Прыёмную кампанію завяршылі паспяхова

- 15:22Суразмоўца

6 жніўня 2017 года завяршыўся прыём абітурыентаў ва ўстановы вышэйшай адукацыі нашай краіны. Чым адметнай была сёлетняя прыёмная кампанія, як будзе ажыццяўляцца дзейнасць нашых УВА ў новым навучальным годзе, расказвае начальнік упраўлення вышэйшай адукацыі галіновага міністэрства С.А.КАСПЯРОВІЧ.

— Сяргей Антонавіч, вас можна павіншаваць з паспяховым завяршэннем сёлетняй прыёмнай кампаніі ва ўніверсітэты.

— Так, сапраўды, у гэтым годзе ўсе нашы навучальныя ўстановы вышэйшай адукацыі справіліся з кантрольнымі лічбамі прыёму на бюджэтнай аснове. План выкананы на 100 працэнтаў па ўсіх формах атрымання вышэйшай адукацыі. Прынята 26,7 тысячы чалавек (у мінулым годзе — 27,1 тысячы). Пры гэтым на дзённую форму з мэтай задавальнення заказаў нашых прадпрыемстваў і арганізацый на падрыхтоўку спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй было прынята 22,4 тысячы чалавек (у 2016 годзе — 22,5 тысячы чалавек).

Калі гаварыць аб платнай форме атрымання адукацыі, то канчатковая лічба выканання плана амаль ушчыльную наблізілася да 100 працэнтаў, што ў параўнанні з мінулым годам можна лічыць высокім вынікам. Для атрымання адукацыі на платнай аснове прынята 26,8 тысячы чалавек (у 2016 годзе — 28,4 тысячы чалавек). Такім чынам, агульная колькасць першакурснікаў, якія ў новым навучальным годзе прыйдуць вучыцца ва УВА нашай краіны, складзе 53,5 тысячы чалавек (у 2016 годзе — 55,5 тысячы чалавек).

Зніжэнне планавых лічбаў прыёму ў параўнанні з мінулым годам адбываецца згодна з тымі запатрабаваннямі ў кадрах, якія прад’яўляюць заказчыкі на перспектыву.

Трэба ўдакладніць, што ў гэтай агульнай лічбе залічаных на вучобу абітурыентаў не ўлічаны прыём ва УВА сельскагаспадарчага профілю па завочнай форме атрымання адукацыі як за кошт сродкаў бюджэту, так і на платнай аснове. Прыём у сельскагаспадарчыя ўстановы вышэйшай адукацыі будзе праводзіцца з 15 лістапада па 20 снежня.

Усе рэгіянальныя УВА ў час прыёмнай кампаніі спрацавалі не горш за сталічныя. Хочацца асобна адзначыць такія ўстановы, як Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.В.Сухога, Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт, Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С.Пушкіна, Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт і шэраг іншых.

— Згодна з вынікамі прыёмнай кампаніі можна з упэўненасцю сцвярджаць, што вышэйшая адукацыя па-ранейшаму застаецца папулярнай сярод моладзі. У бок якіх спецыяльнасцей схіляецца цікавасць моладзі сёння? Як паўплывала гэта на конкурс?

— Прыкметай сёлетняй прыёмнай кампаніі стала адчувальнае зніжэнне попыту маладых людзей на эканамічныя спецыяльнасці (ён, як вядома, быў даволі высокі ў папярэднія прыёмныя кампаніі). Гэта бачна па прыёме як на бюджэтную, так і платную форму навучання ў шэраг дзяржаўных і недзяржаўных УВА. Самымі запатрабаванымі спецыяльнасцямі, якія выклікаюць павышаную цікавасць, сталі спецыяльнасці ІТ-профілю, юрыдычнай адукацыі, міжнароднага права, міжнародных адносін, медыцыны, дызайну, спорту.

Калі ацэньваць цікавасць моладзі праз конкурсы ў час прыёмнай кампаніі, то найбольшыя з іх былі па спецыяльнасцях на бюджэтнай дзённай форме: “Архітэктура” — 4,8 (БНТУ); “Распрацоўка нафтавых і газавых радовішчаў” — 5,0 (ГДУ імя П.В.Сухога); “Камп’ютарная фізіка” — 5,5 (БДУ); “Псіхалогія” — 6,5 (БДПУ імя Максіма Танка); “Акцёрскае мастацтва” — 11,4 (БДАМ); “Дызайн” — 12,6 (БДУ); “Спартыўна-турыстычная дзейнасць (менеджмент у турызме)” — 15,2 (БДПУ імя Максіма Танка).

Аднак паняцце “конкурс” даволі адноснае. Важна разумець, што конкурс разлічваецца шляхам дзялення колькасці людзей, якія падалі заявы, на колькасць месцаў, якія адводзяцца па плане на тую ці іншую спецыяльнасць. Па сутнасці, конкурс можа быць высокі, таму што дзельнік невялікі, а гэта значыць, запатрабаваных кадраў нямнога. Мне, напрыклад, у час прыёмнай кампаніі іншы раз гаварылі, што ІТ-спецыяльнасці, напэўна, ужо не такія папулярныя, бо іх няма ў ліку тых, дзе самы высокі конкурс. На самай справе гэта не так. На ІТ-спецыяльнасці па-ранейшаму высокі попыт сярод нашай моладзі. На іх паступаюць маладыя людзі з самымі высокімі баламі па ЦТ, прафесійна арыентаваныя. Але ўлічваючы тое, што ў нас расце попыт на такія кадры з боку заказчыкаў, то і ў сістэме вышэйшай школы створана дастатковая колькасць месцаў на гэтыя спецыяльнасці. У сувязі з гэтым на іх няма велізарных конкурсаў, затое ёсць высокія прахадныя балы.

