Прызванне, што даецца не кожнаму

- 11:51Навіны рэгіёнаў

Хто ён, сучасны малады настаўнік? Чым жыве? Што яго хвалюе? На што спадзяецца і да чаго імкнецца? Партрэт педагога, які пачынае свой працоўны шлях, паспрабавалі стварыць на Міншчыне, а фарбамі для гэтага партрэта сталі творчыя работы конкурсу “Педагагічны старт”.

Спаборніцтва адбывалася на Міншчыне другі раз. Яго арганізатарам выступае Мінская абласная арганізацыя Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі сумесна з упраўленнем адукацыі Мінаблвыканкама. Конкурс праводзіўся завочна. Яго ўдзельнікамі маглі стаць педагогі, чый стаж работы складае не больш за 2 гады. Ім неабходна было даслаць на суд журы ўласна напісаны твор на тэму “Быць педагогам — гэта прызванне, якое дадзена не кожнаму”. Паспрабавалі паразважаць на гэтую тэму 48 маладых настаўнікаў з розных раёнаў вобласці. Кожны канкурсант сам выбіраў жанр — артыкул, замалёўка, эсэ, паэма, апавяданне, гумарэска, басня і іншае. Удзельнікі пісалі пра свой шлях у педагогіку, пра радасці і перашкоды, якія сустрэлі на гэтым шляху, раскрывалі сваё разуменне настаўніцкага прызвання і педагагічнага поспеху.

Ацаніўшы творчы ўзровень, цікавасць і арыгінальнасць падачы матэрыялу, эмацыянальнасць і шчырасць аповеду, журы вызначыла лідараў конкурсу. Усе яны аказаліся настаўнікамі замежнай мовы. Так, лаўрэатамі сталі Вольга Аляксандраўна Лобан, якая працуе ў вілейскай гімназіі № 1 “Логас”, і Вікторыя Уладзіміраўна Ламбоцкая, настаўніца сярэдняй школы № 2 Беразіна. Пераможца конкурсу — Павел Сяргеевіч Буцько, прадстаўнік сярэдняй школы № 4 Жодзіна. У эмацыянальным нарысе “Узаемнае прызнанне” ён шчыра расказаў пра сваё ўступленне ў працоўнае жыццё і погляд на прафесію.

“Для мяне гэта самае галоўнае дасягненне ў жыцці. Я заўсёды марыў атрымаць неабходныя веды, навыкі і стаць бездакорным, а галоўнае, сучасным педагогам. І гэта, спадзяюся, у мяне атрымалася, — так расказвае аб сваім успрыманні настаўніцтва Павел Сяргеевіч. — Ужо з юных гадоў, спрабуючы “навучыць” бацькоў, я іншы раз прасіў дапамогі па ўроках не з-за таго, што не разумеў, а хутчэй для таго, каб яны мімаволі ўспомнілі школьную праграму, расказалі нешта займальнае. І няхай бацькі ставіліся да гэтага несур’ёзна, я штодня чуў фразу, якая і вызначыла маю будучыню: “Ты зможаш стаць добрым настаўнікам”.

Згадаў у нарысе пераможца і свае першыя ўрокі, якія, на яго думку, адразу даюць зразумець, ці на сваім месцы ты знаходзішся.

“Менавіта ў першыя 45 хвілін ты можаш вырашыць: трэба працягваць ці варта спыніцца. Ты адкрываеш дзверы ўсім негатыўным і пазітыўным эмоцыям, якія прымусяць цябе прыняць рашэнне. Нароўні з невялікім хваляваннем я таксама адчуваў гонар за сябе, вялікую адказнасць. Усе негатыўныя эмоцыі проста зніклі праз 2—3 хвіліны пасля пачатку ўрока, і я ў літаральным сэнсе атрымліваў асалоду ад той прыязнай і працаздольнай атмасферы, якая панавала паміж дзецьмі і мной. Прычынай таму сталі не толькі веды, атрыманыя ва УВА, але і вывучэнне неабходнай метадычнай літаратуры, якую праштудзіраваў па ўказанні калег”.

А яшчэ малады педагог зразумеў для сябе, што ж такое педагагічны поспех, і, здаецца, раскрыў яго сакрэт.

“На працягу доўгага часу я старанна працаваў над планамі ўрокаў, спрабуючы зрабіць іх не толькі навучальнымі, але і арыгінальнымі, — піша ў сваім нарысе П.С.Буцько. — Аснова прафесіі выкладчыка — правільнае ўзаемадзеянне з дзецьмі, і я заўсёды кіраваўся гэтым. Пасля кожнага ўрока я выслухоўваў прапановы дзяцей па далейшым удасканаленні навучання. Тое, што атрымалася ў выніку, дапамагло мне адкапаць “педагагічны скарб”. Спрыяльная атмасфера, добразычлівыя зносіны нароўні з прадукцыйнай працай над вучэбным матэрыялам — вось апісанне нашага ўрока простымі словамі. Мы змаглі стварыць нашу школьную сям’ю, у якой кожны прытрымліваецца правіла “адзін за ўсіх і ўсе за аднаго”. Разам з тым я цаню асабістыя дасягненні навучэнцаў, якія яны атрымліваюць у выніку доўгай самастойнай працы. А найбольш важным фактарам з’яўляюцца іх словы: “Мы не будзем спрабаваць, мы будзем рабіць”. Што ж гэта, калі не педагагічны поспех?”

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.