Прызванне — педагог

- 9:56Навіны рэгіёнаў

Такую гучную назву атрымаў фестываль педагагічных ідэй, які праходзіў у Гродзенскім абласным інстытуце развіцця адукацыі ў дыстанцыйнай форме і сабраў больш за 300 маладых спецыялістаў.

Сёлетні фестываль — юбілейны, праходзіць дзясяты раз і прысвечаны Году народнага адзінства. Рост прафесійнага майстэрства маладых педагогаў — такую задачу паставілі перад сабой арганізатары, у якасці якіх выступілі галоўнае ўпраўленне адукацыі Гродзенскага абл­выканкама і ГрАІРА. Удзельнікамі фестывалю сталі педагогі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі са стажам работы не больш за 3 гады і студэнты выпускных курсаў педагагічных спецыяльнасцей устаноў вышэйшай адукацыі.

Адкрыццё фестывалю прайшло на платформе ZOOM. Анлайн да трансляцыі падключыліся ўдзельнікі не толькі з Беларусі, але і з Расіі, Казахстана, Малдовы.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў звярнуўся начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Руслан Абрамчык:

— Упэўнены, усе навінкі, майстар-класы фестывалю прынясуць карысць дзецям і кожнаму педагогу, які шукае і знаходзіць новае, умее прымяніць яго ў сваёй прафесійнай дзейнасці. Выдатна, што фестываль устойліва носіць міжнародны характар. У гэтыя няпростыя гады мы асвойваем анлайн-прастору, новыя формы зносін, як і знаходкі ў педагагічнай дзейнасці, якімі хочам дзяліцца адзін з адным. Разам з тым нязменнымі застаюцца цяпло душы, педагагічны такт, уменне маладых спецыялістаў выбудоўваць індывідуальную траекторыю навучэнца і ўласны шлях у павышэнні сваіх кампетэнцый, кваліфікацыі. Вельмі важныя ўзаемадзеянне, дапамога калег, прафесіяналаў у справе асобаснага самаўдасканалення. Выдатна, што фестываль носіць камандны характар. Для таго каб выйсці на гэтую пляцоўку са сваімі работамі, нашы маладыя калегі рыхтуюць камандныя праекты, таму навыкі будаваць узаемадзеянне для дасягнення агульнай мэты ім спатрэбяцца.

Руслан Абрамчык пажадаў удзельнікам плённай працы і заклікаў маладых педагогаў карыстацца любой магчымасцю для павышэння сваёй кваліфікацыі.

— Фестываль — гэта не толькі дэман­страцыя і атрыманне новых ведаў, але і прэзентацыя сябе, — падкрэсліла рэктар Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Святлана Сяргейка. — Наш форум — дзіўная камунікатыўная пляцоўка, дзе любы — і амбіцыйны малады чалавек, і высокакваліфікаваны прафесіянал — можа паказаць сябе. І гэта выдатна. Калі два чалавекі абмяняюцца ідэямі, у кожнага з іх стане па дзве ідэі. А паколькі ў нас 45 майстар-класаў, то кожны атрымае 45 новых ідэй. Яшчэ Леў Талстой казаў, што, калі лёгка вучню, значыць, цяжка было педагогу. І гэта сапраўды так. Калі ў Гродна прыязджаў педагог-наватар Яўген Ільін, мы спыталі, чаму ў яго так лёгка праходзяць урокі, бо ўзнікала адчуванне, што ён гуляе на ўроках. Ён нічога не адказаў, проста зняў пінжак, і мы ўбачылі мокрую спіну пасля звычайнага адкрытага ўрока. Вось гэта сапраўдны прафесіяналізм, калі здаецца, што ўсё адбываецца лёгка, гуляючы, а на самай справе за гэтым стаіць велізарная праца. Таму на фестывалі майстры пакажуць, як яны знаходзяць тыя фішкі, якія дазваляюць ім гэтак жа, нібыта лёгка, праводзіць урокі, розныя адукацыйныя або выхаваўчыя мера­прыемствы.

Хакатон “Фестываль аб’ядноўвае” правяла старшы выкладчык кафедры адукацыйных тэхналогій ГрАІРА Ірына Мекеня. Былі прэзентаваны найбольш крэатыўныя, творчыя матэрыялы ўдзельнікаў хакатона, якія яны павінны былі падрыхтаваць у якасці дамашняга задання. Аргкамітэт атрымаў больш за 70 прэзентацыйных відэа­ролікаў у розных відэакантэнтах і адабраў лепшыя з лепшых. Так, з пляцоўкі форуму ў відэапрэзентацыі пра сябе расказалі маладыя педагогі Ваўкавыскага раёна, сярэдніх школ № 27 Гродна, № 3 Скідзеля, №№ 2 і 10 Слоніма, гімназіі Смаргоні, Круцілавіцкага дзіцячага-сада — сярэдняй школы Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці, а таксама іх калегі з Ульянаўскай вобласці Расіі.

За некалькі дзён фестывалю было праведзена 45 анлайн майстар-класаў, дзе вопытныя калегі прадэманстравалі сваю прафесійную кампетэнтнасць, падзяліліся ідэямі, знаходкамі, педагагічным майстэрствам. Фестываль стаў пляцоўкай для сустрэчы творчых, таленавітых лю­дзей, спалучэння вопыту і маладосці, трансляцыі педагагічных тэхналогій, новых прыёмаў і метадаў, лепшых педагагічных практык. Гэта добрая магчымасць для моладзі на­быць новы вопыт.

Праграма была насычанай і цікавай. Падчас метадычнага чэленджу “Ёсць канэкт” педагагічным вопытам з удзельнікамі фестывалю падзяліліся прадстаўнікі рэспубліканскага і абласнога клубаў “Крыштальны журавель”, а таксама “Дыя­мант-студыі”. Добрыя ўражанні пакінуў удзе­л у фідбэку “Фестываль, які…”, інтэ­лектуальнай гульні “ПедQUIZ”. Адным словам, фестываль не толькі даў магчы­масць набрацца вопыту і карысных ведаў, але і аб’яднаў маладых педагогаў на адной, хоць і дыстанцыйнай пляцоўцы.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота Анжалікі КАЧАН.