных прафесійных навыкаў.

— Мы ра­зам з вучнямі працуем у школьнай цяпліцы. Выро­шчваем агародніну, зеляніну, расаду кветак. Усё гэта пасля паспяхова рэалізуецца сярод насельніцтва райцэнтра. Але галоўнае тое, што выпускнікі на прак­тыцы вывучаюць характар і асаблівасці работы агародніка, знутры асвойва­юць прафесію, якой навучаюцца, — падкрэсліла Наталля Міхайлаўна.

Сістэма работы Н.М.Тужыкавай не раз даказала сваю эфектыўнасць. Яе вучні рэгулярна становяцца пераможцамі розных прэстыжных даследчых конкурсаў. Яны заваёўвалі прызавыя дыпломы рэспубліканскага конкурсу навуковых біёлага-экалагічных работ, конкурсу навукова-тэхнічнай творчасці навучэнцаў Саюзнай дзяржавы “Таленты XXI стагоддзя”, рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару і інш. Паспяхова праяўляюць сябе ў цэнтралізаваным тэсціраванні. Летась вучаніца Наталлі Міхайлаўны паказала 100-бальны вынік па вучэбным прадмеце “Хімія”. А вучаніца Дар’я Гарэлава была ўзнагароджана прэміяй спецыяльнага фонду прэзідэнта па падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.

— Як і любога педагога, усе дасягненні вучняў мяне неверагодна раду­юць і натхняюць, але, акрамя гэтага, яшчэ і матывуюць. Гэта своеасаблівы стымул да далейшага развіцця, павышэння прафесійнага майстэрства. Хочацца ўдасканальвацца, каб разам з вучнямі пакараць новыя вучэбныя вяршыні, — прызналася Н.М.Тужыкава.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота з архіва Н.М.Тужыкавай.