Прыярытэтны напрамак сумесных дзеянняў

У Міністэрстве адукацыі адбылася сустрэча міністра адукацыі І.В.Карпенкі з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Венгрыі ў Рэспубліцы Беларусь Жолтам Чуторам.

У прывітальным слове Ігар Васільевіч Карпенка падзякаваў за візіт пасла ў Міністэрства адукацыі і выказаў спадзяванне, што такія сустрэчы будуць рэгулярнымі. Сапраўды, адзначыў міністр, сістэма адукацыі — гэта менавіта тая галіна, якая аб’ядноўвае краіны і народы, таму, безумоўна, задача адукацыйных галін Беларусі і Венгрыі — наладжваць масты супрацоўніцтва, завязваць новыя кантакты. Як было адзначана, устанаўленне і развіццё прамых дамоўленасцей паміж установамі адукацыі і навуковымі арганізацыямі дзвюх краін разглядаецца Міністэрствам адукацыі як прыярытэтны напрамак сумесных дзеянняў. Гэтаму спрыяе адпаведная дагаворна-прававая база двухбаковага ўзаемадзеяння. У яе аснове — пагадненне і праграма паміж урадамі Беларусі і Венгрыі аб супрацоўніцтве ў галіне адукацыі, навукі і культуры, 8 міжуніверсітэцкіх дамоўленасцей аб супрацоўніцтве і інш.  Прыкладам цеснага ўзаемадзеяння стала Пагадненне паміж Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэтам і  Міністэрствам замежных спраў і знешняга гандлю Венгрыі аб выкладанні венгерскай мовы і  культуры. Згодна з ім, 26 студэнтаў МДЛУ вывучаюць венгерскую мову ў якасці факультатыўнай дысцыпліны.

Міністр адукацыі І.В.Карпенка адзначыў, што беларускі бок зацікаўлены ў тым, каб венгерскія грамадзяне прыязджалі ў нашу краіну вывучаць у беларускіх універсітэтах рускую і беларускую філалогію, а таксама засвойваць тыя  спецыяльнасці, у падрыхтоўцы па якіх у Венгрыі найбольш зацікаўлены.

Было б карысным для студэнтаў і педагогаў дзвюх краін праводзіць моўныя, навуковыя, навукова-тэхнічныя стажыроўкі ў сферы навукі і інавацый, міжнародныя адукацыйныя і навуковыя мерапрыемствы.

Плануецца, што ў канцы лета 10 студэнтаў перакладчыцкага факультэта МДЛУ прымуць ­удзел у пятым беларуска-венгерскім азнаямленчым лагеры ў Народным універсітэце Лакітэлек. У мінулым годзе 11 студэнтаў перакладчыцкага факультэта МДЛУ ўжо мелі магчымасць павысіць сваю кваліфікацыю ў час наведвання гэтага лагера.

 Сёлета ў лагеры будзе традыцыйна арганізававаны курс лекцый па венгерскай гісторыі, літаратуры, культуры, факультатыўныя заняткі па ўдасканаленні венгерскай мовы з удзелам яе носьбітаў.

Міністр адукацыі І.В.Карпенка і Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Венгрыі ў Рэспубліцы Беларусь Жолт Чутора прыйшлі да высновы, што трэба павышаць эфектыўнасць супрацоўніцтва ў сферы адукацыі дзвюх краін і намецілі перспектывы ўзаемадзеяння.

Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.