Прыёмы павышэння матывацыі на ўроках нямецкай мовы

- 12:24Адукацыйная прастора

Магчымасці навучэнцаў розныя, і іх трэба актывізаваць для развіцця творчай дзейнасці, а разам з тым і асобы вучня. Існуюць розныя метады: даследчы, пошукавы, метад праблемнай сітуацыі і іншая логіка-змястоўная пабудова курса. Важна толькі абудзіць разумовы працэс вучня.

Галоўная мэта навучання нямецкай мове ва ўстанове адукацыі — развіваць камунікатыўную кампетэнцыю, развіваць асобу, якая жадае і здольна ўдзель­нічаць у міжкультурных зносінах на замежнай мове і ў далейшым самаўда­сканальвацца. Але якасць дасягнення мэты залежыць перш за ўсё ад падахвочвання і патрэб індывіда, яго матывацыі. Менавіта матывацыя выклікае мэтанакіраваную актыўнасць, вызначае выбар сродкаў і прыёмаў, іх упарадкаванне для дасягнення мэты. Калі навучэнцы пачынаюць заняткі замежнай мовай, ніводны настаўнік не можа паскардзіцца на адсутнасць у іх цікавасці да прадмета, але ўжо ў 6 класе цікавасць значна слабее, а да 8 класа ў 86% навучэнцаў знікае. Прычына мне бачыцца ў наступным: навучанне — гэта пазнанне, а дзіця абавязаць пазнаць што-небудзь нельга. Яго можна зацікавіць. Таму праблема матывацыі галоўная на ўсіх этапах навучання нямецкай мове.

Праводзім дыдактычныя гульні

Адзін з найважнейшых стымулаў, якія ўплываюць на фарміраванне матываў, — гульня, таму што ўсе ўзроставыя перыяды са сваімі вядучымі відамі дзейнасці (малодшы школьны ўзрост — вучэбная дзей­насць; сярэдні — грамадска карысная; старэйшы школьны ўзрост — вучэбна-прафесійная дзейнасць) не выцясняюць гульню, а працягваюць уключаць яе ў працэс развіцця дзіцяці.

Урок нямецкай мовы можа пачацца традыцыйна з фанетычнай зарадкі або маўленчай размінкі. Але, улічваючы асаблівасці раскладу і нагрузкі дзяцей, чаму б не ператварыць пачатак урока ў маленькую радасць?

Гульня “Угадай, хто гэта ці што гэта”. Дзеці ўгадваюць слова па літарах. Калі гэтай літары ў слове няма, настаўнік малюе адзін з элементаў. Дзеці выйграюць, калі ўгад­ваюць слова да таго, як настаўнік скончыць свой малюнак. Вучні не заўважаць, як у такой цікавай форме хутка праходзіць паўтарэнне вывучаных раней лексічных адзінак.

Гульня “Крыжыкі і нулікі”. Клас дзеліцца на дзве каманды: “Крыжыкі” і “Нулікі”. Кожная клетачка поля змяшчае заданне, на выкананне якога ідзе 15—20 секунд. Калі член каманды ля дошкі выконвае гэтае заданне, ён мае права паставіць крыжык або нулік у патрэбнай клетцы. Прыклады заданняў: назаві або напішы тры формы дзеяслова; назаві прыназоўнікі да дзеясловаў; перакладзі выказванні; знайдзі памылку ў сказе і г.д. Гэты від заданняў не толькі дае магчымасць паўтарыць матэрыял, але і стварае на ўроку нязмушаную атмасферу.

Любыя новыя формы і прыёмы работы заўсёды цікавыя. Для павышэння матывацыі да авалодання замежнымі мовамі выкарыстоўваю на ўроках дыдактычныя гульні. Напрыклад: Нязнайка сабраў партфель. Адгадайце, што ён туды паклаў.

Пасля вывучэння тэмы “Кватэра” можна правесці такую гульню: трое парасят вырашылі абсталяваць свой дом мэбляй. Давайце дапаможам ім гэта зрабіць! На маіх уроках вялікай папулярнасцю сярод вучняў карыстаюцца гульні-конкурсы на самага ветлівага суразмоўцу, на лепшы камплімент і пажаданне да свят.

Пры вывучэнні тэмы “Адзенне” гуляем у “Ці ўважлівы ты?” (Чалавек Рассеяны сабраўся ў падарожжа. Што лішняе ён узяў?) і ў “Снежны камяк” (А. Я збіраюся ў падарожжа і кладу ў чамадан зубную шчотку. Б. — А я збіраюся ў падарожжа і кладу ў чамадан зубную шчотку і мыла.)

