Прыярытэты паспяховага развіцця

- 11:03Суразмоўца

У Рэспубліканскім інстытуце прафесійнай адукацыі прайшло пасяджэнне рабочай групы Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па адукацыі, культуры і навуцы з супрацоўнікамі сістэмы адукацыі. У ходзе сустрэчы былі абмеркаваны праект Закона “Аб змяненні Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі” і праект Канцэпцыі развіцця сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь да 2030 года. У мерапрыемстве прынялі ўдзел І.А.Марзалюк, старшыня профільнай камісіі, І.А.Старавойтава, першы намеснік міністра адукацыі, В.М.Галубоўскі, рэктар Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі, прадстаўнікі ўпраўленняў па адукацыі аблвыканкамаў, камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама, вучэбна-метадычных цэнтраў, прэзідыума Рэспубліканскага савета дырэктараў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Больш падрабязна аб гэтай падзеі расказаў рэктар РІПА, кандыдат педагагічных навук, дацэнт В.М.ГАЛУБОЎСКІ.

— Валерый Мікалаевіч, як вядома, на абмеркаванне нашай грамадскасці вынесены праект Канцэпцыі развіцця сіс­тэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь да 2030 года. Як сувымяраюцца пазіцыі новай канцэпцыі з тымі заканадаўчымі нормамі, якія выкладзены ў абноўленым праекце Кодэкса аб адукацыі. Якія напрамкі ў развіцці прафесійнай адукацыі найбольш актуальныя?

— Ключавой задачай дзейнасці сістэмы прафесійнай адукацыі з’яўляецца стварэнне ўмоў для развіцця асобы навучэнца з улікам выканання сацыяльнай функцыі і кадравага забеспячэння эканомікі высокакваліфікаванымі кадрамі ў сугуччы з тымі пазіцыямі, якія прадстаўлены ў новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі і праекце Канцэпцыі развіцця сістэмы адукацыі, якія і дазваляюць ажыццяўляць пастаўленыя задачы.

У склад кантынгенту навучэнцаў устаноў прафесійнай адукацыі ўваходзяць выпускнікі базавай і агульнай сярэдняй школы, асобы з асаблівасцямі ў развіцці, дарослае насельніцтва, якое хоча набыць прафесію, і тая працуючая частка, якая імкнецца павысіць кваліфікацыю.

На закладзеныя ў праекце канцэпцыі кірункі ўплываюць фактары, якія сёння адбываюцца ў нашым жыцці, непасрэдна ў сферы эканомікі і падрыхтоўкі кадраў. Самае істотнае — гэта змена тэхналагічных укладаў, што вядзе да змены кваліфікацыйных патрабаванняў да падрыхтоўкі рабочых і служачых і ўплывае на прагнозныя паказчыкі патрэбнасці ў кадрах. З улікам гэтага стаіць пытанне аб удасканаленні механізмаў узаемадзеяння сістэмы прафесійнай адукацыі з заказчыкамі кадраў у фарміраванні заказа, забеспячэнні якасці і даступнасці сістэмы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, распрацоўцы сумесна з Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны механізмаў прызнання кваліфікацый. Згодна са стратэгіяй удасканалення нацыянальнай сістэмы кваліфікацый, ёсць неабход­насць стварыць цэнтр незалежнай серты­фікацыі кваліфікацый, як па прафесіях, якія не патрабуюць асаблівай адукацыі, так і па тых, дзе асобныя функцыі засвоены самастойна. У любым выпадку павінен быць выдадзены адпаведны дакумент, які паслужыў бы падставай для прыёму на работу.

