Прыярытэт — усебаковае развіццё дзяцей

- 11:56Дадатковая адукацыя

Установы дадатковай адукацыі Магілёўскай вобласці расчынілі дзверы перад вучнямі і іх бацькамі. У рамках рэспубліканскага Тыдня дадатковай адукацыі ўсюды праходзяць інфармацыйна-рэкламныя і прэзентацыйныя мерапрыемствы.

У рэгіёне функцыянуюць 38 устаноў дадатковай адукацыі, і ва ўсіх для наведвальнікаў пастараліся арганізаваць нешта арыгінальнае і цікавае. Акцэнт зроблены на інфармаванне навучэнцаў, бацькоўскай грамадскасці і ўсіх зацікаўленых структур аб адукацыйных магчымасцях аб’яднанняў па інтарэсах. Усе мерапрыемствы прахо­дзяць пад дэвізам “Дарога ў свет фантазіі і творчасці!”. Ён невыпадковы, бо галоўнае ва ўмовах сістэмы дадатковай адукацыі тое, што навучэнцы могуць развіваць свой творчы патэнцыял і адаптавацца ў сучасным грамадстве. Калі навучэнец жыве змястоўным жыццём, сацыяльна рэалізуе сябе, то ў яго больш шансаў дасягнуць поспехаў у будучыні, — адзначыла намеснік начальніка аддзела выхаваўчай работы і аховы дзяцінства галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама А.В.Клімянкова.

Да прэзентацыі сваёй дзейнасці педагагічныя калектывы падышлі вельмі творча. У кожнай установе дадатковай адукацыі распрацавалі непаўторныя мерапрыемствы. Так, у Быхаўскім раённым цэнтры дзіцячай творчасці арганізуюць квест-падарожжа “Прывітанне, творчасці краіна”. У Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Бабруйска правялі велафестываль VELOBOOM. Гульнявы турнір у фармаце “Што? Дзе? Калі?” прапануюць наведвальнікам у Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі “Агат” Магілёва. Знамянальнай па­дзеяй у Касцюковіцкім раённым цэнтры дзіцячай творчасці стала свята “Горад дадатковай адукацыі”. Адметна, што навучальныя ўстановы не толькі запрашаюць дзяцей і іх бацькоў да сябе ў госці, але і самі выязджаюць з прэзентацыямі ў розныя мікразоны, дваровыя тэрыторыі кожнага горада ці раёна.

Заключным акордам акцыі стане маштабны вернісаж талентаў і творчых ідэй, арганізаваны абласным Цэнтрам творчасці. На імправізаванай выставе ўсе жадаючыя змогуць азнаёміцца з напрамкамі дзейнасці ў галоўнай установе дадатковай адукацыі рэгіёна.

— Вельмі важна, што сістэма дадатковай адукацыі Магілёўшчыны багатая вопытнымі, крэатыўнымі, таленавітымі педагогамі. Сёння ў гэтым профілі працуюць сотні прафесійных выкладчыкаў. На працягу апошніх гадоў ахоп навучэнцаў дадатковай адукацыяй складае каля 50%, аб’яднанні па інтарэсах наведваюць 54 тысячы дзяцей, — адзначыла А.В.Клімянкова.

У новым навучальным годзе прыярытэтам дзейнасці, як і раней, застанецца ўсебаковае развіццё дзіцячай асобы.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота з архіва аўтара.