Прыёмнае дзіця ў школе

- 13:05Сацыяльны ракурс

Як вучыцца разам

Навучанне ў школе — самы насычаны падзеямі перыяд у жыцці чалавека. Чаму? У гэты час чалавек вучыцца прымяняць веды, якія набыў за першыя гады жыцця, і накладваць іх на новыя веды, як гаворыцца ў педагагічнай навуцы: апора на зону бліжэйшага развіцця.

Калі ўважліва разгледзець тэматыку школьнай праграмы, можна заўважыць, што яна вынікае з папярэдняга вопыту чалавека і будуецца ў адпаведнасці з набытымі ведамі, уменнямі і навыкамі. Гэта ў ідэале. А што з тымі дзецьмі, у якіх гэтыя самыя веды, уменні і навыкі не ў дастатковай колькасці або яны вельмі моцна адрозніваюцца ад ведаў большасці вучняў?Далей гаворка пойдзе аб праблемах навучання дзяцей, якія перажылі псіхалагічную траўму ў розныя перыяды дашкольнага, а можа, і школьнага жыцця. У большай ступені хочацца пагаварыць пра дзяцей, якія жывуць у замяшчальных сем’ях. Калі яны памянялі біялагічную сям’ю на замяшчальную, значыць, штосьці ў іх жыцці адбылося, і гэтае “штосьці” не проста непрыемнасць, а нешта жахлівае.
Так павялося, што калі ў школу прыходзіць прыёмнае дзіця, то ўсе рыхтуюцца да праблем. З псіхалагічнага пункту гледжання гэта правільна. І тут правільна толькі ў першай частцы падрыхтоўкі: мы прымаем праблемы, якія яшчэ не з’явіліся. А вось пра другую частку часта забываемся, а можа, нават і не надаём значэння: адкуль гэтыя праблемы і што ж будзем рабіць, калі праблемы з’явяцца, як будзем іх вырашаць? Менавіта вырашаць, таму што дзіця будзе вучыцца ў гэтай установе. І мы будзем дапамагаць яму кожны дзень.
Не сакрэт, што, ведаючы прычыну праблемы, мы можам яе вырашыць.
Навучанне ў школе — складаны працэс для любога дзіцяці. Мозг павінен працаваць ва ўсіх напрамках: прадметная азбука, зносіны з педагогамі, з аднакласнікамі, рэжымныя моманты, стрэсавыя сітуацыі і г.д. З гэтай работай можа справіцца толькі мозг, не заняты іншымі важнымі працэсамі, а менавіта абаронай ад раздражняльных фактараў. Вы спытаеце, якія раздражняльныя фактары ў школе? Я адкажу: на кожным кроку.
Дзіця, якое жыве ў замяшчальнай сям’і, мела незвычайны лёс у мінулым, што і паслужыла збоем у рабоце галаўнога мозга. На гэты збой у большай ступені паўплывала траўма. Псіхалагічная траўма, да якой схільны 100% дзяцей з замяшчальных сем’яў, можа быць не толькі вострай (“Мяне забралі ад мамы”, “Я страціў дом”). Часцей яна мае комплексны характар: пастаяннае незадавальненне жыццёва важных патрэб, жорсткае абыходжанне і іншыя страшныя непрыемнасці. А мозг дзіцяці пасля перажывання наступстваў, якія траўміруюць, любое новае і невядомае ўспрымае як чарговую пастку і пагрозу для жыцця. А што такое школа? Гэта якраз новае і невядомае.
Часта педагогі прымяняюць да дзяцей з замяшчальных сем’яў тыя ж метады выхавання і навучання, што і да дзяцей са звычайных сем’яў, і, не бачачы выніку, апускаюць рукі. А тут жа зусім іншая гісторыя.
Калі чалавек перажыў падзеі, якія траўміравалі, то ён у кожнай новай сітуацыі будзе шукаць падабенства, каб засцерагчы сябе і такім чынам выратавацца, менавіта выратавацца ад сітуацыі, якая траўміруе. А выратаванне можа мець характар уцёкаў (адысці ад праблемы), нападу (агрэсія) або ступару (“Можа, мяне не заўважаць?”). І вось тут у педагогаў ствараецца ўражанне, што гэтае дзіця не можа быць навучана або выбрала не тую школу, што яму трэба надомнае навучанне або ўвогуле яго трэба ізаляваць ад грамадства.
Праблема не ў тым, што яно дурное і не навучаецца, а ў тым, што яму складана рабіць дзве справы адначасова: сачыць за становішчам, каб яго не засталі неспадзеўкі, і засвойваць новыя веды. Паколькі новыя веды не такія важныя для фізіялагічнага арганізма, то пытанні для вучня, для траўміраванага дзіцяці адыходзяць на другі план. І ўвесь разумовы працэс, на аснове чаго і будуецца школьнае навучанне, становіцца не такім важным у жыцці чалавека, які перажыў сітуацыі, якія траўміруюць.Разумовы працэс — даволі складаная функцыя мозга. Яна мае мноства дапаможных працэсаў. Каб разабрацца ў іх рабоце, трэба ведаць, які працэс як працуе.