 Трэба адзначыць, што ў праекце Канцэпцыі развіцця сістэмы адукацыі ставіцца мэта павысіць эфектыўнасць сістэмы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў падрыхтоўцы кадраў для сацыяльна-эканамічнага комплексу нашай краіны. Гэта патрабуе канцэнтрацыі і найбольш рацыянальнага выкарыстання ўсіх відаў рэсурсаў, якія павінны быць скіраваны на ­якасць навучання, абнаўленне зместу адукацыйных і распрацоўку прафесійных стандартаў, умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы, развіццё сеткі рэсурсных цэнтраў, змяненне механізмаў узаемадзеяння паміж установамі прафесійнай адукацыі і работадаўцамі. Акрамя таго, мы павінны працягваць работу па павышэнні прывабнасці і іміджу прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Прафарыентацыю неабходна праводзіць не толькі сярод моладзі, але і сярод дарослага насельніцтва, каб яно ўсвядомлена выбірала рэсурсы прафесійнай адукацыі для атрымання прафесіі або павышэння кваліфікацыі. Удасканаленне форм і метадаў прафесійнай дыягностыкі таксама важны кірунак, які сёння неабходна развіваць. Трэба распрацоўваць новыя формы дыягнастычнага інструментарыю, які павінен быць сарыентаваны як на моладзь, так і на дарослае насельніцтва.

— Відавічна, што ў вырашэнні гэтых задач не абысціся без удасканалення кадравага патэнцыялу сістэмы прафесійнай адукацыі.

— Безумоўна, рэалізацыя перспектыўных кірункаў развіцця прафесійнай адукацыі немагчыма без павышэння прафесійнага ўзроўню педагогаў. Выкладчыкі і майстры вытворчага навучання павінны быць гатовы да ўкаранення новых методык, форм выкладання, прымянення ІКТ, сучасных педагагічных тэхналогій, мабільна рэагаваць на новаўвядзенні. Трэба звярнуць увагу і на абнаўленне зместу адукацыйных стандартаў, якое будзе адбывацца на аснове прафесійных стандартаў. Мы павінны быць гатовы выбудоўваць змест прафесійнай адукацыі на аснове новых патрабаванняў прафесійных стандартаў як для доўгатэрміновых вучэбных праграм для моладзі, так і для кароткатэрміновых — для перавучвання дарослых. Гэты працэс толькі набірае абароты, але ў найбліжэйшы час будзе ўсё больш і больш разгортвацца.

Новыя кірункі развіцця прафесійнай адукацыі паспрыяюць стварэнню сучаснага адукацыйнага асяроддзя. Гэта паўплывае на тэмпы і якасць вучэбнага кнігавыдання, стварэнне новых дапаможнікаў не толькі на папяровых носьбітах, але і на электронных, а таксама на аснашчэнне сучасным абсталяваннем вучэбных майстэрань, лабараторый і парка тэхнікі ў навучальных установах. Базай могуць паслужыць рэсурсныя цэнтры, дзе сканцэнтраваны абсталяванне і тэхналогіі найноўшага ўзору. Акрамя таго, мы павінны забяспечыць спрыяльныя ўмовы для развіцця бесперапыннай прафесійнай адукацыі рабочых і служачых, у тым ліку ў рамках інклюзіі. Сёння ў сістэме прафесійнай адукацыі амаль усе навучальныя ўстановы займаюцца перападрыхтоўкай дарослых, але інклюзіўнай адукацыяй займаюцца нямногія. Улічваючы тое, што колькасць моладзі, якая мае асаблівасці ў развіцці, узрастае, кіраўніцтву навучальных устаноў, педагагічным калектывам неабходна падрыхтаваць механізмы такой падрыхтоўкі і стварыць умовы для інклюзіўнай адукацыі.

— Якія падыходы будуць прыняты да заказчыкаў кадраў, каб павысіць іх актыўнасць у прафесійнай падрыхтоўцы будучых рабочых і спецыялістаў? Якія стымулы могуць быць прыменены?

