Прызнаны лідар

Наталля ПРАСКУРАВА, старшыня камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама

Камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама ад свайго імя і ад імя педагогаў сталіцы сардэчна віншуе калектыў рэдакцыі з юбілеем!

За 75 гадоў свайго існавання “Настаўнiцкая газета” ўнесла значны ўклад у развіццё адукацыйнай сістэмы нашай краіны і заняла дастойнае месца сярод друкаваных выданняў навукова-метадычнага кірунку.

Вы можаце ганарыцца яркімі старонкамі гісторыі газеты, імёнамі тых, хто стаяў ля вытокаў яе стварэння, хто актыўна ўплываў на фарміраванне адукацыйнай палітыкі нашай краіны, пачынаў лепшыя традыцыі адукацыі Беларусі, забяспечваў далейшае яе развіццё.

Вам уласціва мабільнае рэагаванне на выклікі часу, творчы пошук, запатрабаванасць у прафесійнай грамадскасці.

“Настаўнiцкая газета” — гэта найстарэйшая і вядомая ў краіне газета, якая садзейнічае эфектыўнаму развіццю і павышэнню ўзроўню прафесійных ведаў настаўнікаў, з’яўляючыся для іх настольным выданнем.

Увесь гэты час газета лічыцца прызнаным лідарам сярод перыядычных выданняў для настаўнікаў, метадыстаў і навукоўцаў. Газета заў­сёды падтрымлівае інавацыйныя працэсы, якія адбываюцца ў краіне. Лепшыя настаўнікі Мінска з задавальненнем друкуюцца на старонках “Настаўнiцкай газеты”, а маладыя педагогі з удзячнасцю карыстаюцца іх прафесійнымі распрацоўкамі і метадычнымі парадамі.

Камітэт па адукацыі і педагагічная грамадскасць горада бачаць у газеце надзейнага партнёра і памочніка ў прафесійнай дзейнасці сталічных педагогаў.

“Настаўнiцкая газета” — гэта з’ява ў педагагічным жыцці нашага горада і краіны! А 75 гадоў яе існавання — гэта пацвярджэнне запатрабаванасці і аўтарытэту сярод чытацкай аўдыторыі.

Дзякуй вам за вашу работу і высокі прафесіяналізм!

Віншуем з юбілеем усіх: і ветэранаў, і тых, хто стварае “Настаўнiцкую газету” сёння. Жадаем вам і вашаму калектыву даўгалецця, душэўных сіл, невычарпальнай энергіі, святла і творчага натхнення!

Алена Гарбар, настаўніца біялогіі і хіміі сярэдняй школы № 42 Мінска, настаўнік-метадыст, член клуба “Крыштальны журавель”

Дарагому юбіляру!

75 гадоў. Юбілей. Калі мы збіраемся да сяброў на юбілей, то ўспамінаем пра час, праведзены разам. Думаем, чым жа нам дарагі юбіляр, і ў памяці паўстаюць самыя яркія моманты ў зносінах.

Якое месца ў маім жыцці займае “Настаўніцкая газета”? Наша першае знаёмства адбылося амаль 35 гадоў назад. Упершыню падборку артыкулаў з яе мне прапанаваў заслужаны настаўнік ветэран вайны Мікалай Данілавіч Верас. Ён амаль усё жыццё працаваў у сельскай пачатковай школе, ужо быў даўно на пенсіі, але кожны раз з нецярпеннем чакаў паштальёна з газетамі. У той час я толькі пачынала сваё педагагічнае жыццё. Мы часта з ім абмяркоўвалі школьныя будні. Прачытала і я прапанаваныя артыкулы. Многае было цікава, але яшчэ не знаёма мне. Не маючы практыкі работы з дзецьмі, на жаль, тады я не змагла што-небудзь прымяніць у сваёй рабоце.

Пазней, калі прыйшло разуменне, што настаўніцкая супольнасць — гэта не толькі настаўнікі школы і раёна, дзе я працую, усё часцей стала зазіраць на старонкі газеты. У ёй я шукала адказы на многія педагагічныя пытанні, якія трывожылі мяне як настаўніка, а таксама матэрыялы для сваёй работы як класнага кіраўніка.

Больш за 20 гадоў назад менавіта са старонак газеты даведалася аб правядзенні рэспубліканскай педагагічнай канферэнцыі. Для ўдзелу ў ёй неабходна было напісаць тэзісы аб сваёй педагагічнай практыцы і адправіць заяўку. Падчас удзелу ў адной з іх я пазнаёмілася з таленавітымі педагогамі: работнікамі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Ірынай Віктараўнай Багачовай і Мікалаем Іванавічам Запрудскім, настаўніцай са Смаргоні Ірынай Рамуальдаўнай Клявец. Яны сталі натхняльнікамі ў маёй педагагічнай дзейнасці. У той час газета была маім сябрам, які падкажа, дасць ідэю і пазнаёміць з новымі педагагічнымі напрамкамі. У той час “Настаўніцкая газета” была асноўнай крыніцай педагагічных навін. Пра ўсе перадавыя педагагічныя ідэі, рэспубліканскія мерапрыемствы і пра настаўнікаў-наватараў мы даведваліся са старонак газеты. Сёння, у час лічбавых тэхналогій, можна знайсці любую крыніцу патрэбнай інфармацыі, але я не расстаюся з газетай.