На што скардзяцца педагогі, калі ў вучняў ёсць праблемы ў навучанні:
“Ён няўважлівы” (пра ўвагу);
“Ён нічога не можа паўтарыць, не запамінае” (пра аператыўную памяць);
“Ён не можа знайсці, дзе зрабіў памылку, не разумее, як гэта зрабіў” (пра самаправерку або праверку сваіх ведаў);
“Ён увесь урок займаецца незразумела чым, і яму не хапае часу закончыць работу, ён заўсёды спазняецца, праяўляе неспакой, неарганізаваны” (пра часовае планаванне);
“Ён не разумее наступствы сваіх паводзін, не можа прымяніць веды з аднаго прадмета на другім” (пра прычынна-выніковыя сувязі).
Такім чынам, увага. Здавалася б, што тут складанага: сядзі і слухай педагога. Для дзіцяці, якое перажыло траўму, гэта вельмі складаны працэс, таму што ўвага складаецца з фокусу на аб’ект, пераключэння ад аднаго знака да іншага, кантролю сваіх думак і рабочай памяці. Каб уважліва слухаць аб’ект, трэба, каб вакол не было раздражняльнікаў, а калі яны маюць месца, дзіця павінна быць упэўнена, што яны не небяспечныя для яго. Раздражняльнікам можа выступаць любы прадмет, чалавек ці эмоцыя.
Аператыўная памяць. Складаны працэс, дзе трэба не толькі памятаць тое, што сказалі цяпер, але і тое, што гаварылася дзве хвіліны назад, а то і ўчора. А калі дзіця ў момант запамінання сядзела і глядзела ў акно на машыну, такую ж, як і тая, што забрала яго ў прытулак, ці настаўнік зрабіў рух, падобны да таго, што рабіла мама перад тым, як сысці з дому і пакінуць яго аднаго? Яго мозг не запамінаў, а складаў план забеспячэння абароны сябе ў гэты момант, і ўсе словы педагога прайшлі міма.
Праверка сваёй работы. Калі дзіця ў мінулым часта каралі і прыніжалі, у яго выстраіцца лагічны рад з таго, што зняваг з яго дастаткова, а праверка сваёй работы можа паказаць яму на памылкі. Вось яно — прыніжэнне яго самога. Яно проста ўхіліцца ад гэтага, каб не адчуваць больш такога негатыву, або зробіць выгляд, што ў яго ўсё правільна.
Планаванне часу. Складаная функцыя, якой трэба вучыць і вучыцца. Каб планаваць будучыню, трэба ўмець угрунтоўвацца на мінулае, а што было ў мінулым у дзяцей з псіхалагічнай траўмай? Яны не могуць і не хочуць зноў прынесці гэта ў сваё жыццё, каб не разбурыць кволы свет стабільнай сучаснасці.
Прычынна-выніковыя сувязі. Мы запамінаем інфармацыю пры дапамозе прычыны і выніку. Калі я хачу есці, то шукаю або прашу ежу. Калі хачу спаць — іду на месца для сну. А калі гэтыя прычыны і вынікі былі парушаны яшчэ ў маленстве? Калі дзіця хацела есці і прасіла гэта пры дапамозе плачу, а на гэта не рэагавалі, у яго пачынае выпрацоўвацца разуменне, што паміж яго жаданнямі і атрыманнем жаданага няма ніякай сувязі. Як жа дзіцяці потым наладжваць простыя сувязі ў сістэме “я табе дам нешта, а ты дай мне” (гэта можа быць не прадмет, а эмоцыя, дзеянне). Дзецям, чые важныя патрэбы (ежа, догляд, цяпло) доўга не задавальняліся, гэта складана зразумець і прыняць.
Зыходзячы з вышэйсказанага, атрымліваецца, што дзіця з траўмай жыве ў стане пастаяннага стрэсу, які паведамляе яму, што трэба рабіць: есці, запасацца ежай, нават калі сыты, уцякаць, хавацца, нападаць першым.
Дзеці, у якіх з маленства было роўнае, спакойнае становішча і разуменне з блізкімі людзьмі, успрымаюць стрэсавыя сітуацыі проста як непрыемнасць. Яны навучыліся ў бацькоў рэгуляваць эмоцыі, таму што яны давяраюць дарослым. Дзіця, у чыім жыцці было шмат траўм і страт, успрыме стрэсавую сітуацыю як пагрозу жыццю. А жыццё трэба захаваць любым спосабам.
Вось педагогі і маюць на выхадзе “пачвару”, якая крычыць, бегае, нічога не разумее, і справіцца з якой складана і, як многія лічаць, немагчыма.
Што ж рабіць? Успомніце казкі. У іх зло гіне ад чаго? Ад дабра і ласкі. Чаму? Таму што менавіта разуменне і прыняцце робіць стрэсавую сітуацыю бяспечнай для дзіцяці. З дзіцем, якое перажыло траўму, не трэба ваяваць, яно ўсё роўна дарослых выб’е з сіл. Яму трэба, як у мультфільме пра янота, ласкава ўсміхацца. Толькі не спадзявайцеся, што адной усмешкай у вас усё вырашыцца. Не. Гэта складаны працэс.

