Прызнанне выключнай ролі настаўніка ў грамадстве

У Мінску пачаў работу трэці па ліку з’езд настаўнікаў і работнікаў адукацыі дзяржаў — удзельніц СНД па тэме “Узаемадзеянне нацыянальных адукацыйных сістэм краін СНД як фактар павышэння якасці адукацыі”. У з’ездзе прымаюць удзел дэлегацыі з Беларусі, Азербайджана, Арменіі, Казахстана, Кыргызстана, Расійскай Федэрацыі, Таджыкістана, Туркменістана, а таксама Латвіі, Малдовы, Польшчы. У складзе дэлегацый вядомыя вучоныя, парламентарыі, рэктары ВНУ. У пленарным пасяджэнні ўдзельнічалі першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.М.Радзькоў, міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь С.А.Маскевіч, першы намеснік старшыні выканаўчага камітэта СНД У.Г.Гаркун.

З прывітальным словам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь да ўдзельнікаў ІІІ з’езда настаўнікаў і работнікаў адукацыі дзяржаў — удзельніц СНД на пленарным пасяджэнні выступіў А.М.Радзькоў.
“Удзельнікам ІІІ з’езда настаўнікаў і работнікаў адукацыі дзяржаў — удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў.
Дарагія сябры! Сардэчна вітаю вас у сталіцы Беларусі і віншую з пачаткам работы ІІІ з’езда настаўнікаў і работнікаў адукацыі дзяржаў — удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў.
Правядзенне такіх форумаў стала ўжо добрай традыцыяй і сведчаннем высокага статусу педагагічнай прафесіі ў грамадстве, прызнаннем выключнай ролі настаўніка ў выхаванні падрастаючага пакалення. У нашы дні менавіта веды дапамагаюць чалавеку знайсці дастойнае месца ў жыцці і прадукцыйна працаваць на карысць сваёй сям’і і роднай краіны. Таму такое вялікае значэнне надаецца вашаму прафесійнаму майстэрству, уменню зацікавіць і захапіць вучняў, прымяніць самыя сучасныя метадычныя прыёмы і асабістыя распрацоўкі. Упэўнены, што сённяшні з’езд прадаставіць усім удзельнікам магчымасць абмеркаваць самыя актуальныя праблемы адукацыі, абмяняцца вопытам, свежымі ідэямі, а яго вынікі прыдадуць новы імпульс развіццю плённага супрацоўніцтва паміж педагогамі краін СНД. Жадаю ўдзельнікам з’езда паспяховай работы, канструктыўных рашэнняў, моцнага здароўя, шчасця і дабрабыту”. Аляксандр Лукашэнка.