Каб пашырыць веды навучэнцаў у сферы краіназнаўства і мовы, выкарыстоўваю віктарыны, завочныя падарожжы, падрыхтоўку да традыцыйных свят.

Для пашырэння слоўнікавага запасу навучэнцаў на ўроках нямецкай мовы выкарыстоўваю рыфмоўкі, суправаджэнне слоў мімікай ці жэстамі.

Пасля напружанай разумовай дзейнасці навучэнцам трэба даць невялікі адпачынак, станоўчыя эмоцыі. Відамі рэлаксацыі могуць быць забаўныя вершыкі, песні, гульні, якія суправаджаюцца рухамі.

Ствараем маўленчую сітуацыю

Адзін з самых моцных агульных матываў, на мой погляд, — неабходнасць моўнага рэагавання ў стандартных сітуацыях. Таму ствараць такія сітуацыі можна на ўроках, вучыць дзяцей выходзіць з іх. Пры такім падыходзе вучань часам нават не ведае, як перакладаецца тая ці іншая фраза, але ён дакладна ведае, што менавіта яна дарэчы ў гэтай сітуацыі. Стварыць у нашых умовах асяроддзе немагчыма, але сітуатыўны метад працуе і тут. Канечне ж, сітуацыі, якія прымяняюцца на ўроках, павінны быць варыятыўнымі і ўлічваць узроставыя і індывідуальныя асаблівасці групы. Дыяпазон такіх сітуацый велізарны.

Самае эфектыўнае ў навучальным і матывавальным планах — паглыбленне навучэнцаў у рэальную сітуацыю і прадастаўленне ім магчымасці самастойна належным чынам выйсці з яе. Акрамя вучэбнай задачы, гэты прыём мае велізарную матывацыйную ролю.

Вялікую матывацыйную ролю адыгрывае чаргаванне разнастайных відаў цікавай дзейнасці, разнастайных урокаў. У сваёй практыцы выкарыстоўваю ўрокі-зносіны, урокі-фантазіі, урокі-драматызацыі, урокі паэзіі, відэаўрокі, урокі-гульні, урокі-тэсты. У кожнага з гэтых відаў урокаў свая дамінуючая матывацыя.

Выкарыстанне віктарын на ўроку дапамагае ажыццявіць міжпрадметныя сувязі. Пытанні віктарыны могуць уключаць інфармацыю і матэрыял, вывучаны дзецьмі на папярэдніх уроках. Матэматыка або гісторыя на нямецкай мове выклікаюць здзіў­ленне і цікавасць у дзяцей, а настаўніку даюць добрую магчымасць пераключыць навучэнцаў на свой прадмет.

Уздзейнічаем на эмацыянальную сферу дзіцяці

Для павышэння матывацыі на ўроках замежнай мовы неабходна шырока выкарыстоўваць эмоцыі навучэнцаў. Комплекснае вырашэнне практычных, адукацыйных, выхаваўчых і развіццёвых задач навучання магчыма толькі пры ўмове ўздзеяння не толькі на свядомасць навучэнцаў, але і на эмацыянальную сферу.

Найбольш эфектыўны спосаб уздзеяння на пачуцці і эмоцыі навучэнцаў — музыка. Вядомы педагог Ян Амос Каменскі пісаў, што той, хто не ведае музыкі, прыпадабняецца таму, хто не ведае граматы. У школах Старажытнай Грэцыі многія тэксты вывучвалі спевамі, а ў пачатковай школе Індыі азбуку і арыфметыку вывучаюць спевамі і цяпер. Музыка і спевы могуць ака­заць неацэнную дапамогу ў вывучэнні замежнай мовы. Песня як адзін з відаў маўленчых зносін з’яўляецца сродкам для больш трывалага засваення і пашырэння лексічнага запасу, таму што ўключае новыя словы і выказванні.

У песнях ужо знаёмая лексіка сустракаецца ў новым кантэкстуальным акружэнні, што спрыяе яе актывізацыі. У песнях часта сустракаюцца імёны ўласныя, геаграфічныя назвы, рэаліі краін мовы, якая вывучаецца, паэтычныя словы. Гэта дапамагае развіваць у навучэнцаў адчуванне мовы, веданне яе стылістычных асаблівасцей. Менавіта ў песнях лепш засвойваюцца граматычныя канструкцыі.

