Прыярытэт — выхаванне і развіццё асобы

- 9:40Якасць адукацыі

Апошнія дні жніўня зноў збіраюць разам настаўнікаў. У Магілёве традыцыйная абласная жнівеньская канферэнцыя аб’яднала каля 900 прадстаўнікоў педагагічных калектываў. Удзел у пасяджэнні ўзялі таксама намеснікі старшыняў, начальнікі ўпраўленняў і аддзелаў па адукацыі рай- і гарвыканкамаў, кіраўнікі адукацыйных устаноў рэгіёна. Ганаровымі гасцямі мерапрыемства сталі міністр адукацыі Ігар Карпенка, старшыня аблвыканкама Леанід Заяц, памочнік прэзідэнта — галоўны інспектар па Магілёўскай вобласці Леанід Мартынюк і іншыя.

Сёлета канферэнцыя праходзіла пад назвай “Прыярытэтныя напрамкі сістэмы адукацыі Магілёўшчыны — выхаванне і развіццё асобы”. Над магчымымі шляхамі павышэння эфектыўнасці ў гэтым кірунку настаўніцтва рэгіёна спачатку дэталёва разважала падчас тэматычных секцый і круглых сталоў. Былі падрабязна разгледжаны сучасныя падыходы да паляпшэння якасці дашкольнай, агульнай сярэдняй адукацыі, развіцця прафесійнай і дадатковай адукацыі, выхаваўчай і ідэалагічнай работы. Наглядна азнаёміцца з тым, якім чынам сацыякультурнае асяроддзе выкарыстоўваецца ў фарміраванні асобы дзіцяці, можна было на выставе-прэзентацыі.

Важнасць выхавання падрастаючага пакалення, павышэння якасці адукацыі на розных узроўнях стала лейтматывам і ў ходзе пленарнага пасяджэння, якое прайшло ў даволі дзейсным кантэксце. У выступленнях дакладчыкаў была агучана справаздача аб дасягнутых выніках сістэмы адукацыі рэгіёна, абмеркаваны наяўныя праблемы і перспектывы яе далейшага развіцця. 

Развіццю сферы адукацыі на Магілёўшчыне надаецца першачарговае значэнне. Прымаюцца ўсе неабходныя меры для таго, каб сістэма адказвала самым сучасным патрабаванням. У навучальных установах створана належная матэрыяльна-тэхнічная база, хапае кваліфікаваных педагагічных кадраў. 

Па словах начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Андрэя Заблоцкага, адна з галоўных задач — далейшае паляпшэнне ўмоў навучання дзяцей. І яна мэтанакіравана вырашаецца.

— 1 верасня ўрачыста адкрыецца новая сярэдняя школа ў Бабруйску. Пасля капітальнага рамонту навучэнцаў прымуць сярэднія школы ў Клімавічах, Слаўгарадзе, аграгарадку Лапацічы Слаўгарадскага раёна, аграгарадку Аўсянка Горацкага раёна. Акрамя таго, да канца года свае дзверы адчыняць новыя дзіцячыя сады ў Магілёве, Бабруйску і Шклове, — адзначыў Андрэй Барысавіч.

Кіраўнік адукацыйнай галіны вобласці сказаў, што ў цэлым летась навучальныя ўстановы функцыянавалі плённа.

— Па выніках мінулага навучальнага года 69% школьнікаў прадэманстравалі высокі і дастатковы ўзровень ведаў. Сярэдні бал атэстата 8,5 бала і вышэйшы маюць 35% выпускнікоў школ. Істотна павялічылася колькасць медалістаў і навучэнцаў, якім былі ўручаны пасведчанні аб агульнай базавай адукацыі з адзнакай. Атэстаты асаблівага ўзору з узнагароджаннем залатымі або сярэбранымі медалямі атрымалі 394 выпускнікі 11-х класаў, пасведчанні аб агульнай базавай адукацыі з адзнакай уручылі 513 выпускнікам 9-х класаў. Вынікі сёлетняга цэнтралізаванага тэсціравання паказалі, што ўзровень адукацыйнай падрыхтоўкі вучняў павысіўся па 9 з 14 вучэбных прадметаў. 100-бальны вынік на ЦТ атрымаў 21 выпускнік, — паведаміў Андрэй Заблоцкі.

Паводле яго слоў, на стабільна высокім узроўні на працягу апошніх гадоў магілёўскія навучэнцы выступаюць на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. У гэтым годзе каманда вобласці заваявала 81 дыплом. Лідарам у алімпіядным рэйтынгу з’яўляецца Магілёўскі дзяржаўны абласны ліцэй № 3. Адметна, што выпускнік гэтага ліцэя Леанід Палхоўскі ўдастоены бронзавага медаля па выніках удзелу ў Еўрапейскай геаграфічнай алімпіядзе.