— Відавочна, што сёння неабходна павялічыць колькасць прадпрыемстваў і арганізацый усіх форм уласнасці, якія павінны ўдзельнічаць у заказе на падрыхтоўку кадраў. На жаль, сёння ў гэтым працэсе не ўдзельнічаюць малыя і сярэднія прадпрыемствы прыватнай формы ўласнасці, і гэта пры тым, што ў асобных сектарах эканомікі іх колькасць узрастае. ­Узяць, напрыклад, будаўнічую галіну, дзе каля 80% арганізацый маюць прыватную форму ўласнасці, але не ­ўдзельнічаюць у працэсе падрыхтоўкі навучэнцаў, у правядзенні вытворчых практык, фарміраванні патрабаванняў да кваліфікацый, у зместавым напаўненні навучання. Каб выправіць сітуацыю, у праекце канцэпцыі прапанавана ўкараніць сістэму суфінансавання падрыхтоўкі кадраў арганізацыямі і прадпрыемствамі. Аналіз замежнага вопыту паказвае, што ў свеце практычна няма краін, якія забяспечваюць падрыхтоўку кадраў выключна за кошт бюджэту. У кожнай краіне дзейнічаюць свае нацыянальныя механізмы, якія дазваляюць стымуляваць далучэнне бізнесу да суфінансавання падрыхтоўкі кадраў. Так, у прыватнасці, у Германіі рамесныя і гандлёвыя палаты аб’яднаны ў пэўныя галіны і фарміру­юць адпаведны галіновы фонд, які дазваляе накіроўваць рэсурсы як на перанавучанне дарослых, так і на падтрымку навучальных устаноў, дзе займаецца моладзь, на стварэнне навучэнскіх месцаў на прадпрыемствах для адпрацоўкі прафесійных навыкаў. У некаторых краінах ствараюць субнацыянальныя фонды (аналаг нашага фонду сацыяльнай абароны), пры якіх ёсць фонд па развіцці кваліфікацый. У іншых краінах гэта могуць быць рэгіянальныя фонды. Пытанне суфінансавання вельмі важнае для нашай сістэмы адукацыі і патрабуе прапрацоўкі на міжведамасным узроўні.

— Удзел у руху WorldSkills дазваляе ацаніць якасць прафесійнай падрыхтоўкі нашых навучэнцаў на фоне міжнародных стандартаў, высветліць, наколькі ўзровень кваліфікаванай рабочай сілы можа забяспечыць рэалізацыю інвестыцыйных праектаў, дае магчы­масць укараняць новыя тэхналогіі і якасна выконваць усе віды работ. Але сёння недастаткова ацэньваць якасць прафесійнай падрыхтоўкі толькі выдатнай адзнакай або павышаным разрадам. Якія спосабы дасягнення якасці прафесійнай падрыхтоўкі кадраў найбольш эфектыўныя?

— Якасць — гэта інтэграваная характарыстыка, якая складаецца з задаволенасці вынікамі навучання саміх навучэнцаў, якія адчуваюць сябе запатрабаванымі і ўпэўненымі, ажыццяў­ляць адпаведную работу. Акрамя гэтага, тут прадстаўлена пазіцыя спажыўцоў рабочай сілы, якіх задавальняе ўзровень падрыхтоўкі кадраў, да якой яны таксама прыклалі намаганні, а таксама дзяржава, якая забяспечвае занятасць працоўных рэсурсаў, прадукцыйнасць працы і ў выніку — эканамічны рост краіны. Удасканаленне механізма сацыяльнага партнёрства, умацаванне інтэграцыі вытворчасці, навукі і прафесійнай адукацыі — гэта найбольш эфектыўны спосаб дасягнення якасці прафесійнай падрыхтоўкі кадраў. З гэтай мэтай у праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця нашай краіны на наступныя 5 гадоў ставіцца задача стварэння кластараў і развіцця іх дзейнасці. Але ёсць у гэтым свае акалічнасці. Напрыклад, ужо заяўлена стварэнне аўтамабільнага кластара па вырабе электробусаў і электрамабіляў. У кластар запланавана ўваходжанне прадпрыемстваў, дзе адны бу­дуць заняты вырабам аўтакампанентаў, а другія — стварэннем непасрэдна самога аўтамабіля. Але пры гэтым у кластары абсалютна не абазначаны ўдзел навучальных устаноў прафесійнай адукацыі. Хаця відавочна, што гэта новы механізм сацыяльнага партнёрства на кластарнай аснове. Патрабаванні да праектнага прадпрыемства павінны стаць своеасаблівым сігналам для сіс­тэмы прафесійнай адукацыі аб тым, якім будзе абсталяванне, новыя тэхналогіі на вытворчасці, якой кваліфікацыі кадры там спатрэбяцца.

