Прыярытэт — скарачэнне інфляцыі

- 12:39Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка абазначыў як прыярытэт скарачэнне інфляцыі. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў, прымаючы з дакладам міністра фінансаў Уладзіміра Амарына.

Прэзідэнту было даложана, што бюджэт 2015 года будзе выкананы ў запланаваных параметрах, выкананы ўсе абавязацельствы, у першую чаргу сацыяльнага характару. Аляксандр Лукашэнка асобна спыніўся на ўзроўні інфляцыі ў краіне. Гэты паказчык пакуль не перасягае 10 працэнтаў (да ўзроўню снежня мінулага года).
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Беларусі аб’ектыўна нельга мець большую інфляцыю. “Лепш няхай яна будзе адназначнай, тады ўжо людзі зразумеюць, што і ў наступным годзе ў нас інфляцыя будзе зніжана. Нават калі цяжка будзе з бюджэтам. Прыярытэт — скарачэнне інфляцыі”, — запатрабаваў ён.
Праект бюджэту на 2016 год сфарміраваны. Ён разгледжаны і адобраны ўрадам, а ў найбліжэйшы час разам з пакетам дакументаў па прагнозе сацыяльна-эканамічнага развіцця будзе ўнесены кіраўніку дзяржавы на разгляд.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў у час даклада міністра фінансаў, што лічыць недапушчальным браць міждзяржаўныя крэдыты пад 7—8 працэнтаў, і запатрабаваў мінімізаваць працэнты па знешніх пазыках.
Прэзідэнт звярнуў увагу на неабходнасць ненарошчвання знешняга дзярждоўгу, запатрабаваў яго аптымізацыі. Гаворка, у прыватнасці, ідзе аб мінімізацыі працэнтаў па знешніх пазыках, якія прыцягваюцца, у першую чаргу гэта тычыцца пазык наступнага года. Аптымізацыя павінна быць нацэлена на пошук унутраных крыніц для выканання абавязацельстваў — гэта даходы бюджэту, унутраны фінансавы рынак.
Кіраўнік дзяржавы цікавіўся аб’ёмамі дзярждоўгу, якія складваюцца сёння, і перспектывамі пагашэння. Аляксандр Лукашэнка зрабіў акцэнт на наступным годзе, таму што ў бягучым сітуацыя, паводле яго слоў, праглядаецца. “Думаю, што і ў будучым крыху нават лягчэй будзе”, — лічыць ён.
Што тычыцца крэдытаў, то прэзідэнт адзначыў, што апошнім часам яму прапануюць узгадніць той або іншы міждзяржаўны крэдыт пад 7—8 працэнтаў. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што такі крэдыт, на пагашэнне якога давядзецца траціць золатавалютныя рэзервы, недапушчальны для дзяржавы, таму дакументы з такімі прапановамі адразу адпраўляюцца назад. “Калі гэта камерцыйны крэдыт — іншая справа, 7—8 працэнтаў — гэта нармальна, але браць золатавалютныя рэзервы, такія грошы дарагія я лічу непрымальным”, — сказаў прэзідэнт.