Прыёмныя дзеці: у школе і ў сям’і

Школьнікі з замяшчальных сем’яў — асаблівая тэма для любога педагагічнага калектыву. Суправаджэнне такіх сем’яў — адказная работа, якая патрабуе дадатковых намаганняў, пэўных падыходаў, часу нарэшце. Магчыма таму не ў кожнай школе да работы з замяшчальнымі бацькамі, прыёмнымі дзецьмі ставяцца з неабходнай адказнасцю. А шкада, бо гэта шырокае поле дзейнасці для псіхолагаў, сацыяльных педагогаў, іншых спецыялістаў. 
У сярэдняй школе № 34 Мінска работа з замяшчальнымі сем’ямі наладжана на належным узроўні, тут назапашаны цікавы вопыт. Пра яго мы папрасілі расказаць намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце Вікторыю Вітальеўну Сабалеўскую і намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце Наталлю Уладзіміраўну Котаву.

Суправаджэнне дзеля поспеху

Напрыканцы мінулага года давялося пабываць на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Дзяцінства і сям’я ХХІ стагоддзя: праблемы і стратэгіі псіхалагічнай дапамогі і падтрымкі”, якая праводзілася па ініцыятыве і на базе Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. Там я і пазнаёмілася са сваімі сённяшнімі суразмоўніцамі. Дарэчы, тэмы іх выступленняў тычыліся інавацыйных форм і метадаў работы па забеспячэнні сацыяльна-педагагічнага суправаджэння сем’яў, у якіх выхоўваюцца дзеці-сіроты і дзеці, што засталіся без апекі бацькоў, а таксама псіхолага-педагагічных аспектаў фарміравання канкурэнтаздольнай асобы сярод дзяцей-сірот. Усе высновы і падыходы ў гэтых даследаваннях, зразумела, заснаваны на практычнай рабоце аўтараў. Абодва педагогі, заўважу, маюць псіхалагічную адукацыю і да нядаўняга часу працавалі менавіта педагогамі-псіхолагамі. Такім чынам, вы разумееце, што журналісцкая цікавасць зусім не выпадкова прывяла мяне ў сталічную школу № 34. Перш за ўсё мяне, канечне, цікавіла работа з дзецьмі і бацькамі з замяшчальных сем’яў.
— Усяго ў школе каля 540 навучэнцаў, — расказала В.В.Сабалеўская. — Зараз у нас вучыццца 12 дзяцей з замяшчальных сем’яў. Палова з іх — з сям’і Рамашка, даволі вядомай у нашым мікрараёне, ды і ў горадзе наогул. Дзеці з гэтай сям’і рознага ўзросту: у мінулым годзе адзін хлопец ужо скончыў школу, у верасні да нас прыйшоў першакласнік з гэтай сям’і. Так што, на якую паралель не прыйдзі — хутчэй за ўсё, сустрэнеш кагосьці з сям’і Рамашка.
“Сям’я вельмі з’яднаная, усе мерапрыемствы дзеці і бацькі наведваюць разам, у іх надзвычай трапяткія адносіны да сямейных традыцый і свят, старэйшыя дзеці вельмі клапоцяцца пра малых”, — сцвярджаюць педагогі.
Як лічаць і Наталля Уладзіміраўна, і Вікторыя Вітальеўна, зараз нават у звычайных сем’ях няма такой узаемапавагі, гатоўнасці дапамагчы, як у гэтай прыёмнай сям’і. І цяпер вылучыць гэтых дзяцей з агульнай масы школьнікаў, як сцвярджаюць мае суразмоўніцы, немагчыма. Гэта самыя звычайныя хлопчыкі і дзяўчынкі, хаця да таго, як яны трапілі ў замяшчальную сям’ю, лёсы іх складваліся няпроста, што не магло не паўплываць на іх характары і паводзіны.