— У новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі закладзена норма пераходу на ­адзіны від установы — каледж, які рэалізуе праграмы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Як гэты пераход будзе ажыццяўляцца на практыцы? І яшчэ пытанне. Ці зменяцца функцыі вядучых каледжаў?

— Пераход на адзіны від установы — каледж — дазволіць зрабіць больш мабільнымі ўстановы прафесійнай адукацыі і з пункту гле­джання адкрыцця падрыхтоўкі. Размова ідзе не пра выключэнне прафесійна-тэхнічнага ўзроўню, а пра тое, што каледж для спажыўца кадраў бу­дзе больш зразумелым у тым, што да­юць праграмы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. У гэтым выпадку каледж будзе мець права рэалізоўваць гэтыя праграмы ў залежнасці ад падрыхтаванасці педагогаў, метадычнага суправаджэння, матэрыяльна-тэхнічнай базы. Калі хто з прафесійных ліцэяў пасля перайменавання ў каледж “падрасце” да ўзроўню гатоўнасці адкры­ваць сярэднюю спецыяльную адукацыю, то галіновае міністэрства прадаставіць такую магчымасць. Калі ж іх патэнцыял застанецца на ранейшым узроўні, то і праграмы будуць рэалізоўваць толькі прафесійна-тэхнічнага ўзроўню.

 Шмат увагі ўдзяляецца сёння стварэнню вядучых каледжаў на рэспубліканскім узроўні па відзе эканамічнай дзейнасці. У нас існуе палажэнне аб вядучых каледжах на рэспуб­ліканскім і рэгіянальным узроўнях. Але час падказвае перагледзець функцыі гэтых каледжаў у сувязі з уступленнем у сілу новай рэдакцыі кодэкса. З улікам развіцця нацыянальнай сістэмы кваліфікацый трэба бу­дзе вызначыць, як вядучыя каледжы на рэспубліканскім узроўні будуць удзельнічаць у рабоце з сектаральнымі саветамі, непасрэдна з прадпрыемствамі і арганізацыямі таго ці іншага сектара. Сучасны вядучы каледж па ві­дзе эканамічнай дзейнасці — гэта ўстанова, якая з’яўляецца правадніком патрабаванняў рынку працы і адпаведнага сектара эканомікі ў сістэму прафесійнай адукацыі, забяспечваючы трансфер гэтых патрабаванняў у змест падрыхтоўкі кадраў, і ў далейшым здольная іх рэалізоў­ваць. У канцэпцыі закладзены кірунак, які тычыцца аптымізацыі структуры сістэмы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Адзначу, што гэта не механічнае аб’яднанне навучальных устаноў, а выключэнне дубліравання спецыяльнасцей. Каб гэтага не ўзнікала, неабходна дакладна вывучаць патрэбнасць у кадрах на рэгіянальным рынку працы і рыхтаваць менавіта тыя кадры, якія маюць попыт у гаспадарках і на прадпрыемствах рэгіёнаў.

— Ці будуць укараняцца механізмы незалежнай выніковай атэстацыі для выпускнікоў навучальных устаноў прафесійнай адукацыі?