На пачатку пленарнага пасяджэння С.А.Маскевіч адзначыў, што Беларусі выпаў вялікі гонар прымаць з’езд настаўнікаў і работнікаў адукацыі краін СНД. Папярэднія форумы ўвайшлі ў гісторыю супрацоўніцтва нашых краін і паспрыялі развіццю ўзаемаразумення, дружбы і прафесійнага супрацоўніцтва педагогаў. Кожны такі з’езд стаў творчай пляцоўкай для адкрытага абмеркавання актуальных праблем, куды былі прыцягнуты не толькі педагогі-практыкі, але і вучоныя, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, бацькі, навучэнская моладзь.
— Хуткасць перамен, якія адбываюцца ў сучасным свеце, прыводзіць да таго, што сёння толькі той чалавек будзе рэальна сацыяльна абаронены ў жыцці, які атрымаў сучасную якасную адукацыю, — падкрэсліў Сяргей Аляксандравіч. — Асаблівую значнасць для нашых краін у гэты перыяд набывае апераджальны характар развіцця адукацыі, арыентаванасць яе на запыты інфармацыйнага грамадства. У большасці краін адбываецца арыентацыя на адукацыю як на інструмент дасягнення значных для чалавека мэт. Пры гэтым нашы краіны, па сутнасці, вырашаюць падобныя задачы. Размова ідзе перш-наперш аб павышэнні якасці адукацыі, падрыхтоўцы канкурэнтаздольных кадраў, павышэнні прэстыжу прафесіі і сацыяльнага статусу педагога.
Як было адзначана, трэці з’езд прысвечаны глабальнай і актуальнай тэме “Узаемадзеянне нацыянальных адукацыйных сістэм краін СНД як фактар павышэння якасці адукацыі”. Менавіта якасць адукацыі з’яўляецца мэтай і вынікам эфектыўнай дзейнасці, залогам канкурэнтаздольнасці нацыянальных адукацыйных сістэм і іх інтэграцыі. Адным са стратэгічных прыярытэтаў з’яўляецца стварэнне ўмоў для атрымання ўсімі грамадзянамі якаснай адукацыі. Шмат увагі ўдзяляецца развіццю інклюзіўнай адукацыі, таксама дынамічна развіваецца сфера дыстанцыйных адукацыйных паслуг, нацэленая на забеспячэнне роўнага доступу ўсіх жадаючых да атрымання якаснай адукацыі, якая б была канкурэнтаздольнай на міжнародным узроўні. Асаблівая ўвага сёння звяртаецца на тое, каб падрыхтаваць маладое пакаленне да рэальнага жыцця і ўсвядомленага выбару прафесіі. Стратэгічнай мэтай становіцца падрыхтоўка рабочых кадраў на ўзроўні міжнародных стандартаў. Гэтая задача актуальная і для сістэмы вышэйшай адукацыі, якая арыентуецца на максімальную сувязь навучання і вытворчасці, на падрыхтоўку спецыяліста, здольнага адразу пасля атрымання дыплома ўключыцца ў рэальную работу. Гэтыя і іншыя пытанні сталі тэмай для размовы на з’ездзе.
У сваім прывітальным слове У.Г.Гаркун, першы намеснік старшыні выканаўчага камітэта СНД, адзначыў, што ў апошнія гады прыняты шэраг адпаведных нарматыўных прававых актаў, якія забяспечваюць прызнанне дакументаў на тэрыторыі краін СНД аб усіх узроўнях адукацыі. У найбліжэйшай перспектыве плануецца прыняць пагадненне аб прадастаўленні роўных правоў грамадзянам краін Садружнасці для паступлення ў ВНУ і будзе падтрымана ініцыятыва Расійскай Федэрацыі аб аб’яўленні 2016 года Годам адукацыі Садружнасці Незалежных Дзяржаў.
Аб значнасці педагагічных форумаў СНД і аб развіцці нацыянальных сістэм адукацыі расказалі на пленарным пасяджэнні прадстаўнікі ўсіх дэлегацый, якія прыбылі на з’езд.

