Прызванне — любіць дзяцей

- 11:14Людзі адукацыі

Прымусіць сябе любіць чужых дзяцей немагчыма, таму ты або любіш іх, або абыякавы да іх. Так лічыць загадчыца дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 6 Магілёва Наталля Каташэнка.

Наталля Міхайлаўна заўсёды хацела працаваць з малымі, таму, скончыўшы МДУ імя А.А.Куляшова, выхавальнікам у дзіцячы сад пайшла з задавальненнем, бо ведала: менавіта гэта яе прафесійны лёс. І не памылілася.
Больш за дзесяць гадоў Наталля Каташэнка працавала выхавальнікам, потым была намеснікам загадчыка. А з 2008 года яна знаходзіцца на пасадзе кіраўніка дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 6.
З моманту адкрыцця ўстановы педагагічны калектыў нястомна займаўся ўдасканаленнем методык ранняга інтэлектуальнага развіцця дзяцей. Узначаліўшы дашкольны цэнтр, Наталля Міхайлаўна ўсімі сіламі імкнулася не толькі захаваць, але і развіць тыя напрацоўкі, што ўжо былі. Ёй удалося аб’яднаць калектыў у згуртаваную каманду аднадумцаў, наладзіць эфектыўнае ўзаемадзеянне ўсіх педагогаў, стварыць ва ўстанове атмасферу творчасці.
Сёння Наталля Каташэнка называе калектыў сваім надзейным тылам. Гэта не дзіўна, бо ўсе выхавальнікі імкнуцца праявіць ініцыятыву і творчасць, укараніць новыя методыкі навучання, убачыць і раскрыць патэнцыял кожнага дзіцяці. Цэнтр перыядычна становіцца эксперыментальнай пляцоўкай па рэалізацыі інавацыйных праектаў. Тут займаліся ўкараненнем мадэлі полікультурнага выхавання дзяцей на аснове сацыяльнага партнёрства дашкольнай установы, сям’і і соцыуму, вывучалі магчымасці павышэння інтэлектуальнай самастойнасці малых.
Калі працуюць плённа, то і вынік адпаведны. Выхаванцы цэнтра — пастаянныя прызёры творчых конкурсаў. Большасць з іх становяцца навучэнцамі гарадской гімназіі № 1.
Цэнтр з’яўляецца прызёрам раённага і гарадскога спаборніцтваў на лепшую арганізацыю адукацыйнай дзейнасці і дасягненне высокіх паказчыкаў у рабоце сярод устаноў дашкольнай адукацыі. Адзначана і праца загадчыцы цэнтра: Наталля Міхайлаўна неаднаразова ўзнагароджвалася ганаровымі граматамі мясцовых выканаўчых улад.
Узнагароды — справа прыемная. Аднак не іх Наталля Каташэнка лічыць самым важным дасягненнем калектыву.
— Мы стараемся штодня напаўняць жыццё дзетак у дашкольным цэнтры шчаслівымі момантамі. І вельмі рады, калі яны з захапленнем ўспамінаюць дні, праведзеныя тут. Былыя выхаванцы ўжо прыводзяць да нас сваіх дзяцей. Такі давер — лепшае прызнанне нашай працы, — адзначыла Наталля Міхайлаўна.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.