Прыярытэт — выхаванне патрыёта

- 10:13Адукацыйная прастора, Навіны рэгіёнаў

Жнівеньская канферэнцыя сабрала разам настаўніцтва Магілёўшчыны.

Дыялог у адкрытым фармаце аб’яднаў прадстаўнікоў педагагічных калектываў, намеснікаў старшынь, начальнікаў упраўленняў і аддзелаў па адукацыі рай- і гарвыканкамаў, кіраўнікоў навучальных устаноў рэгіёна. Ганаровымі гасцямі мерапрыемства сталі старшыня аблвыканкама Анатоль Ісачанка, памочнік Прэзідэнта — інспектар па Магілёўскай вобласці Леанід Мартынюк, начальнік Галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей Каспяровіч і інш.

За самаадданую і плённую працу шматлікія настаўнікі былі ўзнагароджаны. Ім уручылі ганаровыя граматы і падзякі ад Адміністрацыі Прэзідэнта, Міністэрства адукацыі, абласнога выканаўчага камітэта і абласнога Савета дэпутатаў. А начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Андрэй Заблоцкі, дырэктар сярэдняй школы № 1 Хоцімска Галіна Белікава, майстар вытворчага навучання Бабруйскага дзяржаўнага каледжа імя А.Я.Ларына Святлана Казак, дырэктар Магілёўскай дзяржаўнай гімназіі-каледжа мастацтваў імя Я.Глебава Аляксандр Курсакоў і дырэктар Слаўгарадскага раённага цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Антаніна Лукашкова былі адзначаны нагруднымі знакамі “Выдатнік адукацыі”.

— Мы знаходзімся на парозе новага навучальнага года. Ён нясе пэўныя змяненні, абумоўленыя ўступленнем у сілу абноўленага Кодэкса аб адукацыі. Дакументам вызначаны асновы дзяржаўнай палітыкі, замацаваны палажэнні, накіраваныя на павышэнне эфектыўнасці, якасці і даступнасці адукацыі. Аднак змяненні закрануць не толькі адукацыйны працэс — само жыццё ў школе абяцае стаць крыху іншым. Дзень ведаў пачнецца з узняцця Дзяржаўнага сцяга і выканання Дзяржаўнага гімна Беларусі, абавязковымі атрыбутамі для кожнага вучня стануць адметныя элементы школьнай формы. З улікам апошніх тэндэнцый магілёўскі рэгіён актыўна ўцягнуты ў развіццё сістэмы адукацыі. Хутка свае дзверы адчыняць 333 установы дашкольнай адукацыі для 40 тысяч дзяцей, 334 установы агульнай сярэдняй адукацыі для 115 тысяч навучэнцаў. Пры гэтым упершыню за парты сядуць 12 тысяч першакласнікаў, — адзначыў старшыня аблвыканкама Анатоль Ісачанка.

Якасна і прафесійна 

У мінулым навучальным го­дзе магілёўскія педагогі добра папрацавалі. Дашкольная, агульная сярэдняя, прафесійная, спецыяльная, дадатковая адукацыя, ахова дзяцінства і навукова-метадычнае забеспячэнне адукацыйнага працэсу — усюды ёсць свае поспехі. Вобласці ёсць чым ганарыцца: павялічыўся паказчык забяспечанасці месцамі ў дзіцячых садках і ахопу дзяцей дашкольнай адукацыяй. Высокі і дастатковы ўзровень ведаў дэманструюць 69% школьнікаў, атэстаты з сярэднім балам 8,5 — у 37,5% выпускнікоў школ. Сёлета 397 вучняў атрымалі медалі за выдатную вучобу, у 18 выпускнікоў — 20 стабальных сертыфікатаў па выніках цэнтралізаванага тэсціравання. Навучэнцы выдатна праяўляюць сябе на рэс­публіканскіх і міжнародных алімпіядах, творчых конкурсах і спартыўных спаборніцтвах.

— Сістэма адукацыі рэгіёна прадэманстравала гатоўнасць працаваць якасна і прафесійна. Разам мы здолелі забяспе­чыць рэалізацыю дзяржаўных праграм, накіраваных на дынамічнае развіццё галіны, — паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Андрэй Заблоцкі.

Па яго словах, для арганізацыі якаснага вучэбнага працэсу ў вобласці створаны ўсе неабходныя ўмовы — своечасова праведзены рамонты, набыта абсталяванне. Усяго на падрыхтоўку ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года накіравана звыш 14 млн рублёў бюджэтных і спонсарскіх сродкаў.

Але па-ранейшаму ёсць напрамкі, дзе неабходна ўдасканальваць работу, у іх ліку — ­кад­равае забеспячэнне. Пакуль навучальныя ўстановы забяспечаны педагогамі ў поўным аб’ёме. Разам з тым для падтрымання далейшага стабільнага функцыя­навання сістэмы адукацыі неабходна дакладна прагназаваць патрэбу ў кадрах.