— Гэтае пытанне вельмі актуальнае. Адназначна, выпускны кваліфікацыйны экзамен, які праводзіцца на прысваенне кваліфікацыі рабочага або спецыяліста сярэдняга звяна, не павінен распрацоўвацца самой навучальнай установай. Сёння ў рамках эксперымента па даручэнні Міністэрства адукацыі па прафесіі маляр узроўню ПТА і спецыяльнасці ССА “Прамыслова-грамадзянскае будаўніцтва” мы рапрацоўваем падыходы па зместавым напаўненні заданняў для выніковай атэстацыі, каб можна было па аднайменным прафесійным кірунку правесці ў адзін дзень і час праверку вынікаў і аб’ектыўна даць ацэнку ўзроўню падрыхтоўкі выпускніка. Згодна з эксперыментам, будзе праведзена абмеркаванне і прыняцце рашэння па распаўсюджанні гэтай практыкі.

Таксама актуальным застаецца распрацоўка і ўкараненне механізмаў правядзення незалежнай сертыфікацыі кваліфікацый. Калі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны распрацуе працэдуры аб тым, як прызнаваць кваліфікацыю, атрыманую нефармальным шляхам або праз мэтавыя курсы, то для гэтага спатрэбіцца інфраструктура, дзе будзе праводзіцца экзамен на прызнанне кваліфікацый. Самым рацыянальным вырашэннем гэтага пытання з’яўляецца выкарыстанне рэсурсных цэнтраў.

— У канцэпцыі асобным блокам прадстаўлены працэс лічбавізацыі ў сістэме адукацыі.

— Сапраўды, лічбавізацыя з’яўляецца скразным працэсам і ахоплівае ўсе ўзроўні адукацыі. На ўзроўні прафесійнай адукацыі вядзецца распрацоўка аўтаматызаванай сіс­тэмы кіравання электронным каледжам, аптымізацыя кіраўніцкіх працэсаў, скарачэнне дакументаабароту, больш аператыўнае выкарыстанне даных як на ўзроўні ўстановы, так і на ўзроўні заснавальніка, і вызначэнне тых, хто будзе мець доступ да гэтых даных для прыняцця адпаведных кіраўніцкіх рашэнняў. Другі этап лічбавізацыі — сам адукацыйны працэс, які прадугледжвае ўкараненне лічбавых тэхналогій у методыку і формы правядзення заняткаў, прымяненне спецыялізаваных праграмных прадуктаў, тэстаў, электроннай апрацоўкі даных, індывідуальнай траекторыі ўліку вынікаў навучання і г.д.

— Якая ўвага будзе ўдзелена выхаваўчай рабоце? На што робіцца асноўны акцэнт?

— Сёння, калі ў нашы ўстановы прафесійнай адукацыі прыходзіць пакаленне маладых людзей са сваімі каштоўнасцямі, чаканнямі, з новым успрыманнем інфармацыі, у якіх больш імкліва фарміруецца мысленне, расце жаданне хутчэй высці ў самастойнае жыццё, то ўсе гэтыя фактары, безумоўна, патрабуюць змяненняў у самім выхаваўчым працэсе. А гэта магчыма пры адпаведным прафесійным узроўні педагогаў, сацыяльных педагогаў, псіхолагаў, якія павінны ўкараняць новыя выхаваўчыя падыходы і методыкі, пашыраць і разнастайваць выхаваўчыя мерапрыемствы, фарміраваць у асобе навучэнца высокія патрыятычныя і грамадзянскія якасці. Сёння навучальным установам трэба сканцэнтраваць увагу на фарміраванні здаровага ладу жыцця маладых людзей, выкарыстоўваць новыя, больш дзейсныя формы ў прапагандзе фізкультуры і спорту, барацьбе з дрэннымі звычкамі. У працэсе падрыхтоўкі кадраў трэба забяспечыць зместавае і метадычнае суправаджэнне выхаваўчай работы, асобаснае і сацыяльнае развіццё навучэнцаў, фарміраванне іх прафесійнай і працоўнай культуры.

Гутарыла Ала КЛЮЙКО.