— Як адбываецца прыём у нашы УВА замежных грамадзян?

— Прыём замежных грамадзян будзе ажыццяўляцца да 15 кастрычніка ўсімі УВА краіны. Абітурыенты з іншых краін паступаюць на выбраныя факультэты на аснове субяседавання. Яно будзе вызначаць узровень ведання мовы навучання ў абітурыента менавіта ў тых аб’ёмах, якія неабходны для атрымання вышэйшай адукацыі.

— Раскажыце асобна пра прыём ва ўстановы педагагічнага профілю.

— Згодна з новаўвядзеннем у Правілы прыёму ў вышэйшыя навучальныя ўстановы, выпускнікі педагагічных класаў могуць паступаць ва УВА педагагічнага профілю без уступных выпрабаванняў пры належным узроўні паспяховасці, пры станоўчай рэкамендацыі педагагічнага савета школы, пры паспяховым субяседаванні. Для гэтага былі вызначаны 38 педагагічных спецыяльнасцей (з умовай абавязковай адпрацоўкі для тых, хто вучыўся за кошт бюджэту). У сёлетняй прыёмнай кампаніі гэтая новая норма правіл спрацавала станоўча. Выпускнікі педагагічных класаў па прадстаўленай траекторыі актыўна паступалі ў педагагічныя ўніверсітэты. Так, напрыклад, толькі ў БДПУ імя Максіма Танка паступілі 106 выпускнікоў педагагічных класаў. Педагагічную спецыяльнасць усе маладыя людзі выбралі ўсвядомлена, яны маюць высокі паказчык паспяховасці. Хочацца верыць, што пасля навучання яны зоймуць дастойнае месца ў педагагічнай галіне. І, безумоўна, мы лічым мэтазгодным гэтую норму падтрымліваць.

— Як вядома, у правілах прыёму асобнай увагі заслугоўвае яшчэ адна норма, якая тычыцца прыцягнення моладзі на тыя спецыяльнасці, якія востра запатрабаваны эканомікай. Ці ўдалося павысіць цікавасць маладых людзей да такіх спецыяльнасцей сёлета і якім чынам?

— Сапраўды, у папярэднія гады мы не маглі скіраваць моладзь на спецыяльнасці, якія найбольш запатрабаваны ў эканоміцы. Нам трэба было знайсці такі матывацыйны складнік, пры якім абітурыенты выбіралі б менавіта гэтыя спецыяльнасці. І мы знайшлі яго, увёўшы ў новыя правілы прыёму норму аб тым, што медалісты, пераможцы алімпіяд, а таксама ўладальнікі чырвоных дыпломаў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі могуць паступаць на гэтыя спецыяльнасці без уступных іспытаў. Мы ўзгаднілі іх пералік з Міністэрствам эканомікі, і сёння ў яго ўваходзяць 28 найбольш запатрабаваных спецыяльнасцей. Гэта спецыяльнасці лясной і сельскай гаспадаркі, ліцейнай вытворчасці, спецыяльнасці лёгкай прамысловасці і шэраг іншых.

Трэба аддаць належнае і самім УВА, якія актыўна праводзяць прафарыентацыйную работу сярод навучальных устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, каб скіраваць прафесійны выбар школьнікаў у бок менавіта гэтых спецыяльнасцей.

Увогуле, правілы прыёму і непасрэдна прыёмная кампанія скіраваны на ўдасканаленне сістэмы адбору, павелічэнне забяспечанасці нашай эканомікі кадрамі, пашырэнне прафесійнага выбару абітурыентаў.

Спецыяльна створаная рабочая група дэталёва прааналізуе вынікі сёлетняй прыёмнай кампаніі, будуць прыняты да ўвагі ўсе заўвагі і прапановы, якія паступалі з боку нашай моладзі і іх бацькоў. Гарачая лінія, якая працавала ў перыяд прыёмнай кампаніі ў нашым міністэрстве, цалкам апраўдала сваю назву і па-сапраўднаму была гарачай ад мноства тэлефонных званкоў. Па кожным звароце работнікі міністэрства своечасова давалі каментарыі.

— Якім будзе для вышэйшай школы новы навучальны год? Ці плануюцца нейкія змены?

— Усе змяненні, якія планавалася ўнесці ў сістэму вышэйшай адукацыі і якія звязаны з яе развіццём, планамерна ўнесены ў новую рэдакцыю Кодэкса аб адукацыі. Аднак на маючым адбыцца ў жніўні Рэспубліканскім педагагічным савеце, у якім плануецца ўдзел кіраўніка дзяржавы, дадаткова будуць абмеркаваны канцэптуальныя падыходы далейшага развіцця сістэмы адукацыі ў цэлым і вышэйшай адукацыі ў прыватнасці. Па выніках у тым ліку і гэтага савета будзе дапрацавана новая рэдакцыя Кодэкса аб адукацыі, якая будзе ў вызначаны тэрмін вынесена на абмеркаванне вышэйстаячых структур, нашага парламента і ў далейшым замацавана заканадаўча.

Усе нашы УВА з адказнасцю падрыхтаваліся да новага навучальнага года і з нецярпеннем чакаюць сваіх студэнтаў. Пажадаем усім педагогам і іх выхаванцам шчаслівага навучальнага года.

Ала КЛЮЙКО.
Фота аўтара.