Па сцвярджэнні педагогаў, апошнім часам дзеці з прыёмных, апякунскіх сем’яў прыносяць праблем на парадак менш, чым дзеці з сем’яў знешне добранадзейных. Маюцца на ўвазе праблемы з наркотыкамі, алкаголем, правапарушэннямі. Чаму так адбываецца? Магчыма, справа ў тым, што замяшчальныя сем’і з самага пачатку адкрыты для вырашэння пэўных праблем, таму і лепш з імі спраўляюцца. А звычайныя бацькі часта за фасадам сваёй добранадзейнасці, звычайнасці не бачаць таго, што з іх дзецьмі не ўсё добра.
Але вернемся да канкрэтнай сям’і Рамашка. Самае лепшае, па меркаванні спецыялістаў, тое, што ў гэтай сям’і надзвычай спакойна праходзіць адаптацыйны перыяд. Дзеці на дзіва хутка прывыкаюць і да новай сям’і, і да школы.
Што тычыцца апошняга аспекту, то, безумоўна, немалую ролю ў адаптацыі адыгрывае стаўленне школы да праблемы, граматнае псіхолага-педагагічнае суправаджэнне гэтага працэсу. “Галоўнае, — гавораць спецыялісты, — зладжаная сістэма, якая аб’ядноўвае замяшчальных бацькоў, дзяцей і педагогаў”. У 34-й школе такая сістэма, безумоўна, ёсць.
Практычнае ўвасабленне яна знаходзіць, напрыклад, у правядзенні акцый. Так, гэта праект “Адзін за ўсіх — і ўсе за аднаго”, які ў мінулым навучальным годзе рэалізоўваўся ў рамках псіхолага-педагагічнага суправаджэння прыёмных сем’яў і быў накіраваны на стварэнне ўмоў для эфектыўнай сумеснай дзейнасці педагогаў, навучэнцаў і іх бацькоў. Школа разам з замяшчальнымі сем’ямі імкнулася аказаць станоўчае ўздзеянне на станаўленне ўзаемаадносін у сям’і, арганізаваць як мага больш эфектыўную псіхолага-педагагічную асвету сем’яў, стварыць асяроддзе для праяўлення, раскрыцця і развіцця творчых здольнасцей усіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу. І паколькі ў школе № 34 спецыялісты часцей за ўсё сутыкаюцца з замяшчальнымі сем’ямі, якія бяруць на выхаванне навучэнцаў пачатковых класаў, то праект і быў арыентаваны на суправаджэнне сем’яў, чые дзеці выхоўваюцца на першай ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Сёння праект ужо скончыўся, а пастаянная работа ў названых напрамках засталася.
— Пры арганізацыі работы з сям’ёй неабходна ўлічваць, што існуюць розныя тыпы сем’яў, яны маюць розны ўзровень выхаваўчага патэнцыялу і адукацыі бацькоў, бацькі выкарыстоўваюць розныя стылі сямейнага выхавання і г.д., — заўважае В.В.Сабалеўская. — Без уліку індывідуальных асаблівасцей сем’яў супрацоўніцтва з бацькамі немагчыма.
— Важна і тое, як супрацоўнічаюць адказныя за гэта арганізацыі, — далучаецца да размовы Н.У.Котава. — Я маю на ўвазе і школу, і сацыяльна-педагагічныя цэнтры, і іншыя ўстановы. Калі ланцужок такога супрацоўніцтва будзе дасканала адладжаны, тады мы і атрымаем найбольшы эфект. Што тычыцца школы, то ўсё ж наша галоўная задача — наладзіць дзейнасць у рамках адукацыйнага працэсу.