— На заключным этапе рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару прадстаўнікі магілёўскіх школ атрымалі 22 дыпломы. Планамерная работа ажыццяўляецца навучальнымі ўстановамі і па фізічным выхаванні вучнёўскай моладзі. Магілёўшчына паказвае стабільна высокі вынік у штогадовай рэспубліканскай спартакіядзе. Не менш паспяхова выступаюць школьнікі вобласці на рэспубліканскіх спаборніцтвах па біятлоне “Снежны снайпер”. На працягу шэрага гадоў юныя біятланісты рэгіёна ўваходзяць у тройку прызёраў гэтага прэстыжнага турніру. У ліку апошніх знакавых дасягненняў таксама сярэбраны і бронзавы медалі, заваяваныя выхаванцамі Магілёўскай абласной СДЮШАР па шахматах і шашках на міжнародным першынстве свету па шашках. Такія вынікі дасягнуты дзякуючы высокай матывацыі навучэнцаў, узроўню іх падрыхтоўкі, прафесіяналізму педагогаў. І значна, што абласны выканаўчы камітэт удзяляе асаблівую ўвагу сацыяльнай падтрымцы адораных вучняў і настаўнікаў. На іх заахвочванне спецыяльнымі прэміямі аблвыканкама сёлета накіравана 76 тысяч рублёў. Хацелася б падкрэсліць, што высокія паказчыкі ў вучэбнай, алімпіяднай, даследчай дзейнасці навучэнцаў маю ць важнае значэнне, аднак якасць адукацыі павінна ацэньвацца не толькі гэтым, але і ступенню сфарміраванасці асобасных якасцей і ўзроўню сацыялізацыі вучняў. Прыярытэтная задача школы — выхаванне дастойнага грамадзяніна сваёй краіны. Тут многае залежыць ад асобы, характару, кампетэнтнасці і прафесіяналізму педагога. Сучасны настаўнік павінен адрознівацца канструктыўнасцю, валодаць развітым пачуццём адказнасці за лёс дзяцей і краіны ў цэлым. Толькі патрыёт можа выхаваць патрыёта сваім асабістым прыкладам, — заўважыў Андрэй Барысавіч. 

Пра тое, што выхаванню ў цэлым і грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню ў прыватнасці ў сучасных рэаліях неабходна ўдзяляць асаблівую ўвагу, падчас пасяджэння гаварылася неаднойчы.

— Сёння ідзе барацьба за розумы і душы маладога пакалення. Каб здолець прывіць моладзі традыцыйныя духоўныя арыенціры і ўстойлівыя маральныя прынцыпы, неабходна аб’ядноўваць магчымасці сям’і, адукацыі і грамадства. Трэба павышаць матывацыю бацькоў у выхаванні сваіх дзяцей. Для гэтага ва ўстановах адукацыі рэгіёна ўжо перагледжаны арганізацыйная структура і формы работы Бацькоўскага ўніверсітэта, новы імпульс будзе дадзены і рэалізацыі праекта “ШАГ”, рыхтуецца да адкрыцця абласны цэнтр патрыятычнага выхавання. Робіцца многае, але ключавой у сістэме выхавання застаецца асоба настаўніка. Педагог — апора, правадыр ідэй і палітыкі дзяржавы. Якія б ва ўстановах адукацыі ні былі створаны матэрыяльныя ўмовы, якія б новыя тэхналогіі ні былі ўкаранёны, без настаўніка школа нішто. Уносячы асабісты ўклад у агульную справу выхавання, фарміруючы ўстойлівыя і канструктыўныя жыццёвыя арыенціры, кожны педагог тым самым гадуе дастойнае пакаленне беларусаў, — упэўнена намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Ірына Кускова.

А вось намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 34 Магілёва Галіна Бяляева акцэнтавала ўвагу прысутных на тым, што патрыятызму нельга навучыць, але можна паказаць прыклад… Прыклад гераізму і самаахвярнасці папярэдніх пакаленняў, прыклад уласнай грамадзянскай пазіцыі, прыклад канкрэтнай работы на карысць народа і краіны.

— Выхаваць патрыёта без ведання сваёй гісторыі, без каштоўнасна-сэнсавых, эмацыянальных складнікаў немагчыма. Каб выхаваць з навучэнцаў патрыётаў, спачатку ім трэба даць веды, выклікаць эмоцыі, трэба сфарміраваць перакананні. Але самае галоўнае — трэба атрымаць рэфлексію, убачыць канкрэтныя дзеянні. У гэтым і ёсць парасткі ваенна-патрыятычнага выхавання, — пераканана Галіна Мікалаеўна.