Рэктар Армянскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта Рубэн Мірзаханян адзначыў, што адукацыйная сістэма Арменіі знаходзіцца сёння ў працэсе рэфармавання. Многія кірункі яе развіцця набылі станоўчую дынаміку. Асабліва істотныя зрухі дасягнуты ў Балонскім працэсе. Невыпадкова сакратарыят гэтай арганізацыі знаходзіцца ў Ерэване, і ў 2015 годзе ў Арменіі адбудзецца канферэнцыя міністраў адукацыі еўрапейскіх краін. Прадстаўнік Арменіі пацвердзіў, што для работнікаў адукацыі краіны ўзаемадзеянне нацыянальных адукацыйных сістэм краін СНД з’яўляецца вельмі важным этапам супрацоўніцтва, і менавіта ў гэтым працэсе можна дасягнуць поспеху як у развіцці нацыянальнай школы, так і ў інтэграцыі з іншымі краінамі.
Есенгазы Імангаліеў, віцэ-міністр адукацыі і навукі Рэспублікі Казахстан, пацвердзіў, што прафесія настаўніка — гэта не проста прафесія, а прызванне, без якога цяжка паказаць высокія вынікі ў выхаванні і навучанні маладога пакалення. У Казахстане вядзецца актыўная работа па ўзняцці статусу педагога-прафесіянала, і гэтая задача пастаўлена на ўзроўні кіраўніка краіны. Сёння сістэма адукацыі Казахстана паспяхова развіваецца. У рамках Дзяржаўнай праграмы развіцця адукацыйнай галіны значнае месца адводзіцца развіццю дзяржаўна-прыватнага партнёрства ў адукацыі, і ў гэтым ужо ёсць свае здабыткі, якімі казахскія калегі гатовы падзяліцца.
А.А.Клімаў, намеснік міністра адукацыі і навукі Расійскай Федэрацыі, назваў з’езд знакавым мерапрыемствам, якое пацвярджае значнасць сістэмы адукацыі і неабходнасць далейшага развіцця адзінай адукацыйнай прасторы краін СНД.
— Асноўным ключавым фактарам эканамічнага развіцця нашых краін з’яўляецца ўзровень чалавечага капіталу, — адзначыў А.А.Клімаў. — І сістэма адукацыі ў гэтым адыгрывае асноўную ролю. Таму ў Расіі развіццю адукацыйнай галіны ўдзяляецца павышаная ўвага.
Прадстаўнік расійскай дэлегацыі паведаміў, што ў сістэме адукацыі Расійскай Федэрацыі адбываецца паэтапнае ўкараненне новых федэральных адукацыйных стандартаў агульнай сярэдняй адукацыі, актуалізацыя прафесійных стандартаў, стандартаў вышэйшай школы. Ужо распрацаваны прафесійны стандарт педагога, што з’яўляецца вельмі важным напрамкам, і гэты вопыт будзе адлюстраваны на з’ездзе.
Міністр адукацыі Беларусі С.А.Маскевіч прадставіў дакладную карціну развіцця сістэмы адукацыі нашай краіны, дэталёва ахарактарызаваў асаблівасці развіцця кожнага яе ўзроўню.
Міністр падкрэсліў важнасць развіцця супрацоўніцтва з краінамі СНД. Спецыялісты адукацыі нашай краіны актыўна абменьваюцца вопытам са сваімі калегамі з краін СНД па пытаннях арганізацыі і аптымізацыі зместу адукацыі, у экспертызе заканадаўчай базы, у алімпіядным руху школьнікаў і студэнтаў.
Як адзначыў Сяргей Аляксандравіч, супрацоўніцтва ў сферы вышэйшай адукацыі з’яўляецца сёння найбольш эфектыўным. У ВНУ Беларусі вучыцца больш за 12 тысяч студэнтаў з краін СНД. У той жа час патэнцыял развіцця супрацоўніцтва ў сферы вышэйшай адукацыі яшчэ ёсць.

Перспектыўнымі кірункамі ў развіцці супрацоўніцтва паміж краінамі можа ста ць павышэнне кваліфікацыі педагагічных работнікаў. Міністр адзначыў, што на працягу 2012—2014 гадоў у РІПА прайшлі павышэнне кваліфікацыі і стажыроўку каля 600 педагагічных работнікаў прафесійнай адукацыі краін СНД. Было прапанавана арганізаваць у тым ліку летнія школы для настаўнікаў-прадметнікаў з краін СНД. Акрамя таго, беларускі бок гатоў прапанаваць свае паслугі ў вырашэнні пытанняў навукова-метадычнага забеспячэння ўзроўняў адукацыі, падзяліцца назапашаным вопытам работы ў сферы прафесійнай падрыхтоўкі кадраў. Можна таксама рэалізаваць сумесны праект з мэтай падтрымкі дзяцей з асаблівасцямі ў развіцці і заснаваць для краін СНД фестываль творчасці для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі. Адной з форм магчымага супрацоўніцтва краін СНД у галіне падрыхтоўкі высокакваліфікаваных спецыялістаў інжынерных прафесій можа стаць мадэль сеткавага каледжа прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, стварэнне якога ініцыіравала наша краіна. Беларусь падтрымлівае і праект “100 ідэй для СНД” і гатова аказаць неабходную дапамогу ў яго рэалізацыі. У якасці базавай арганізацыі на прасторы Садружнасці па рабоце з моладдзю прапанавана вызначыць БДПУ імя Максіма Танка.
У рамках з’езда прайшло абмеркаванне парламентарыяў краін СНД з дэпутатамі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь мадэльнага адукацыйнага кодэкса для краін Садружнасці. Таксама прайшла нарада рэктараў устаноў вышэйшай адукацыі дзяржаў — удзельніц СНД. На з’езде працуюць секцыі па самых розных кірунках развіцця адукацыі. Удзельнікі могуць азнаёміцца з выставай “Адукацыя СНД — супрацоўніцтва без межаў”, дзе на галоўнай экспазіцыі прадстаўлена вучэбна-метадычнае суправаджэнне вучэбнага і выхаваўчага працэсу, арганізаванага ў сістэме адукацыі нашай краіны.

Ала КЛЮЙКО.
Фота Віктара ТАЛОЧКІ, БелТА.