Выкарыстанне песні на ўроку садзейнічае эстэтычнаму выхаванню навучэнцаў, больш поўнаму раскрыццю творчых здольнасцей. Дзякуючы музыцы, на ўроках ствараецца спрыяльны псіхалагічны клімат, зніжаецца псіхалагічная нагрузка, а галоўнае, падтрымліваецца цікавасць да вывучэння замежнай мовы.

Для фанетычнай зарадкі выбіраю кароткія нескладаныя песні з частым паўторам. Гэта спрыяе паглыбленню ў моўнае асяроддзе і дапамагае адпрацаваць цяжкія для вымаўлення гукі. Вось, напрыклад, некаторыя песні для фанетычнай зарадкі, якія развучваем у час праходжання розных вусных тэм:

Kling-kling-kling, die Pоst ist da wir sind hier.

Kling-kling-kling, aus Afrika hier sind wir.

Kling-kling-kling, noch ein Schritt wir lernen Deutsch.

Kling-kling-kling, und du musst mit. Deutsch lernen wir.

Ich bin Ausländer und spreche nicht gut Deutsch.

Ich bin Ausländer und spreche nicht gut Deutsch.

Bitte langsam! Bitte langsam! Bitte sprechen Sie doch langsam!

Песня — выдатны матэрыял для адпрацоўкі граматычнай структуры. Тэксты адных песень змяшчаюць многа даданых сказаў з рознымі злучнікамі, іншыя — многа пытальных сказаў, шматлікія прыназоўнікі, скланенне назоўнікаў, прыметнікаў і займеннікаў, спражэнне дзеясловаў, часавыя формы. Cловам, у песні шмат разнастайнага граматычнага матэрыялу.

Напрыклад, для запамінання дзеяслова-звязкі sein мы з пяцікласнікамі развучваем песню на матыў “В лесу родилась елочка”.

Ich bin    Wir sind

Du bist   Ihr seid

Er ist       Sie sind

Sie ist.

У 6 класе завучваем асноўныя формы дзеясловаў на мелодыю песні “Милый мой дедочек”.

Nehmen — nahm — genommen;

Kommen — kam — gekommen;

Sprechen — sprach — gesprochen;

Brechen — brach — gebrochen;

Bitten — bat — gebeten;

Lesen — las — gelesen;

Essen — aß — gegessen;

Geben — gab — gegeben.

Выкарыстоўваю таксама мелодыі папулярных песень для завучвання спражэння мадальных дзеясловаў.

Развучваючы песню Ich habe eine Banane і замяняючы слова “банан” назвай іншай агародніны і садавіны (eine Tomate, eine Gurke usw.), навучэнцы не толькі лёгка запамінаюць новыя словы, але і паўта­раюць граматычную структуру Ich habe…

Ich habe eine Banane, und die Banane ist gelb.

Sie ist unten gelb, sie ist oben gelb,

Sie ist unten, oben, gelb, gelb!

Ich habe eine Banane; und die Banane ist gelb.

Для праверкі засваення новай лексікі паказваю розную садавіну і агародніну на малюнках, а дзеці спяваюць песеньку пра іх.

У песні Die weissen Flocken ёсць вялікая колькасць слоў і словазлучэнняў на тэму Der Winter.

Es ist sehr kalt.

Es ist sehr windig.

Der Frost ist stark.

Der Schneemann lacht.

Wir laufen Schi.

Wir laufen Schlittschuh.

Wir machen eine Schneeballschlacht.

Выкарыстоўваючы песенны тэкст, прапаную розныя творчыя заданні: прыду­маць новыя куплеты; праспяваць з жэстамі; пералажыць песню на свой прыдуманы матыў.

Вялікую ролю ў навучанні замежнай мове адыгрываюць аўтэнтычныя песні, тэкст і музыка якіх напісаны носьбітамі мовы. Такія песні перадаюць усе тонкасці і асаблівасці нямецкай мовы, знаёмяць з побытам, традыцыямі, культурай Германіі. А гэта і ёсць краіназнаўчы аспект. Песні падбіраю, як і любы іншы вучэбны матэрыял, з улікам мэт канкрэтнага ўрока, узроставых і індывідуальных асаблівасцей дзяцей.

Усё вышэйпералічанае, безумоўна, спрыяе пашырэнню моўнай і камунікатыўнай кампетэнцыі навучэнцаў і ўмацоўвае станоўчую матывацыю да вывучэння нямецкай мовы.

Наталля ТРАПАЧОВА,
настаўніца нямецкай мовы Курманаўскага дзіцячага садасярэдняй школы
Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.