Што для мяне газета сёння? Хутчэй за ўсё, індыкатар. Індыкатар для выбару сучасных адукацыйных тэхналогій і кірункаў, для ацэнкі ўласнай педагагічнай практыкі. А таксама крыніца знаёмства з лепшымі педагогамі краіны.

 І сёння, напярэдадні юбілею, магу прызнацца, што для мяне дарагія старонкі “Настаўніцкай газеты”. Старонка першая (“Адукацыя ў асобах”). Бярэш у рукі газету, а табе адразу ўсміхаецца педагог, які любіць дзяцей і сваю работу. Здаецца, звычайныя, але і незвычайныя людзі — гэта авангард педагагічнай грамадскасці. Гэтая рубрыка з’явілася некалькі гадоў назад. І ў кожным нумары прыцягвае да сябе ўвагу.

Паласа “Клуб “Крыштальны журавель” стала роднай. Кожны месяц на гэтай старонцы я вывучаю вопыт удзельнікаў прафесійнага конкурсу “Настаўнік года”, членаў рэспубліканскага клуба. І радуюся, сустракаючы знаёмыя імёны аўтараў. З вялікай цікавасцю чытаю навіны з рэгіёнаў. Чытаю і параўноўваю з вынікамі ўласнай дзейнасці, з дасягненнямі ўстановы адукацыі, дзе працую. Паласа “Парады псіхолага” дапамагае мне папярэдзіць канфлікты ў рабоце з дзецьмі і бацькамі. У адным з нядаўніх нумароў газеты чытала вельмі карысны матэрыял “Чаму дзіця хлусіць?”. Вось вам і тэма для бацькоўскага сходу. А з гэтай праблемай су­тыкаецца кожны настаўнік. Мне падабаецца, што адра­дзілася старонка для маладых педагогаў. Магчыма, прыжылася б рубрыка для выпускнікоў педагагічных ВНУ і педкласаў як прастора для пробы пяра.

Чытаючы газету, не прапускаю рубрык “Якасць адукацыі” і “Педагагічны вопыт”. Матэрыялы з многіх распрацовак урокаў, метадычных і выхаваўчых мерапрыемстваў бяру на заметку. Думаю, што гэтыя матэрыялы выкарыстоўваюць у сваёй практыцы і іншыя настаўнікі. Як для настаўніка-прадметніка для мяне вельмі каштоўныя раздзелы, прысвечаныя цэнтралізаванаму тэсціраванню. Заўсёды прыношу гэтыя нумары дзецям для прапрацоўкі.

Аглядаючыся назад, разумею, што мне дарагія людзі, якія робяць гэтую газету “настаўніцкай”. Памятаю сваё першае вочнае знаёмства з “Настаўніцкай”, калі працавала ў Гомельскай вобласці. Тады да нас у Рудабелку прыехала карэспандэнт газеты. У яе наступным матэрыяле былі радкі і пра маю педагагічную работу. “Аказваецца, — падумала я, — супрацоўнікам газеты цікавы кожны настаўнік, яго будні і педагагічныя знаходкі. І са старонак газеты на нас глядзяць твары рэальных людзей, для якіх дзеці, іх перамогі і будні сталі галоўным заняткам у жыцці”.

Вельмі дапамагла мне газета ў перыяд падрыхтоўкі да прафесійнага конкурсу “Настаўнік года”. Не толькі як крыніца інфармацыі, а больш як самавучыцель для апісання сваёй педагагічнай дзейнасці і напісання артыкулаў. Чытаючы газету, вучылася выказваць свае думкі, выкарыстоўваць навуковыя тэрміны так, каб было зразумела і маладому настаўніку. У маім станаўленні як аўтара артыкулаў значную ролю ады­гралі выдатныя лю­дзі — супрацоўнікі газеты. Без іх падтрымкі і натхнення не хапіла б смеласці распаўсюджваць свой вопыт на старонках газеты.

Віншую дарагую газету і жадаю ўсім, хто працуе над яе стварэннем, стабільнасці, спадарожнага ветру, здароўя і крэатыўных ідэй!

Дабра і росквіту!
Ісці ў нагу з часам у вашы 75!

Наталля Бушная,
дырэктар гімназіі № 1 імя Ф.Скарыны Мінска, кандыдат педагагічных навук

Любімай газеце — 75! Для чалавека — гэта ўзрост сталасці, мудрасці, час падвя­дзення вынікаў. У вашым жа выпадку, паважаны калектыў “Настаўніцкай газеты”, 75 гадоў — узрост вядомасці, стабільнасці, мэтанакіраванасці. Прафесіяналізм, з якім калектыў падыходзіць да выпуску кожнага нумара, любоў да свайго чытача, увага да лёсу кожнага героя выдання даўно сталі фірменным знакам газеты.