Праз вопыт да агульных высноў

Праект “Адзін за ўсіх — і ўсе за аднаго” на вышэйзгаданай міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі прадставіла Вікторыя Вітальеўна. Па яе перакананні, заснаваным на ўласным вопыце, веданне асаблівасцей сям’і, вылучэнне на іх падставе ўмоўных груп бацькоў дазваляе ажыццяўляць дыферэнцыраваны падыход у кіраўніцтве выхаваннем малодшых школьнікаў у сям’і. Пры гэтым цэнтральнае месца займае псіхолага-педагагічная падрыхтоўка бацькоў, якая спрыяе высокай актывізацыі іх педагагічнага мыслення пры аптымальным спалучэнні педагагічных ведаў з практыкай сямейнага выхавання. Таму асвета бацькоў па пытаннях псіхалогіі і педагогікі — надзвычай важны этап у суправаджэнні замяшчальных сем’яў. Толькі маючы належныя веды і навыкі, замяшчальныя бацькі змогуць выхаваць дзяцей адукаванымі, самастойнымі, канкурэнтаздольнымі і мабільнымі, чаго патрабуюць сучасныя сацыяльныя ўмовы. Што асабіста мне падалося самым цікавым у разважаннях спецыяліста, гэта яе ўпэўненасць у тым, што сучасныя бацькі даўно страцілі цікавасць да звычайных лекцый, якія так часта выкарыстоўваюцца на бацькоўскіх сходах. Таму ў школе № 34 стараюцца прымяняць разнастайныя формы работы, напрыклад, псіхалагічныя практыкумы з элементамі трэнінгавых заняткаў.
І, нарэшце, яшчэ адзін кірунак работы школы па суправаджэнні прыёмных сем’яў — фарміраванне ў законных прадстаўнікоў разумення прыналежнасці да школьнага адукацыйнага асяроддзя (знаёмства з традыцыямі школы, яе дасягненнямі ў навучанні і выхаванні, традыцыямі правядзення ўрокаў і пазакласных мерапрыемстваў, правядзенне практычных заняткаў з элементамі трэнінгаў для бацькоў па выніках дыягнастычнай работы). Падчас праекта псіхолагі і педагогі арганізавалі сумесную дзейнасць дзяцей са звычайных і замяшчальных сем’яў, напрыклад, заняткі, арганізаваныя па прынцыпе “роўны вучыць роўнага”. І зараз дзеці з розных сем’яў адчуваюць сябе адзіным калектывам.
Дарэчы, што тычыцца дыягностыкі: падчас арганізацыі суправаджэння замяшчальных сем’яў педагогі пераканаліся, што існуе даволі сур’ёзная праблема недастатковай падрыхтаванасці дарослых да эфектыўных зносін з дзецьмі, асабліва ў плане юрыдычных і псіхалагічных кансультацый. У ходзе апытання замяшчальных сем’яў высветлілася, што бацькам неабходны веды ў галіне педагогікі, псіхалогіі, фізіялогіі дзяцей (22%); у суправаджэнні спецыялістамі (44%); дапамога ў вырашэнні цяжкіх сітуацый пры ўзаемадзеянні з дзецьмі (61%). Найбольш цікавымі і актуальнымі для абмеркавання тэмамі бацькі назвалі правы дзіцяці ў сям’і, вырашэнне спрэчак і канфліктаў, адаптацыю ў сям’і, узаемаадносіны з кроўнай сям’ёй дзіцяці, узаемаадносіны прыёмных і родных дзяцей, сумяшчальнасць прыёмных дзяцей і дзяцей, узятых пад апеку, і бацькоў, узаемаадносіны дзіцяці са школай, сыход з дому, праблемы крадзяжоў і падману, поларолевае выхаванне, агрэсіўныя паводзіны і некаторыя іншыя. Акрамя таго, замяшчальныя бацькі нярэдка задаюць пытанні, якія тычацца забяспечанасці дзяцей жыллём і сацыяльнай падтрымкай, асаблівасцей паступлення ў прафесійныя адукацыйныя ўстановы, сацыяльных гарантый.