Павышэнне ролі навучальнай установы ў выхаванні падрастаючага пакалення — толькі адзін з шэрага напрамкаў, на якія педагогам трэба звярнуць увагу. Больш падрабязна пра тое, якая перазагрузка чакае адукацыю ў найбліжэйшы час, расказаў міністр адукацыі Ігар Карпенка. Па яго словах, на нядаўнім Рэспубліканскім педсавеце абмяркоўваўся шэраг важных дакументаў. У першую чаргу гэта Канцэпцыя развіцця сістэмы адукацыі да 2030 года. У ёй дадзены аналіз міжнароднага вопыту, які ўлічваецца пры фарміраванні шляхоў развіцця беларускай сістэмы адукацыі. Падрабязна разглядалася таксама новая рэдакцыя Кодэкса аб адукацыі, новыя правілы паступлення ва ўстановы вышэйшай адукацыі. Яны, дарэчы, фарміраваліся з улікам новых падыходаў да атэстацыі школьнікаў. Вялося абмеркаванне і запланаваных навацый: фарміравання дзяржаўнага адукацыйнага стандарту, увядзення ў школах пасады кіраўніка ваенна-патрыятычнага выхавання, стымулявання работы класных кіраўнікоў і інш.

— Зараз ідзе пераасэнсаванне педагогамі тых рэчаў, якія абмяркоўваліся на Рэспубліканскім педсавеце. Ужо ў рэгіёнах мы ўспамінаем тыя пасылы, якія былі зроблены кіраўніком дзяржавы, якія гучалі ў выступленнях удзельнікаў. Але сёння відавочна адно: педагагічная грамадскасць у сваёй большасці пазітыўна ўспрыняла вынікі Рэспубліканскага педсавета і агучаныя там ідэі. Цяпер трэба яшчэ раз усім разам паглядзець на гэтыя арыенціры, па якіх мы будзем працаваць у далейшым. Несумненна, на першы план сёння выходзяць пытанні якасці адукацыі. Яна павінна адпавядаць патрэбам асобы, дзяржавы, грамадства. Але навучанне не павінна зводзіцца толькі да перадачы пэўных ведаў. Калі мы напоўнім нашы планы, праграмы, падручнікі душой, то асновай адукацыйнага працэсу стане выхаванне, сацыялізацыя, фарміраванне асобы і светапогляду вучня. Таму неабходна агульнымі намаганнямі працаваць на карысць нашых дзяцей, на рэалізацыю тых прагрэсіўных ідэй, якія мы разам закладваем у развіццё нашай сістэмы адукацыі, — матываваў педагагічную грамадскасць Ігар Васільевіч.

На тое, што задача сучаснай школы — не толькі даваць дзецям веды, але і выхоўваць, звярнуў увагу настаўніцтва і старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц.

— Неабходна з ранняга ўзросту прывіваць дзецям гордасць за Беларусь, за мінулае і сучаснасць свайго народа. Выхаванне павінна ісці як з боку бацькоў, так і з боку педагогаў. Менавіта партнёрства школы і сям’і — залог паспяховай падрыхтоўкі дзяцей да дарослага жыцця, бо мэта ў нас агульная — выхаваць дастойных людзей. Вельмі важна даць маладому пакаленню такія арыенціры, якія дапамогуць кожнаму стаць сапраўдным патрыётам і грамадзянінам, — падкрэсліў Леанід Канстанцінавіч.

Працягам канферэнцыі пасля выступленняў і абмеркаванняў стала цырымонія ўзнагароджання педагогаў вобласці. Павага і прызнанне добрасумленнай працы з’яўляюцца магутным стымулам для развіцця настаўніцкага корпуса. Таму ні-хто з тых, хто плённа папрацаваў, не застаўся без увагі. Нагрудны знак “Выдатнік адукацыі” ўручылі настаўніцы беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 1 імя М.І.Пашкоўскага Бялыніч Д.В.Клопавай, намесніку дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 1 Ю.У.Сіваеву і дырэктару Магілёўскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя № 7 В.П.Чумаковай. Акрамя таго, шматлікія педагогі былі ўзнагароджаны ганаровымі граматамі ад розных ведамстваў і структур. 

Завяршальнай нотай жнівеньскай канферэнцыі стала прыняцце рэзалюцыі. Рэалізацыя пастаўленых у ёй задач будзе спрыяць асобаснаму росту навучэнцаў, выхаванцаў і педагогаў, а таксама эфектыўнаму развіццю ўстаноў адукацыі рэгіёна. 

Ганна СІНЬКЕВІЧ. 
Фота аўтара.