Усяго ў вобласці на падрыхтоўку ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года накіравана звыш 14 млн рублёў бюджэтных і спонсарскіх сродкаў.

— Трэба ўзмацніць праф­арыен­тацыйную работу з будучымі абітурыентамі праз цеснае ўзаема­дзеянне з установамі вышэйшай адукацыі. У гэтым напрамку ёсць рэзерв — павелічэнне колькасці класаў педагагічнай накіраванасці. Пры гэтым кожнаму кіраўніку школы неабходна праводзіць прафарыентацыю вучняў, матываваць іх на атрыманне педагагічнай спецыяльнасці на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі для далейшай работы ў гэтай жа ўстанове. Сёлета для работы ва ўстановах адукацыі вобласці прыбылі 425 маладых спецыя­лістаў. Неабходна пры­няць вычарпальныя меры, накіраваныя на іх доўгатэрміновае замацаванне ў раёнах, — заўважыў Андрэй Барысавіч.

Выхаваўчая сіла 

У сучасных рэаліях стратэгічным пры ажыццяўленні адукацыйнага працэсу становіцца грамадзянска-патрыятычнае выхаванне. І значна, што ў магілёўскіх навучальных установах гэта ўлічваюць. Вядзецца работа па стварэнні і павелічэнні колькасці ваенна-патрыятычных клубаў на базе воінскіх часцей і іншых фарміраванняў. Асаблівая ўвага ўдзяляецца захаванню гістарычнай памяці аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны.

— Ключавой задачай школы з’яўляецца фарміраванне чалавека дасведчанага, ініцыятыўнага, гатовага жыць і працаваць у адкрытым інфармацыйным грамадстве. Прыярытэт — выхаванне патрыёта сваёй краіны, які паважае традыцыі і каштоўнасці беларускага народа, валодае актыўнай грама­дзянскай пазіцыяй. Для вырашэння гэтых задач неабходна працягваць выкарыстоўваць патэнцыял усёй сацыякультурнай прасторы рэгіёна з улікам эфектыўнага міжведамаснага ўзаемадзеяння, — матываваў педагагічную грамадскасць Андрэй Заблоцкі.

Неаднаразова падчас пасяджэння адзначалася, што навучальным установам зараз як ніколі патрэбна падтрымка сям’і. Вельмі важна надаць сямейнаму выхаванню мэтанакіраваны характар, магчыма, праз больш змястоўнае напаўненне шостага школьнага дня, правядзенне сумесных спартыўных і забаўляльна-вучэбных мерапрыемстваў для дзяцей і бацькоў.

Педагагічны саюз бацькоў і настаўніка — магутная выхаваўчая сіла, якую неабходна максімальна выкарыстоўваць на карысць дзяцей.
                                                                                                                                  Анатоль Ісачанка.

— Самае складанае ў рабоце з дзецьмі — работа з іх бацькамі. Дапаўняючы адна адну, установа адукацыі і сям’я павінны аб’яднацца, стаць саюзнікамі, дасяг­нуць супрацоўніцтва і поўнай узаема­падтрымкі. Сям’і і школе трэба быць адзінымі ў сваіх патрабаваннях і канчатковай мэце выхавання. Педагагічны саюз баць­коў і настаўніка — магутная выхаваўчая сіла, якую неабходна максімальна выкарыстоў­ваць на карысць дзяцей, — падкрэс­ліў кіраўнік рэгіёна Анатоль Ісачанка.

Шляхі для руху наперад 

Наогул, у ходзе канферэнцыі не толькі абмяркоўвалі вынікі работы і аналізавалі праблемы. Сумесна вызначалі кірункі развіцця сістэмы адукацыі вобласці.

— Гэта ўжо добрая традыцыя — разам вызна­чаць арыенціры для далейшай дзей­насці, шляхі для руху наперад, — адзначыў начальнік Галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей Каспяровіч, акрэсліўшы асаблівасці надыходзячага навучальнага года. Ён падрабязна расказаў аб абноўленым Кодэксе аб адукацыі, засяродзіўся на важнасці грамадзянска-патрыя­тычнага выхавання, іншых напрамках функцыянавання навучальных устаноў у адпаведнасці з Канцэпцыяй развіцця айчыннай адукацыі да 2030 года.

Сярод галоўных лейтматываў канферэнцыі прагучала сцвярджэнне пра тое, што адукацыя сёння шмат у чым стала драйверам, а прадстаўнікі педагагічнай прафесіі — праваднікамі ў свет ведаў і ўменняў, здольнымі адшліфаваць лепшыя якасці дзіцяці, сфарміраваць яго ў духоўна-маральным плане, пад­рыхтаваць да жыцця.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.