Дапамога пачынаецца з праекта

Зараз у школе рэалізоўваецца інавацыйны праект па выкарыстанні дыягнастычных модуляў. Праект арганізаваны разам з БДПУ імя Максіма Танка ў некалькіх агульнаадукацыйных навучальных установах пад кіраўніцтвам прафесара Л.А.Пергаменшчыка.
— Дыягнастычныя модулі маюць на ўвазе дыягностыку эмацыянальна-валявой, кагнітыўнай сфер дзіцяці, — расказвае Н.У.Котава. — Дыягностыку праходзяць усе нашы дзеці, у тым ліку з замяшчальных сем’яў. Розніцу ў выніках дыягностыкі паміж малымі са звычайных і замяшчальных сем’яў мы бачым. У дзяцей, якія трапілі ў сем’і з сацыяльных прытулкаў, школ-інтэрнатаў, дзіцячых дамоў, ярка выяўлена эмацыянальная дэпрывацыя — недахоп клопату, любові. Нават пры найлепшай атмасферы ў прыёмнай сям’і такая асаблівасць адчуваецца. Замяшчальныя сем’і ўсё роўна застаюцца ў пэўным вакууме. У дзяцей ёсць толькі замяшчальныя бацька і маці, а ў дзяцей са звычайных сем’яў шмат іншых родных, з якімі ў іх часам складваюцца больш блізкія адносіны, чым з бацькам або маці.
Дыягнастычнаму праекту пакуль далёка да завяршэння, але спецыялісты не сумняваюцца, што яго вынікі дадуць шмат матэрыялу для разважанняў, у тым ліку для работы з дзецьмі з замяшчальных сем’яў. Яны таксама спадзяюцца папоўніць набор методык, якія дазволяць аператыўна вырашаць пэўныя задачы як педагогаў, так і бацькоў і навучэнцаў.
У сталічнай школе № 34 рэалізоўваецца праект “Тры крокі да прафесіі”, накіраваны на садзейнічанне паспяховай сацыялізацыі і прафесійнаму самавызначэнню навучэнцаў з замяшчальных сем’яў. Праект прадугледжвае арганізацыю работы на трох этапах школьнай адукацыі: пачатковым, сярэднім і старшым. У ім удзельнічаюць дзеці не толькі з замяшчальных сем’яў, таму ім у сумеснай дзейнасці лягчэй адаптавацца да школы, а замяшчальным бацькам — пазнаёміцца з вопытам іншых бацькоў у арганізацыі дзейнасці дзіцяці, зносін з ім.
— Лічыцца, што на дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, уплываюць дзве групы фактараў, якія негатыўна ўздзейнічаюць на фарміраванне іх здольнасцей да самавызначэння: абумоўленыя пазбаўленнем дзіцяці мацярынскай апекі і арганізацыяй жыцця ў дзіцячым доме, а таксама жыцця з замяшчальнымі бацькамі, — тлумачыць Н.У.Котава. — Пасля выхаду ў самастойнае жыццё дзеці-сіроты сутыкаюцца з некалькімі сур’ёзнымі праблемамі. Гэта праблема адаптацыі да новага кола міжасобасных адносін, выканання новых сацыяльных роляў; праблема прафесійнай падрыхтоўкі; жыллёвая праблема. Ёсць і фактары, якія ўскладняюць самавызначэнне такіх дзяцей. Напрыклад, замкнёнасць жыццёвай прасторы, абмежаваныя і аднастайныя сацыяльныя кантакты. Мы імкнёмся дапамагчы дзецям пашырыць кола зносін і разнастаіць іх грамадскую дзейнасць. У тым ліку прыцягваем да валанцёрскай дзейнасці, нядрэнна арганізаванай у нашай школе.
На працягу ўсёй гаворкі мае суразмоўніцы падкрэслівалі, што вынікі, якія яны прадстаўлялі на канферэнцыі “Дзяцінства і сям’я ХХІ стагоддзя”, на іншых семінарах, конкурсах, практыкумах (а за плячыма кожнага спецыяліста іх багата), — гэта звычайна вынікі агульнай работы калектыву школы, бацькоў, дзяцей. Але я вазьму на сябе смеласць сказаць, што без актыўнай пазіцыі і шчырай зацікаўленасці ў сваёй рабоце нашых сённяшніх гераінь і вынікаў такіх не было б.
Дадам, што нядаўна выйшла ў свет кніга Наталлі Уладзіміраўны Котавай пра булінг (праяўленне агрэсіі і насілля, у тым ліку псіхалагічнага) і яго прафілактыку ў школе, рыхтуецца да выпуску яшчэ адно яе даследаванне, якое тычыцца сацыялізацыі ў школе дзяцей з прыёмных сем’яў і дзяцей-сірот. Да таго ж Н.У.Котава вучыцца ў аспірантуры Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Яе калега В.В.Сабалеўская нядаўна атрымала прэмію Мінгарвыканкама за работу па прафілактыцы адыктыўных паводзін і сацыяльнай дэзадаптацыі праз прыцягненне навучэнцаў да сацыяльна значнай дзейнасці, прадстаўленую на гарадскі конкурс “Вопыт і ініцыятыва педагогаў — рэсурс адукацыі сталіцы”. І наогул, у кабінеце намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце я ўбачыла нямала грамат і падзяк — як асабістых, так і агульнашкольных.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з архіва сярэдняй школы № 34 Мінска.