* Перш за ўсё дзіця павінна быць упэўнена, што становішча ў школе бяспечнае для яго. Педагог яму не зробіць дрэнна, і мама не будзе лаяць за тое, што ў яго не атрымліваецца. Яго не будуць дапякаць аднакласнікі, якія могуць па-рознаму ставіцца адно да аднаго ў залежнасці ад меркавання дарослых пра тое, што адбываецца. Цесны кантакт з замяшчальнымі бацькамі дапаможа разабрацца ў паводзінскіх расстройствах любога дзіцяці.
Абмеркаванне жыцця класа з бацькамі іншых дзяцей таксама дапаможа стварыць спрыяльныя ўмовы для ачуньвання траўміраванага дзіцяці.
Важна ісці з дзіцем побач па дарозе, дзе ёсць блізкія эмацыянальныя адносіны, надзейнасць, бяспека і ўменне кіраваць эмоцыямі. Гэты працэс складаны, усеяны рознага роду перажываннямі з прычыны таго, што “няма больш сіл”, “гэта нясцерпна”, “нічога не атрымліваецца”, “я не магу больш яго бачыць”. Але ва ўсіх гэтых перажываннях ёсць адзін маленькі сакрэт: менавіта тады, калі вы думаеце, што ўсё пераспрабавалі, а вучань па-ранейшаму непрабівальны, і надыходзіць момант ачуньвання дзіцяці. У гэты перыяд галоўнае не сарваць тонкую скуру даверу да вас, якая ўтвараецца на ране пры гаенні. А сарваць яе можна неасцярожным словам і позіркам, неразуменнем, крыкам, агідай або жалем са здзекам, навешваннем кляйма і распісваннем яго лёсу на некалькі гадоў наперад. Зможаце вы, дарослыя, утрымацца ад гэтага — станеце найлепшым сябрам у жыцці для зраненага сэрца.
Любы чалавек, які знаходзіцца на шляху да ачуньвання, у перыяд рэабілітацыі мае патрэбу ў паслядоўнасці, нязменнасці, прадказальнасці і спакойнай атмасферы са станоўчымі эмоцыямі. Шрамы ад глыбокіх ран застаюцца на ўсё жыццё, але яны могуць быць як упрыгажэннем, так і напамінам пра той час, у які не хочацца вяртацца.

Тамара КАЗЫРА,
педагог-псіхолаг Магілёўскага гарадскога сацыяльна-педагагічнага цэнтра.