Ці мог тады, у далёкім 1945 годзе, калектыў рэдакцыі “Настаўніцкай газеты” ўявіць, якім будзе лёс іх тварэння? Наўрад ці…

75 гадоў у дыялогу з чытачом — зайздросны для газеты лёс. З моманту свайго заснавання “Настаўніцкая газета” падрабязна расказвала пра перадавыя педагагічныя методыкі і практыкі, галоўныя дасягненні айчыннай адукацыі. Газета не проста стала надзейнай крыніцай інфармацыі для многіх пакаленняў настаўнікаў, але і дазваляла ім абменьвацца вопытам, дзяліцца арыгінальнымі ідэямі. Вельмі важна, што “Настаўніцкая газета” расказвае пра лёсы канкрэтных лю­дзей, іх клопаты і педагагічныя знаходкі, пра сямейныя дынастыі. Таму яе ведаюць і лю­бяць як у нашай краіне, так і за яе межамі. Нямногія прафесійныя выданні могуць саперні­чаць з вамі ў вядомасці. Бо вы — любімая газета!

Сёння, калі наша жыццё напоўнена інфармацыяй, на друкаванае слова ўскладваецца няпростая місія: своечасова інфармаваць аб дзяржаўнай палітыцы ў сферы адукацыі і рабоце з моладдзю, асвятляць этапы развіцця нацыянальнай сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь, інфармаваць чытачоў аб сацыяльна-эканамічнай, грамадска-палітычнай, міжнароднай і іншых сферах дзейнасці, аб зменах у галіне навучання і выхавання, аб падзеях, што адбываюцца, новых тэхналогіях, планах і перспектывах развіцця сістэмы адукацыі.

Захоўваючы вер­насць сваім лепшым традыцыям, “Настаўніцкая газета” актыўна развіваецца ў лічбавай прасторы краіны. Журналісты, рэдактары, дызайнеры газеты знаходзяць арыгінальныя спосабы падачы інфармацыі. На старонках газеты заўсёды ёсць месца матэрыялам пра нацыянальны і замежны вопыт, дзейнасць міжнародных арганізацый у сферы адукацыі, аўтарытэтным меркаванням людзей, якія з’яўляюцца актыўнымі дзеючымі асобамі ў той ці іншай галіне нашага жыцця.

Ваш першы нумар — равеснік Вялікай Перамогі. За 75 гадоў змяніўся знешні выгляд газеты, не раз мянялася творчая каманда “Настаўніцкай”, асвоены электронны фармат, пашырылася кола чытачоў. Але нязменным застаецца адно: газету любяць, яе чакаюць. Яна жыве з намі адным жыццём, думае пра сваіх чытачоў, дорыць усмешкі і смуткуе, узнімае вострыя праблемы і дапамагае знайсці рашэнне складаных задач.

Калектыў гімназіі № 1 Мінска жадае “Настаўніцкай газеце” стваральнай працы. Няхай змест вашай газеты заўсёды будзе цікавым: публікацыі — жыццесцвярджальнымі, інфармацыя — карыснай, інтэрв’ю — актуальнымі. Жадаем, каб ваша праца заўсёды была справядліва ацэнена: чытачамі — удзячнасцю, а калегамі — па заслугах.

Да нашых віншаванняў далучаюцца і навучэнцы гімназіі. Яны вельмі добра разумеюць, наколькі важна ў наш час быць прафесійна інфармаванымі, асабліва настаўнікам, якія нясуць адказнасць за будучыню сваёй краіны, свайго народа, сваёй гісторыі.

Вераніка Матусевіч, навучэнка 10 “А” класа гімназіі № 1 Мінска, з нагоды вашага юбілею напісала верш:

Усім супрацоўнікам газеты — здароўя, шчасця, аптымізму, выдатнага настрою, спраўджаных надзей, цікавай і плённай працы, творчых знаходак, вялікіх дыяпазонаў, шырокага кругагляду, яркіх панарам! Жыві і квітней, наша любімая газета!

“Настаўніцкай газеты” юбілей:
Ўжо 75 гадоў яна нясе асвету
І ззяе з кожным нумарам ярчэй.
Ёй чытачы ўдзячныя за гэта.

Яна пакажа зор сапраўдных нам —
Настаўнікаў з вялікім сэрцам шчырым.
Хто хоча, дапаможа ўсім яна
Нам веды пра настаўніцтва пашырыць.

І будзе хай шчасліва існаваць
У друку і ў чытацкім нашым сэрцы.
І шмат разоў мы будзем віншаваць,
Паваг жадаць “Настаўніцкай газеце”.

Фота Алега ІГНАТОВІЧА.