Прыярытэт — забеспячэнне паўнацэннага, якаснага і бяспечнага харчавання насельніцтва

- 10:04Інфармацыйная гадзіна

У Беларусі распрацавана Канцэпцыя дзяржаўнай палітыкі ў галіне здаровага харчавання насельніцтва на перыяд да 2020 года, паведаміла начальнік упраўлення аховы правоў спажыўцоў і кантролю за рэкламай Мінгандлю Ірына Барышнікава.

“Навукова-практычным цэнтрам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па харчаванні распрацавана Канцэпцыя дзяржаўнай палітыкі ў галіне здаровага харчавання насельніцтва Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2020 года”, — сказала Ірына Барышнікава. Паводле яе слоў, асноўнымі мэтамі дакумента з’яўляюцца вызначэнне прыярытэтных напрамкаў навукова-тэхнічнай і сацыяльна-эканамічнай палітыкі краіны, сістэматызацыя і каардынацыя дзейнасці дзяржаўных органаў, арганізацый аховы здароўя, харчовай і фармацэўтычнай галін прамысловасці, навуковых і іншых арганізацый Беларусі па забеспячэнні паўнацэннага, якаснага і бяспечнага харчавання, накіраванага на захаванне здароўя і паляпшэнне якасці жыцця насельніцтва, устараненне дэмаграфічнага дысбалансу.
Таксама Ірына Барышнікава расказала, што Міністэрствам гандлю разам з Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання, Белкаапсаюзам, аблвыканкамамі і Мінгарвыканкамам распрацоўваецца графік пастаўкі на ўнутраны рынак свежай садавіннаагародніннай прадукцыі айчыннай вытворчасці. Мэтай з’яўляецца павелічэнне аб’ёмаў продажу і, адпаведна, спажывання такой прадукцыі, забеспячэнне ёй насельніцтва ў поўным аб’ёме.
Гандлёвай інспекцыяй у ходзе кантрольных мерапрыемстваў удзяляецца асаблівая ўвага наяўнасці ў арганізацыях гандлю агародніны і садавіны беларускай вытворчасці, захаванню асартыментных пералікаў.